АЗЯЦКІ. Сёння спаўняецца 155 гадоў з часу значнай падзеі ў гісторыі Азят і наваколляў. 20 красавіка 1867 года адбыўся заклад новай драўлянай царквы ў імя свяціцеля Міколы Цудатворцы. Гэта ўжо трэці па ліку, пачынаючы з XVI стагоддзя, Дом Божы ў Азятах, які існуе і зараз. Яго заклад здзейснілі тагачасныя Чаравачыцкі і Кобрынскі дабрачынныя Антоній КАТОВІЧ і Леў ПАШКЕВІЧ разам з азяцкім настаяцелем Адамам ЛЕХАЧЭЎСКІМ і чатырма суседнімі святарамі ў прысутнасці кіраўніцтва Кобрынскага павета і шматлікіх прыхаджан. У аснову будынка быў пакладзены краевугольны камень, у асобны цагляны падвал умуравалі медную дошку з урачыстай весткай пра падзею, а на пергаменце, укладзеным у бутэльку, налітую алеем, закаркаваную і замацаваную царкоўнай пячаткаю, паклалі ліст з уласнаручнымі подпісамі ўсіх святароў. Будаўніцтва працягвалася тры гады, матэрыялы са старога храма пазней выкарысталі для ўзвядзення яшчэ адной царквы на старасельскіх могілках.

КРЫЎЛЯНСКІ. Чарговы выязны прыём грамадзян 12 красавіка правяла ў сельсавеце натарыус Алеся БУДЗЬКО. На сустрэчу са спецыялістам завіталі чацвёра жыхароў Крыўлян і Вежак. Аднаго з вяскоўцаў цікавілі правілы афармлення даверанасці на карыстанне маёмасцю, другі хацеў аформіць спадчыну, якая засталася пасля памерлага сына. Падобныя кампетэнтныя тлумачэнні грамадзяне атрымалі ад Алесі Георгіеўны і па іншых натарыяльных пытаннях. Па словах старшыні сельвыканкама Анатоля МАРЧУКА, такія сустрэчы надзвычай патрэбны людзям, якія жадаюць не толькі атрымліваць інфармацыю з першых вуснаў, але й вырашаць свае жыццёвыя праблемы на месцы, не марнуючы час на паездку ў райцэнтр.

ЛЕНІНСКІ і РАКІТНІЦКІ. Як ужо пісала “Сельская праўда”, нядаўна ладзіўся 43-ці раённы злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, дзе ўдала выступілі каманды Ленінскай і Ракітніцкай СШ. У родных школах шчыра віншавалі “сярэбраных” і “бронзавых” сяброў Дзяржаўтаінспекцыі. Другое каманднае месца прынеслі ў скарбонку поспехаў, якую папаўняюць сваімі ведамі і навыкамі, ленінцы Паліна ІГНАЦЮК і Дар’я КАЛЬКО, Ясенія ЛОСЬ і Антон КРЭЙДЗІЧ, Багдан КУЛІНІЧ, Назар МІХАЛЬЧУК і Мікіта ЛУГАЎСКІ. З прыемнасцю называем імёны і юных ракітчукоў, якія сталі трэцімі: Аня БАРЭЦКАЯ і Васіль ДРАНЕЦ, Ягор ШАМАЙЛА і Ганна ВЫРВА, Марына КРАЧКО і Уладзіслаў ЛУКАШЫК, Мікіта ПІЎНЮК і Соф’я САХАРЧУК. Віншуем і жадаем ім поспехаў у вучобе, конкурсах і ў хуткім прыемным летнім адпачынку!

СЦЯПАНКАЎСКІ. У Год гістарычнай памяці актывізавалася работа музейшчыкаў, якія захоўваюць памяць пра мінулае. Як паведаміла дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах Святлана ЦАРУК, найбольшую цікавасць выклікае апошнім часам выстава “Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Яе наведалі ўжо каля чатырохсот чалавек — членаў прафсаюзаў адукацыі і навукі, культуры і інфармацыі, АПК ды інш. З дапамогай музейшчыкаў пашыраюць свае веды школьнікі, бібліятэкары, клубныя работнікі, завадчане.

ХМЕЛЕЎСКІ. У нядзелю, 17 красавіка, адзначаўся Дзень ушаноўвання ветэранаў арганізацый і падраздзяленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як паведаміла спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Любоў ВАЙТОВІЧ, напярэдадні сельсавет пад кіраўніцтвам намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС Алега МІХАЛЬЧУКА наведалі каля 30 ветэранаў і сённяшніх выратавальнікаў з розных раёнаў Брэстчыны. Першым запамінальным месцам сустрэчы стаў для іх Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр у Хмелеве. Тут адбылася ўрачыстая царкоўная служба ў памяць агняборцаў, якія загінулі ў розныя часы, выконваючы свае абавязкі, ратуючы чалавечыя жыцці і маёмасць. Запамінальнай і надзвычай кранальнай была таксама размова з настаяцелем манастыра айцом Серафімам. Затым удзельнікі мерапрыемства пераехалі ў суседні Сцяпанкаўскі сельсавет, дзе наведалі мемарыяльны комплекс “Драмлёва”.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top