Вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя ў Жабінцы

Вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя ў Жабінцы

Таленавітыя, здольныя, творчыя

Стала добрай традыцыяй у першыя дні новага года на базе сярэдняй школы №3 г.Жабінка праводзіць вучнёўскую навукова-практычную канферэнцыю. Кампетэнтнае журы, якое складалася са спецыялістаў, метадыстаў аддзела адукацыі райвыканкама і настаўнікаў, ацаніла 33 работы. У кожнай з пяці секцый: філалагічнай, гісторыка-краязнаўчай, фізіка-матэматычнай, біёлага-геаграфічнай і замежных моў былі вызначаны свае пераможцы, якія будуць абараняць гонар раёна на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.

Якія тэмы былі выбраны вучнямі для даследаванняў? Што іх зацікавіла і чаму?

Пераможцамі ў філалагічных даследаваннях названы Вольга Сідарэвіч — дзесяцікласніца Ленінскай сярэдняй школы і Настасся Макарэвіч — выпускніца трэцяй гарадской школы. Яны атрымалі дыпломы І ступені. Вольга сваю работу прысвяціла дыялектнай мове в.Ёжыкі, на якой размаўляюць яе бацькі, аднавяскоўцы, бо лічыць яе блізкай і роднай з дзяцінства. Настасся змагла раскрыць сакрэт уздзеяння паэзіі на чалавека праз аналіз твораў Уладзіміра Маякоўскага і Сяргея Ясеніна. Удзельнікі гісторыка-краязнаўчай секцыі паказалі, што цікавяцца гісторыяй, традыцыямі сваёй малой радзімы — Жабінкаўшчыны. Так, уладальніцы дыпломаў І ступені сямікласніца першай гарадской школы Юлія Галоўчык у сваёй рабоце ахарактарызавала і прапанавала народны строй Жабінкаўшчыны, а дзесяцікласніцы той жа школы — Настасся Новікава, Марына Падлесская і Кашталян Надзея зацікавіліся драўляным архітэктурным дэкорам свайго горада.

Пры правядзенні даследаванняў пераможцы фізіка-матэматычнай секцыі сямікласнік першай гарадской школы Валянцін Панасюк прыйшоў да высновы, што камп’ютарныя гульні не такія ўжо і бяспечныя, а шасцікласніца другой гарадской школы Карына Шпілько зрабіла аналіз уплыву капм’ютарных гульняў на здароўе сваіх аднакласнікаў.

Пераможца біёлага-геаграфічнай секцыі вучаніца 10 класа Крыўлянскай сярэдняй школы Таццяна Сарока зацікавілася такой біялагічнай асаблівасцю чалавека, як артэрыяльны ціск. Пад час даследаванняў Таццяна пераканалася, што павышэнне або паніжэнне яго залежыць ад многіх фактараў і дала свае рэкамендацыі, як заставацца здаровым.

Вучаніцы 11 класа ліцэя Маргарыта Макарэвіч і Ганна Мяснікова, пераможцы секцыі замежных моў, у сваёй даследчай працы “Дзве краіны і два ўніверсітэты” параўналі галоўную ВНУ нашай краіны — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Оксфардскі ўніверсітэт Вялікабрытаніі. Параўноўваліся гісторыя ўтварэння, колькасць студэнтаў і выкладчыкаў, умовы паступлення, і інш.

Паводле вынікаў навукова-практычнай канферэнцыі 6 дыпломаў у СШ №1 г.Жабінка”, па 3 — у другой гарадской школы і ліцэя, па два — у трэцяй гарадской і Ленінскай адзінаццацігодках.

Безумоўна, даследчая дзейнасць дазваляе развіваць інтэлектуальныя, творчыя здольнасці вучняў, дапамагае папоўніць скарбонку іх ведаў. А яшчэ, дае магчымасць выявіць таленавітых, зацікаўленых, творчых дзяцей, з якімі цікава і якія не даюць сумаваць сваім настаўнікам.

Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top