Вуліца ДЗМІТРУКА, або Кароткае і яркае жыццё

Вуліца ДЗМІТРУКА, або Кароткае і яркае жыццё

Сярод жабінкаўцаў, чые імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц, пачэснае месца займае Аляксей Дзмітрук, які змагаўся за родную зямлю і ў польскія часы, і ў гады вайны. Сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння чалавека, якога здаўна называюць на Жабінкаўшчыне легендарным.

Яго малая радзіма — вёска Сцяброва, якая пяць гадоў таму ўключана ў гарадскія межы. Дасюль каля ўваходу ў будынак міліцыі захоўваецца мемарыяльная дошка, на якім можна пабачыць імя Аляксея Данілавіча ДЗМІТРУКА [1907–1942], а на гарадскіх могілках — яго пахаванне, за якім наглядаюць праваахоўнікі — нашчадкі славутых традыцый, закладзеных Дзмітруком і яго таварышамі.
Аляксей Данілавіч пражыў кароткае, але яркае жыццё. Ён нарадзіўся 24 красавіка 1907 года. З юнацтва, працуючы на чыгунцы, актыўна ўключыўся ў барацьбу за ўз’яднанне нашых земляў з Беларускай ССР. Дзмітруку не было яшчэ і дваццаці, калі ён узначаліў Жабінкаўскі падпольны райкам Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, а пазней стаў сакратаром ячэйкі КПЗБ у родным Сцяброве. За гэту дзейнасць Аляксея Дзмітрука неаднойчы арыштоўвала польская паліцыя.
Яго імя нездарма ўнесена ў Кнігу народнай славы Жабінкаўскага РАУС. Бо менавіта Дзмітруку было су-джана восенню 1939 года ўзначаліць атрад народнай самаабароны ў тагачасным мястэчку, а пасля стварэння раённага аддзела міліцыі стаць оперупаўнаважаным. Аляксей Данілавіч быў абраны дэлегатам на Народны сход Заходняй Беларусі ў Беластоку і стаў адным з тых, хто прагаласаваў за аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі ў адзіную дзяржаву.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрук актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць акупантаў, з канца сорак першага года ўзначальваў антыфашысцкі камітэт у Жабінкаўскім раёне, быў партызанам Старасельскага партызанскага атрада, названага пазней імем Чарнака.
Аляксей Дзмітрук загінуў 23 жніўня 1942 года пры выкананні баявога задання па дарозе з Багуславічаў у Залуззе. Адважны партызан і падпольшчык пахаваны на старых гарадскіх могілках, размешчаных на вуліцы Міру ў Жабінцы.
Жыццё і гераічная смерць Аляксея Данілавіча не былі забытыя землякамі. У 1968 годзе на карце тагачаснага гарадскога пасёлка Жабінка з’явілася вуліца імя Дзмітрука. Яна і сёння месціцца, вобразна кажучы, у самым сэрцы райцэнтра, працягнуўшыся на 282 метры. Прычым зусім недалёка ад вуліцы, названай у гонар адважнага падпольшчыка і партызана, можна прайсціся і па вуліцах Лідзіі Базанавай і Івана Філіпука — паплечнікаў гераічнага сцяброўца, якія таксама загінулі ў барацьбе з ворагам.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top