Будзем разам на “зялёных маршрутах”!

Будзем разам на “зялёных маршрутах”!

Напрыканцы 2012 года адбыўся рэгіянальны трэнінг у падрыхтоўцы заявак на конкурс турыстычных дэстынацый. Новае для нас слова “дэстынацыя” мае на ўвазе адпаведную тэрыторыю, прывабную для наведвання турыстамі як айчыннымі, так і замежнымі. Трэнінг праводзіўся ў рамках праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, што рэалізуецца ААН.

Наш раён унікальны ў турыстычных адносінах. Нават назва горада Жабінка можа стаць цікавым непаўторным брэндам. Нездарма каманда жабінкаўскіх краязнаўцаў вярнулася з абласной алімпіяды з дыпломам за прэзентацыю сваёй малой радзімы. Крупчыцкае поле, раённы гісторыка-краязнаўчы музей у Малых Сяхновічах, месцы, знітаваныя з імем легендарнага Т.Касцюшкі, — знакавыя аб’екты, вядомыя нават за мяжой.

Асаблівасцю раёна сталі маршруты, якімі карыстаюцца турысты. Яшчэ гадоў дваццаць таму яны называліся маркіраванымі, праходзілі па гарах Каўказа і Карпатаў, а на Жабінкаўшчыне — па старадаўнім шляху “З варагаў у грэкі”. Падобныя маршруты вельмі папулярныя ў Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы, дзе завуцца “грынвэямі” (“зялёнымі шляхамі”).

Адзін з першых “зялёных маршрутаў” на Беларусі праходзіць у Жабінкаўскім раёне. Замежнікі на веласіпедах мінаюць мяжу ў Белавежскай пушчы, маюць начлег у аграсядзібах Камянецкага і Брэсцкага раёнаў, час ад часу спыняюцца ў Здзітаве — на сядзібе “Рачная”. І нярэдка, калі ацэняць турыстычныя мажлівасці Жабінкаўшчыны, змяняюць свае графікі руху па Беларусі, каб завітаць на месца Крупчыцкай бітвы 1794 года, да Залуззеўскага шлюза, у іншыя прыгожыя і цікавыя мясціны.

Надзвычай важна, што “зялёнымі маршрутамі” карыстаюцца школьнікі раёна і моладзь з іншых рэгіёнаў краіны. На канікулах групы з палатачных турыстычных летнікаў на лодках-каяках і байдарках спускаюцца па рацэ ад Здзітава да Брэста і Кобрына, а на веласіпедах падарожнічаюць ляснымі, палявымі сцяжынамі ў наваколлях і далей — да замкаў Беларусі. Студэнты сталічных навучальных устаноў — нярэдкія госці ў Жабінцы, паўз якую праходзяць на турыстычным караблі Мухаўцам у накірунку да Заходняга Буга.

Пра гэтыя і іншыя моманты не аднойчы згадвалася на трэнінгу. Галоўны акцэнт, пастаўлены на ім: турызм павінен узняцца на больш высокую прыступку, а дзеля гэтага неабходна ўдзесяцярыць агульныя намаганні, каб годна паказаць Жабінкаўшчыну — новую турыстычную дэстынацыю — на міжнародным узроўні. Ранейшы вопыт трэба памнажаць, браць на ўзбраенне, але нараджаць новыя арыгінальныя ідэі, здольныя, бы ў люстэрку, паказаць раён у найлепшым, прывабным свеце.

Калі нехта мае такія ідэі, гарыць жаданнем прынесці карысць роднаму краю — звяртайцеся ў рэдакцыю газеты “Сельская праўда” альбо па тэлефоне 824-79-65 (МТС).

Будзем разам на “зялёных маршрутах” Радзімы!

Генадзь ТУРЫЦЫН, дырэктар Жабінкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі.

На здымках: і зімой, і летам можа быць прыемным адпачынак на сядзібе “Рачная”.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top