Гатовыя да любога выкліку

Гатовыя да любога выкліку

Мець работніка, які любіць сваю справу і пры выкананні яе не лічыцца з часам, марыць любая арганізацыя. Для выратавальнага падраздзялення — гэта двойчы каштоўна. Асабліва, калі гэты чалавек са стажам. Чаму? Любога можна навучыць тэхналогіям выратавання, папаўняць свае прафесійныя веды, але, калі няма жадання і гатоўнасці ў любую хвіліну дапамагчы пацярпеламу, — і гэтыя вартасці могуць страціць усялякі сэнс.

Выратавальнікаў-пажарных выклікаюць на дапамогу не толькі ў выпадку загарання, але і пры любой іншай надзвычайнай сітуацыі. Чалавек, які набірае нумар “101”, упэўнены, што яму акажуць дапамогу, нават калі здарэнне не зусім звычайнае ці кур’ёзнае. А выратавальнікі на практыцы даказваюць, што гатовыя да любых выклікаў.

Каб пазнаёміцца з работай пажарных-выратавальнікаў, іх працоўнымі буднямі, тэхнікай і арганізацыяй быту, далёка не трэба хадзіць. Можна проста завітаць на пажарныя аварыйна-выратавальныя пасты, што знаходзяцца ў вёсках Сцяпанкі і Азяты.

Сваю службу ў сістэме Міністэрства надзвычайных сітуацый Аляксандр Міхайлавіч Зінкевіч пачынаў з камандзіра аддзялення ў далёкім 1995-ым. Ішлі гады, у працоўных буднях набываўся вопыт і практычныя навыкі. Пажарны аварыйна-выратавальны пост №11 Азятаў ён узначаліў у жніўні 2012 года. Ускладзеная на яго адказнасць умацавала ў ім жаданне яшчэ актыўней дапамагаць людзям і дабівацца выніковасці ў пажарнай бяспецы. Дарэчы, рэпутацыя сумленнага чалавека за ім замацавалася даўно. Трэба на дзяжурстве каго-небудзь падмяніць — няма пытанняў, нехта просіць дапамагчы — просьба ў паветры не завісне. Стан матэрыяльна-тэхнічнай базы — пытанне, якое ніколі не здымаецца ім з парадку дня. То дах на будынку паста трэба адрамантаваць, то запчасткі для аўтамабіля знайсці, то дапамогу сельскагаспадарчай тэхніцы арганізаваць. І Аляксандр Міхайлавіч усё рашае на месцы — пры падтрымцы мясцовых органаў улады, гаспадарак і сіламі асабовага саставу. Яго сумленная праца адзначана медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені, які восенню ён атрымаў з рук міністра надзвычайных сітуацый Беларусі Уладзіміра Аляксандравіча Вашчанкі.

Іван Фёдаравіч Ганчук — малады, перспектыўны работнік. У калектыў пажарных-выратавальнікаў ён прыйшоў у 2004 годзе. Ніколі не хаваецца за спіны калегаў пад час надзвычайных сітуацый, смела ўступае ў барацьбу з вогненнай стыхіяй. Яго адносіны да справы адразу ж былі заўважаны кіраўніцтвам райаддзела, таму ў 2009 годзе яму прапанавалі пасаду начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 в.Сцяпанкі.

Пасады, на якіх яны працуюць, патрабуюць быць нават псіхолагам, таму што трэба ўмець знаходзіць падыходы да калегаў, мясцовых службаў, карэктна і зразумела характарызаваць праблемы, смела глядзець наперад, думаць па-сучаснаму. Напрыклад, аднаму кіраўніку дастаткова зрабіць папярэджанне, іншаму ж адразу трэба выпісваць штраф. Калі такое не зрабіць, то на прадпрыемстве не пазбегнуць сур’ёзных праблем з пажарнай бяспекай.

Наш раён не такі ўжо і вялікі, але дапамога работнікаў пастоў у падтрыманні бяспекі ў вёсках, у папярэджанні пажараў, навучанні сельскіх жыхароў правілам пажарнай бяспекі незаменная. Іван Фёдаравіч Ганчук — адзін з тых, хто эфектыўна арганізоўвае гэтую працу. Ёсць у яго яшчэ адзін абавязак, звязаны з прафесійным ростам. Іван сумяшчае вучобу ў Гомельскім інжынерным інстытуце са сваёй працай, якую выконвае сумленна. Яго дэвіз, як і іншых, “Важныя вернасць да некалі выбранай прафесіі, адказнасць і мужнасць! Толькі тады можна справіцца з любой надзвычайнай сітуацыяй — і пажар патушыць, і чалавека выратаваць”.

І ўсё ж, нягледзячы на прафесіяналізм, сучасную тэхніку і мужнасць нашых выратавальнікаў, мы заўсёды ім жадаем “сухіх рукавоў”.

Алег БУТРЫМ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top