ДАТА Ў ГІСТОРЫІ НЕ ЗАБЫВАЙ ПРА ЧОРНЫ БОЛЬ

ДАТА Ў ГІСТОРЫІ НЕ ЗАБЫВАЙ ПРА ЧОРНЫ БОЛЬ

26 красавіка 1986 года ўвайшло ў чалавечую гісторыю чорнай датай. Рана, пакінутая самай значнай тэхнагеннай катастрофай 36 гадоў назад, дасюль не загаілася, бо закранула вельмі многія чалавечыя лёсы ў Беларусі і суседніх краінах.

На шчасце, Жабінка і наваколлі не трапілі ў зону адчужэння, але не засталіся ўбаку ад агульнай бяды, калі прынялі сотні сем’яў з іншых рэгіёнаў, якія непасрэдна пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.
Выбух адбыўся на чацвёртым энергаблоку ў ноч на 26 красавіка 1986 года. “Мірны атам”, які павінен быў служыць на карысць чалавеку, стаў крыніцай бяды, якая на вякі пакінула свае сляды на землях Беларусі, Украіны, Расіі.
Чарнобыльская аварыя стала найвялікшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва.
У выніку тэрыторыя на дзясяткі кіламетраў вакол Чарнобыльскай АЭС была забру-
джана радыенуклідамі звыш дапушчальных значэнняў. З сельскагаспадарчага абароту было выведзена каля пяці мільёнаў гектараў зямель, вакол Чарнобыля была створана 30-кіламетровая зона адчужэння, знішчаны сотні дробных населеных пунктаў.
Для нашай рэспублікі наступствы Чарнобыльскай аварыі аказаліся найбольш цяжкімі. На Беларусі выпала 70 працэнтаў усяго радыеактыўнага забруджвання. Амаль кожны чацвёрты беларус апынуўся на землях з павышаным узроўнем забруджання цэзіем-137. Найбольш сваім крылом Чарнобыль зачапіў Гомельскую, Магілёўскую і Брэсцкую вобласці. На Брэстчыне найбольш папакутавалі жыхары Драгічынскага і Лунінецкага, Пінскага і Столінскага раёнаў.
Страты Беларусі ад аварыі склалі паводле падлікаў спецыялістаў астранамічную лічбу ў 235 мільярдаў долараў ЗША. З усіх галін беларускай эканомікі найбольш пацярпела сельская гаспадарка. 1866 тысяч гектараў сельскагаспадарчых зямель падвергліся радыеактыўнаму забруджванню. У выніку з сельскагаспадарчага абароту давялося вывесці 264 тысячы гектараў зямель, сваё існаванне спынілі больш за паўсотні калгасаў і саўгасаў.
Аднак якімі грашыма можна было вымераць чалавечае гора, пакуты ад таго, што давялося пакідаць родныя мясціны, перасяляцца ў іншыя землі, пачынаць жыць спачатку, з белага ліста?.. Неаднойчы даводзілася сустракацца і пісаць пра жыхароў Жабінкаўшчыны, якія прыехалі з забруджаных зон і знайшлі тут сваю другую радзіму. Наша зямля сустрэла іх ветліва, прыняла чужы боль, як свой.
Толькі і праз дзесяцігоддзі ў кожнага з перасяленцаў у глыбіні душы жыве шчымлівая памяць пра зямлю, якая падаравала жыццё, але аднойчы не па іх волі стала недасягальнай для вяртання.
Толькі раз у год, калі стае сіл, яны прыязджаюць у родны кут, каб пакланіцца магілам продкаў і прыгадаць той чорны чарнобыльскі дзень…
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top