ШТО ДЛЯ МЯНЕ ПЕРШАМАЙ?

ШТО ДЛЯ МЯНЕ ПЕРШАМАЙ?

Першага мая (Дзень працы, Свята працы, Свята вясны і працы, Дзень міжнароднай салідарнасці рабочых) — свята, якое адзначаецца ў многіх краінах свету. Напярэдадні яго апыталі прафсаюзных актывістаў раёна, каб яны паразважалі на тэму, што значыць для іх асабіста Першамай.

Алена АКУЛІЧ:
— У нашай рэспубліцы адзначаецца больш за паўсотні прафесійных святаў. Адно з найбольш паважаных, на маю думку, 1 Мая. Нездарма яно пазначана чырвоным колерам у календары. Гэта цудоўнае веснавое свята кожнага працаўніка, дзень, калі адчуваеш гонар за дасягненні нашага народа. Як працуеш актыўна разам, дасягнеш высокіх вынікаў, зможаш удасканальвацца сам і развіваць сваю дзяржаву. У гэты дзень хочацца пажадаць усім здароўя і міру, поспехаў у справах і пачынаннях.
Любоў КАБЕРНА:
— 1 Мая — дзяржаўнае свята, звязанае з тэмай працы, гісторыя якога сягае ажно ў ХІХ стагоддзе і працягваецца ў нашы дні. Нездарма яго святкавалі і святкуюць ва ўсім свеце. Сёння Першамай страціў свой выразны палітычны характар, але традыцыі правядзення маёвак існуюць і зараз. Нехта ходзіць на дэманстрацыі, іншыя наведваюць святочныя мерапрыемствы, ёсць і тыя, хто адзначае Першамай у коле сям’і і нават на дачах. З часам нараджаюцца і прыжываюцца новыя традыцыі — урачыстыя віншаванні лепшых калектываў і працаўнікоў. На Жабінкаўшчыне сярод работнікаў АПК, гавару гэта з задавальненнем, нямала годных людзей, якія адзначаюць гэты дзень сваёй выдатнай працай.
Вольга КАРПУК:
— Для мяне Міжнародны дзень салідарнасці працоўных, Першамай — гэта свята, якое мы вельмі любілі ў дзяцінстве. Урачыста прыбраныя калоны людзей, добры настрой у родных, блізкіх, сяброў. Сапраўды адчувалася, што на двары свята вясны і чалавечай працы. Лічу, зараз гэта вельмі актуальна. Як бы пафасна тое не гучала, але мы і нашы дзеці павінны паважаць людзей розных спецыяльнасцей і прафесій, бо яны добрасумленна шчыруюць дзеля росквіту нашай Радзімы. 1 Мая нясе з сабою адчуванне міру, стабільнасці і цеплыні чалавечых сэрцаў. Нездарма лозунг яго просты і запамінальны: “Мір! Праца! Май!”
Ніна ГАРУСТОВІЧ:
— Гэта свята вясны, калі абу-джаецца не толькі прырода, але і добры настрой. Звычайна сустракаю яго з сябрамі і бліз-кімі, бо прыемна правесці час у выдатны веснавы дзень, тым больш калі ён афарбаваны ў календары ў святочны чырвоны колер. Першамай застаўся традыцыйным выхадным, які любяць і святкуюць у маёй сям’і.
Алена ФІЛІМАНЮК:
— Першамай — цудоўнае вясенняе свята. Гэты дзень у нашай сям’і напоўнены сонцам, радасцю, шчасцем, прыгажосцю і квеценню. Атмасфера пабуджае лю-дзей жыць і радавацца, любіць і верыць. Для мяне гэта выдатная магчымасць яшчэ адзін дзянёк правесці з роднымі, паколькі сям’я для мяне — сапраўдны сэнс жыцця. Важным з’яўляецца і тое, што ў такі дзень незалежна ад таго, ці адпачываем, ці працуем разам на прысядзібным участку, галоўнае, з якім настроем мы гэта робім. А настрой самы выдатны!
Апытанне правёў Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top