80 працэнтаў бюджэту — на сацыяльную сферу

80 працэнтаў бюджэту — на сацыяльную сферу

 З даклада на сесіі раённага Савета дэпутатаў начальніка фінансавага аддзела райвыканкама С.М.Плавух:

Асноўнымі адметнымі характарыстыкамі бюджэту раёна на 2013 год з’яўляюцца: максімальная збалансаванасць яго, дзе аб’ём даходаў і расходаў вызначаны ў суме 188,1 мільярда рублёў і спрагназаваны на бездэфіцытнай аснове; фарміраванне ў ім рэзервовага фонду звыш памераў, вызначаных Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Мінімальны аб’ём яго вызначаны ў суме 1,5 мільярда рублёў. У адпаведнасці з арт. 27 Закона “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год” у яго будуць залічвацца ўсе звышпланавыя даходы раённага бюджэту за выключэннем тых, што атрыманыя ад павелічэння ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць, мэтавых даходаў. Сродкі фонду ў першачарговым парадку будуць выкарыстоўвацца на павелічэнне расходаў на выплату заработнай платы, трансфертаў насельніцтву, аплаце камунальных паслуг, прадуктаў харчавання, медыкаментаў, на субсідзіраванне жыллёва-камунальных і транспартных паслуг, абслугоўванне пазыковых абавязкаў. Накіраванне сродкаў на іншыя расходы магчыма толькі пры ўмове поўнага забеспячэння крыніцамі фінансавання адзначаных вышэй першачарговых расходаў і павінна быць узгоднена з фінансавым упраўленнем аблвыканкама.

Даходы бюджэту без уліку бязвыплатных паступленняў прагназуюцца ў суме 92,4 мільярда рублёў. Структура іх, якая склалася ў папярэднія гады, істотна не зменіцца. Асноўнымі крыніцамі па-ранейшаму застаюцца: падатак на дабаўлены кошт — 22,7 мільярда рублёў (24,6%); падаходны падатак — 29,4 мільярда рублёў (31,8%); падатак на прыбытак — 8,9 мільярда рублёў (9,6%); падаткі на ўласнасць — 12,3 мільярда рублёў (13,3%). Дзякуючы гэтаму, плануецца забяспечыць каля 80 працэнтаў паступленняў уласных даходаў. Крыніцай дадатковых даходаў захавана права мясцовых Саветаў дэпутатаў на павелічэнне ставак падаткаў на ўласнасць. Летась гэта дазволіла дадаткова атрымаць у бюджэт каля 6 мільярдаў рублёў.

Для збалансаванасці яго з абласнога бюджэту прадугледжваецца перадача датацыі ў суме 95,7 мільярда рублёў. Яе павелічэнне да ўзгодненага плана мінулага года складае 44,3%. Расходы бюджэту сфарміраваны ў суме 188,1 мільярда рублёў і вызначаны зыходзячы з прагназуемага паступлення даходаў.

Па-ранейшаму асноўныя сродкі бюджэту пойдуць на ўтрыманне і развіццё ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы і выкананне сацыяльных праграм і мерапрыемстваў. На гэта плануецца накіраваць каля 150 мільярдаў рублёў, што на 34 мільярды больш, чым у папярэднім годзе. Іх доля складзе каля 80% у аб’еме расходаў. Асноўная частка расходаў тут заработная плата. Фонд аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы ў сярэднім за 2013 год узрасце ў параўнанні з мінулым у 1,3 раза. На выплату яе з улікам павелічэння запланавана 89,5 мільярда рублёў ці 48,8% ад усіх расходаў бюджэту.

Базавыя галіны ў бюджэце — гэта адукацыя(35,7%), ахова здароўя(18,7%) і жыллёва-камунальная гаспадарка(20,4%). На жыллёва-камунальную гаспадарку будзе накіравана 30,1 мільярда рублёў. Асноўныя расходы тут накіроўваюцца на пакрыццё страт ад аказання жыллёва-камунальных паслуг насельніцтву за больш нізкія тарыфы. За лік бюджэтных сродкаў плануецца кампенсаваць 71 працэнт затрат на ўтрыманне жылля.

На правядзенне капітальнага рамонту жылфонду прадугледжана ў суме 4,050 мільярдаў рублёў з павелічэннем у 2,7 раза да ўзроўню 2012 года, а на бягучы — 420 мільёнаў рублёў.

На добраўпарадкаванне населеных пунктаў запланавана расходаваць 8 мільярдаў рублёў, з якіх 879,9 мільёна рублёў прадугледжаны ў бюджэтах сельскіх Саветаў: на вулічнае асвятленне — 1,1 мільярда рублёў, на ўтрыманне і рамонт вулічна-дарожнай сеткі, бягучае ўтрыманне і капітальны рамонт аб’ектаў добраўпарадкавання — 6,8 мільярда рублёў. З улікам запазычанасці за выкананыя летась капітальны рамонт дваровых тэрыторый, асфальтаванне вуліц горада і неабходнасць працягваць гэта сёлета, сродкаў на добраўпарадкаванне прадугледжана недастаткова. Неабходна будзе адшукваць дадатковыя крыніцы фінансавання.

На пагашэнне затрат лазняў, у першую чаргу ў сельскай мясцовасці, запланаваны субсідыі ў суме 509,8 мільёна рублёў, на тое, каб працягваць капітальны рамонт гарадской — 500 мільёнаў рублёў.

У 2013 годзе на фінансаванне расходаў жыллёвага будаўніцтва плануецца накіраваць 1,585 мільярда рублёў. Сродкі пойдуць на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах, выдадзеных у 2011 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 лютага 2011 № 65 “Аб некаторых пытаннях фінансавання будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы” — 571 мільён рублёў і аплату працэнтаў за карыстанне ім — 514,1 мільёна рублёў.

На будаўніцтва вадаправодна-каналізацыйных сетак у раёнах жылой забудовы плануецца накіраваць 500 мільёнаў рублёў за кошт павелічэння ўласных даходаў.

На фінансаванне сельскай гаспадаркі ў 2013 годзе будзе выдзелена 9,5 мільярда рублёў. Асноўная сума расходаў у гэтай галіне прадугледжваецца на кампенсацыю часткі крэдытных працэнтаў, выдадзеных арганізацыям аграпрамысловага комплексу на будаўніцтва і рэканструкцыю ферм, —7,1 мільярда рублёў. На ўтрыманне сельскагаспадарчых арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту (райветстанцыя, дзяржсельтэхнагляд) будзе накіравана 2,3 мільярда рублёў.

На фінансаванне сацыяльна-значных пасажырскіх перавозак прадугледжваюцца субсідыі ў суме 441,9 мільёна рублёў. Аб’ём субсідый вызначаны з мяркуемага павелічэння тарыфаў на транспартныя паслугі. З бюджэту плануецца кампенсаваць аўтапарку Брэста да 20% расходаў на пасажырскія перавозкі.

На кампенсацыі затрат арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва запланавана 214,6 мільёна рублёў з разліку на 1 тысячу бытавых паслуг, 230 мільёнаў — на рэалізацыю дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця сяла.

Субсідыі райпалівазбыту на розніцу ў цэнах на рэалізуемае насельніцтву цвёрдае паліва прадугледжаны ў суме 2,030 мільярда рублёў.

На мерапрыемствы нацыянальнай праграмы развіцця турызму прадугледжаны расходы у суме 9,1 мільёна рублёў.

Расходы на адукацыю складуць 67,2 мільярда рублёў. 70 працэнтаў ад усяго фінансавання гэтай галіны займаюць заработная плата і іншыя выплаты работнікам адукацыі. Больш высокімі тэмпамі ўзрастаюць расходы ў гэтай галіне на бягучы і капітальны рамонты ўстаноў — каля 3 мільярдаў рублёў. Як і ў папярэднія гады, ў бюджэце прадугледжваюцца сродкі на энергазберажэнне, набыццё аўтобусаў для падвозу школьнікаў, замену старых камп’ютарных класаў. У складзе расходаў на адукацыю запланаваны асігнаванні на фінансаванне 4 дзяржаўных праграм, на што плануецца выдаткаваць 1,6 мільярда рублёў.

Праектам бюджэту расходы на ахову здароўя прадугледжаны ў суме 35,2 мільярда рублёў. У аснову фарміравання іх пакладзены мінімальны нарматыў бюджэтнай забяспечанасці на аднаго жыхара. У межах сродкаў плануецца рэалізаваць ў гэтай галіне 8 дзяржаўных праграм агульным коштам больш за 400 мільёнаў рублёў.

Па-ранейшаму будзе аказвацца падтрымка сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва. Расходы на адрасную сацыяльную дапамогу і бясплатнае харчаванне дзяцей першых двух гадоў жыцця ў 2013 годзе павялічацца ў 1,5 раза і складуць каля 2,3 мільярда рублёў. На грашовыя выплаты дзецям, якія знаходзяцца на выхаванні ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, плануецца накіраваць 927 мільёнаў, на ўстаноўку аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, рамонт печаў, замену няспраўнай электраправодкі ў дамах адзінокіх грамадзян  — 31,9 мільёна рублёў. На ўтрыманне ўстаноў сацыяльнай абароны будзе накіравана 4,7 мільярда рублёў, з іх на заробак — 3,5 мільярда рублёў.

На фінансаванне ўстановаў культуры прадугледжваецца 9,1 мільярда рублёў, у тым ліку на падтрымку раённай кінавідэасеткі — 512,1 мільёна рублёў, з якіх 150 мільёнаў рублёў — на набыццё новага абсталявання паводле праграмы “Культура Беларусі”.

Расходы на фінансаванне галіны “Фізічная культура і спорт” запланаваны ў суме 3,1 мільярда рублёў.

Субсідыі раённай газеце “Сельская праўда” на кампенсацыю часткі затрат плануюцца ў суме 130 мільёнаў рублёў.

Асігнаванні на ўтрыманне органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў бюджэце раёна прадугледжваюцца ў памеры 12,2 мільярда рублёў, цэнтралізаваных бухгалтэрый сельвыканкамаў — 318 мільёнаў рублёў, узнагароджванне старастаў — 36,5 мільёна.

Расходы на знос трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці прадугледжаны ў суме 17,5 мільёна рублёў.

19,7 мільёна рублёў будзе накіравана на рэалізацыю дзяржаўнай моладзевай палітыкі. З іх на ўтрыманне грамадскай моладзевай арганізацыі “БРСМ” — 11,2 мільёна рублёў.

Раённы бюджэт на 2013 год без сродкаў, якія перадаюцца ў бюджэты сельскіх Саветаў, вызначаны ў даходах 188,6 мільярда рублёў, у расходах 187,6 мільярда рублёў з прафіцытам ў суме 1 мільён рублёў.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top