Шчырая размова

Шчырая размова

15 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У ёй прынялі ўдзел больш як 350 журналістаў з 285 СМІ. Звыш 60 пытанняў. Пяць гадзін «жывой» размовы. Ужо гэтыя лічбы даюць поўнае ўяўленне аб мерапрыемстве, якое прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы. Вось некаторыя вытрымкі, якія мы прапануем чытачам.

Аб стабілізацыі эканамічнай сітуацыі

Галоўным дасягненнем 2012 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў стабілізацыю эканамічнай сітуацыі ў краіне.

«Мяне больш за ўсё хвалявалі наступствы фінансавай неразбярыхі, выкліканыя ўступленнем у АЭП, іншымі пытаннямі, і для мяне было важна стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў краіне, таму я не напіраў на нейкія валавыя паказчыкі. Для мяне было важна гэта, і мы гэта вырашылі. Больш таго, мы прыкладна да $8,2 млрд. нарасцілі золатавалютныя рэзервы, атрымалі бездэфіцытны бюджэт, нават быў невялікі прафіцыт, прафінансавалі ўсе мерапрыемствы, якія запланавалі (нават крыху больш). Словам, стабілізаваліся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь можа забяспечыць усё неабходнае для народа: стабільнасць, прадказальнасць, спакой у краіне. Прэзідэнт падкрэсліў, што апакаліпсічныя прагнозы не спраўдзіліся. Беларусь перажыла «канец свету», у пачатку года не адбылося абвалу нацыянальнай валюты, як прадказвалі, — правакацыйныя смс-паведамленні не спраўдзіліся. Эканоміка не выйшла за межы прагнозных паказчыкаў, у тым ліку па інфляцыі, зроблены зачын на 2013 год.

Пры гэтым кіраўнік краіны звярнуў увагу на пазіцыю некаторых беларускіх СМІ адносна сітуацыі ў эканоміцы. У прыватнасці ён прывёў у прыклад экспарт разбавіцеляў і растваральнікаў, калі асобныя сродкі масавай інфармацыі рабілі намёк на прыняцце карных мераў адносна Беларусі з боку Расіі.

Аб адказнасці за існуючыя ў краіне праблемы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызнае, што нясе адказнасць за існуючыя ў краіне праблемы.

«Каюся за тыя праблемы, якія сёння існуюць у нашай краіне, — сказаў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на адрасаванае яму пытанне на адным з інтэрнэт-рэсурсаў. — Каюся, калі гэтаму чалавеку лягчэй».

«Нават калі б я не пакаяўся, я ўсё роўна першая асоба ў дзяржаве, кіраўнік дзяржавы па Канстытуцыі, і хачу я гэтага ці не, але я нясу адказнасць за тыя праблемы, якія сёння існуюць у нашай краіне», — адзначыў Прэзідэнт.

Аб даходах насельніцтва

У Беларусі забяспечаны эканамічны рост і павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва.

Як адзначыў Прэзідэнт, крыху больш за год таму на аналагічнай прэс-канферэнцыі вялася размова аб будучым Беларусі, журналісты задавалі розныя, у тым ліку вострыя, пытанні. «Я называў умовы, пры якіх мы зможам забяспечыць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у Беларусі, захаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Лёгкага жыцця, калі памятаеце, не абяцаў, але і змрочнымі перспектывамі таксама не запужваў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мінуў 2012 год. Сёння мы ўжо можам рабіць нейкія вывады, што ж са сказанага збылося, а што (па тых ці іншых прычынах) не».

«Тады я выказаў упэўненасць, што ў цэлым мы з новымі выклікамі часу справімся. І цяпер канстатую, што гэта так і адбылося. Гэта рэальны факт. Мы дабіліся няхай невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, часта нас крытыкуюць за нізкія тэмпы росту ВУП. «Гэта правільна, але гэта вельмі спецыфічны паказчык, і калі я з урада пачынаю патрабаваць тлумачэнняў, яны, павінен прызнаць, вельмі аргументавана мне паказваюць, што галоўнае ў эканоміцы — гэта такія напрамкі, як сельская гаспадарка, прамысловасць. А яны ж выраслі нават вышэй за запланаваныя паказчыкі», — адзначыў беларускі лідар.

«Мы спрацавалі ў цэлым па году лепш, чым у мінулым годзе, і дасягнулі сур’ёзных якасных зрухаў. Што асабліва важна — нарасцілі экспарт, атрымалі дадатнае знешнегандлёвае сальда, практычна ўпершыню ў такім аб’ёме за ўсю нашу гісторыю. Нават нягледзячы на тое, што сусветная кан’юнктура цэн была не нам на карысць», — канстатаваў Прэзідэнт.

Пры гэтым ён адзначыў, што многія, у тым ліку журналісты, тады крытыкавалі Прэзідэнта, сцвярджаючы, што эканоміка не зможа пацягнуць гэту задачу. «Але ж змагла!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Памятаю, якія змрочныя карціны будучага малявалі некаторыя «знатакі-аналітыкі». Я вам раю ад гэтых аракулаў трымацца далей, таму што ў іх зусім іншыя мэты: не інфармаваць насельніцтва, а, займаючыся бруднай палітыкай, запалохваць яго, як гэта, дарэчы, было зусім нядаўна з боку асобных нашых «спадароў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы цяпер разбіраемся з гэтым пытаннем, калі спрабавалі дэстабілізаваць у пачатку года курс нацыянальнай валюты. Дзякуй богу, што раскусілі іх хутка, і нічога ў іх не атрымалася».

Аб увядзенні дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ўвядзенне ў Беларусі дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію.

«Пэўную колькасць электрычнасці расходуеш — плаці па адной цане, расходуеш больш — плаці больш», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Ну чаму вы, у каго маленькі халадзільнічак стаіць у кутку на кухні і расходуе зусім мала энергіі, павінны быць пастаўлены ў роўныя ўмовы з тымі, у каго тры халадзільнікі і адзін маразільнік?» – выказаў здзіўленне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння насельніцтва ў Беларусі аплачвае каля 20 працэнтаў за паслугі ЖКГ. «Калі б кілават у гадзіну каштаваў $100, і вы плацілі $100 пры цяперашняй сітуацыі, можна было б аб нечым гаварыць», — адзначыў ён. «Гэта толькі ў нас ідзе такая мітусня, лямпачка Ільіча ва ўсіх гарыць аднолькава, колькі на лічыльніку накруцілася — столькі плаці па адных і тых жа тарыфах», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што Беларусь яшчэ пакуль не забяспечвае сябе на 100 працэнтаў таннай электраэнергіяй, частка электраэнергіі закупляецца за межамі краіны. Гэтыя расходы датуюцца з бюджэту.

Аб пастаўках нафты з Расіі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае наяўнасць прынцыповых дамоўленасцей з Расіяй па балансу паставак нафты.

Адзін з замежных журналістаў у сваім пытанні адзначыў, што вельмі актыўна апошнім часам абмяркоўваецца тэма пастаўкі нафтапрадуктаў, якую ў тым ліку каменціраваў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. «Калі гаварыць аб пазіцыі расійскага пасла ў Беларусі, ён вельмі экзатычным іншым разам выглядае ў сваіх разважаннях, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы з Пуціным і прэм’ер-міністрам дамовіліся па ўсіх пытаннях. У нас ёсць абавязацельствы перад расіянамі. У іх перад намі ёсць яны таксама, і па нафце, і па прыроднаму газу. Мы ўсё гэта ўзважылі, дамовіліся. і ён у гэты час, даючы інтэрв’ю, пачынае разважаць зноў пра гэту, як я яе называю, «мазню» — растваральнікі і гэтак далей».

«А праз тыдзень ужо рэальныя рэчы з’явіліся. Мы сапраўды дамовіліся. Расіі трэба перапрацоўваць нафту, яна будзе перапрацоўваць на нашых НПЗ. Чым больш, напэўна, тым лепш. Акрамя таго, у нас мадэрнізаваныя заводы. Ім патрэбны высокаактанавыя бензіны, ракетнае паліва, якія мы робім вельмі якасна. Яны зацікаўлены, каб мы пастаўлялі іх у тым ліку і ў Расійскую Федэрацыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Той, хто ўважліва гэтыя пытанні адсочвае, даў ацэнку выказванням пасла і яго кампетэнтнасці, не трэба зацыклівацца на гэтых пытаннях. Часам МЗС і паслы занадта мала ведаюць, што адбываецца ў рэальных адносінах паміж дзяржавамі, асабліва на самым высокім узроўні», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра домыслы аб магчымай адстаўцы ўрада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абверг домыслы аб магчымай адстаўцы ўрада.

«Што датычыцца адстаўкі ўрада, вы з маіх вуснаў наогул аб гэтым ні разу не чулі. Можа, камусьці хочацца «адставіць» урад. Мы лічым, што Чалы (Сяргей Чалы — эканаміст. — Заўвага БЕЛТА) сёння не можа замяніць не тое што прэм’ер-міністра, а і звычайнага міністра. «Калі трэба кагосьці замяніць па нейкіх прычынах, вы бачылі таксама, не заржавее — на працягу сутак, заменім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў краіне ставяцца рэалістычныя задачы ў эканоміцы, асабліва перад урадам. Асноўная выкладзена ў асноўных напрамках развіцця краіны на будучы год. У Беларусі гэтыя напрамкі, а таксама бюджэт прымаюцца «вельмі доўга, нудна, на працягу амаль года», адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Вось і пасля першага квартала 2013 года пачнецца прапрацоўка асноўных напрамкаў развіцця на 2014 год. І пачынаецца гэта работа знізу. «Пакуль урад з губернатарамі самі для сябе не ўтрасуць гэтыя паказчыкі, яны да мяне не прыйдуць, усё павінна быць узгоднена, губернатары і ўрад павінны будуць выконваць, — сказаў Прэзідэнт. — І паверце, апошнія гады і мінулы год не я даводзіў гэтыя заданні. Менавіта да мяне прыйшлі гэтыя спадары з завізіраванымі дакументамі, яны ў архівах доўга будуць захоўвацца, і прапанавалі вось такі план».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што мінулыя гады ўказваў на тое, што ўрад браў недастаткова высокія тэмпы росту, і абгрунтоўваў гэта. «На маім узроўні ў канцы года праходзяць 2-3 адкрытыя нарады па прыняццю гэтых задач і напрамку развіцця, — канстатаваў ён. — Мы доўга спрачаліся і прыходзілі да адзінага меркавання. Але на мінулы год і на гэты я нават не ўмешваўся. Пасля фінансавай неразбярыхі, думаю, калі ў 2012 годзе ўрад 5-6 працэнтаў ВУП выдасць і адпаведныя паказчыкі, дзякуй ім». Але недацягнулі, заўважыў Прэзідэнт.

Прэзідэнт падкрэсліў: «Чалавеку, які папракнуў мяне ў тым, што я не рэалістычна стаўлю задачы, адказваю прама: я іх фармалізую, зацвярджаю, прынамсі, апошнія два-тры гады. Патрабую, вядома, пэўнага балансу, каб эканоміка развівалася, раслі даходы насельніцтва, правы чалавека не парушаліся, каб было нармальнае жыццё, нармальная дастойная зарплата”.

Аб інтэграцыі

Беларусь, Казахстан і Расія пакуль не гатовы да больш радыкальных крокаў у інтэграцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Можа, Расіі хацелася б больш хуткіх нейкіх крокаў, можа, больш радыкальных, але ні Казахстан, ні Беларусь на гэта не пойдуць», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб актуальным у свой час пытанні ўвядзення адзінай валюты ў Саюзнай дзяржаве. «Нам няпроста было процістаяць гэтаму працэсу. Я адназначна паставіў пытанне: растлумачце, навошта нам з даху пачынаць будаваць дом? І што гэта будзе наогул азначаць? Ніхто мне на гэта не даў адказу. Значыць, калі на гэта пытанне няма адказу, давайце пакуль яго адкладзём. Значыць, яно не наспела. Але Расія супраць нас не стала ваяваць», — сказаў Прэзідэнт.

«Мы будуем свае адносіны, зыходзячы з нашых інтарэсаў. І мы будзем іх так будаваць. І я ведаю, такая пазіцыя ва ўсіх дзяржаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы бачым арыенціры сусветнай эканомікі, светаўладкавання ўсяго, і арыентуемся, вядома, на гэта. Але ў нас ёсць уласныя інтарэсы».

Пра выплату знешніх пазык

Эканоміка Беларусі не рухне ад выплаты знешніх даўгоў.

«Учора ў мяне пабывалі і прэм’ер-міністр, і старшыня Нацбанка і мы абмяркоўвалі гэта пытанне. У бягучым годзе мы ўжо маем на выплату даўгоў $3 млрд. Засталося за гэты год знайсці яшчэ $1 млрд. Я лічу, гэтыя грошы мы знойдзем», — адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што магчыма дамовіцца па некаторых даўгах аб адтэрміноўцы выплат. Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што $1,5 млрд., якія Беларусь павінна МВФ, ужо запланаваны да выплаты.

«Краіна не рухне ад выплаты знешніх даўгоў. Далей будзе лягчэй — там пару мільярдаў у год трэба будзе плаціць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб зарплаце настаўнікаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць заработную плату настаўнікаў цяпер нізкай і абяцае яе павысіць.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што яму добра вядома праца настаўніка, таму што працаваў у школе і члены яго сям’і таксама звязаны з педагагічнай дзейнасцю. Ён прызнаў, што сапраўды незаслужана нізкая зарплата ў выхавальнікаў, настаўнікаў. «Таму выйсце адно: мы будзем павышаць заработную плату настаўнікам, яны абавязаны атрымліваць больш, атрымліваць дастойную заработную плату і эфектыўна працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Але пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, на яго прапанову значна павысіць зарплату за кошт скрачэння колькасці настаўнікаў і павелічэння ставак да 20 гадзін у тыдзень не было адказу ні ад міністра адукацыі, ні ад педагагічнай грамадскасці. Прэзідэнт адзначыў, што «да гэтага ўсё роўна трэба будзе ісці, таму што ёсць вялікія праблемы пенсійнага ўзросту, гэта трэба заўсёды памятаць і эканоміць, скарачаць, стымуляваць, каб людзі працавалі больш, для таго каб нармальна жыць». Таму, напэўна, не абысціся і без некаторых непапулярных мераў.

Аляксандр Лукашэна адводзіць настаўніку вялікую ролю ў грамадстве.

Але што датычыцца зарплаты, то ёсць пэўныя рамкі, за якія нельга выйсці. «Не праблема было б сёння ўзяць і ў два разы павысіць зарплату настаўнікам, дзяржава не абвалілася б», — лічыць ён. Але тады аб гэтым заявяць і журналісты, і ўрачы, і работнікі культуры. «І мы разбурым усю гэту сістэму, якую стваралі апошнія 15 гадоў пры маім удзеле, вось у чым праблема», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Таму даводзіцца рухацца, эканоміць, скарачаць.

Пры гэтым Прэзідэнт сказаў, што для яго з’яўляецца навіной неабходнасць настаўніка шмат займацца папяровай работай. “Настаўніку нельга навязваць, які план пісаць і што яму там пісаць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. —  Але трэба  “выдаваць” тавар так, каб на тэсціраванні былі нармальныя веды. А ад таго, што мы напішам, мала што залежыць».

БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top