90-гадовы юбіляр з Ракітніцы Іван Рыгоравіч Чэрнікаў.

90-гадовы юбіляр з Ракітніцы Іван Рыгоравіч Чэрнікаў.

Яго гады — яго багацце

У Ракітніцы на стары новы год было людна ў хаце Івана Рыгоравіча Чэрнікава. Да ветэрана завіталі шматлікія госці, каб павіншаваць з вельмі паважанай датай — 90-ым днём нараджэння.

Спевы землякоў з мастацкага калектыву “Вярбічанька”, якім кіруе Уладзімір Літвінчук, краналі юбіляра за душу і сэрца. Слухаючы вясёлыя прыпеўкі “Ой, вярніцеся, гады, хоць да мяне ў госці”, было бачна, як узрушаны Іван Рыгоравіч гэтай сустрэчай. Прыгадаў часы, што мінулі, нават слёз не стрымаў, калі падышлі з віншаваннямі і падарункамі навучэнцы Ракітніцкай адзінаццацігодкі. Ад імя аднавяскоўцаў цёплыя і шчырыя словы паважанаму чалавеку прамовіла старшыня сельвыканкама Вера Мікалаеўна Міклашэвіч.

Ён жыве на вуліцы Настаўніцкая. І гэта ў нечым сімвалічна: амаль чвэрць стагоддзя пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута юбіляр адпрацаваў у школе, выкладаў фізіку і матэматыку.

— Мы з Іванам Рыгоравічам калегі-настаўнікі, ведаем адзін аднаго вось ўжо 60 гадоў, — гаварыў старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Міхайлавіч Шышчыц. — Некалі абодва былі дырэктарамі школ: ён у Франопалі (калісьці гэтая вёска была ў складзе Жабінкаўшчыны, зараз у Брэсцкім раёне), а я ў Вялікіх Якаўчыцах.

За плённую працу на настаўніцкай ніве юбіляра чакалі падарункі і кветкі ад аддзела адукацыі райвыканкама. Цёплыя словы ў ягоны гонар гаварыла старшыня раённага камітэта прафсаюза адукацыі і навукі Наталля Мікалаеўна Урбан.

Ветэран і сёння жаданы госць у вучнёўскіх класах. Старажылу ёсць чым падзяліцца з маладымі. На сустрэчах ён расказвае пра вайну, на якой быў разведчыкам. Адтуль, з вогненай пары, вярнуўся дамоў параненым, з мядалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Кёнігсберга” на грудзях. Калі ў Рагозне арганізаваўся калгас “Маладая гвардыя”, стаяў ля яго вытокаў, нейкі час быў сакратаром парткама гаспадаркі, амаль дзесяцігоддзе адпрацаваў эканамістам на электрамеханічным заводзе ў Брэсце, дзе быў у пашане.

— Гэтак у надзёнай працы праляцелі мае гады, назбіралася іх ужо багата, — прамовіў расчулены юбіляр, — дзякаваць Богу, сустракаю гэты дзень на сваіх нагах.

А Васіль Міхайлавіч прыгадаў: нядаўна на самым высокім узроўні прынята пастанова ў 2015-ым шырока адсвяткаваць у краінах СНД 70-годдзе Вялікай Перамогі, і жартаўліва дадаў:

— А яшчэ прынята рашэнне для ветэранаў: “Дажыць да юбілея Перамогі!”

Анатоль РОСТАЎ.

На здымку: 90-гадовы юбіляр, жыхар в.Ракітніца Іван Рыгоравіч Чэрнікаў.

Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*