“Камелот” — айбаліт для абутку

“Камелот” — айбаліт для абутку

Цёплы і камфортны абутак, як лічаць спецыялісты медыцыны, з’яўляецца асновай добрага здароўя. Аднак, як гаворыцца, ні што ў жыцці не вечна, і нават самым дарагім і якасным чаравікам праз некаторы час спатрэбіцца шавец, які рэанімуе пашкоджаны часам і дрэнным надвор’ем абутак.

У Жабінцы ўсяго некалькі майстэрняў, дзе рамантуюць абутак. І кожная з іх за час свайго існавання паспела заваяваць свайго кліента. Шмат добрых водгукаў можна пачуць аб “Камелоце”, што знаходзіцца ў мікрараёне цукровага завода.

“Што будзем рамантаваць”, — звярнуўся да мяне гаспадар майстэрні Юрый Калановіч. Аднак на гэты раз мэта майго візіту была зусім іншай. Калі даведаўся пра яе абутковых спраў майстар, нягледзячы на вялікі аб’ём работы, ахвотна пагадзіўся адказаць на пытанні раёнкі.

На “цукровым” майстэрня працуе ужо 6 гадоў, таму пастаянных кліентаў у прадпрымальнікаў нямала. Яшчэ да адкрыцця (а гэта 11 гадзін), людзі пачалі збірацца ля будынка рамонту абутку.

“Напэўна многіх мясцовых жыхароў у твар ведаеце, бо за столькі гадоў кожны не раз звяртаўся да вас, каб палепшыць стан свайго абутку?” — спыталася ў майстра.

— Самі мы не мясцовыя, кожны дзень дабіраемся сюды з Кобрына. Аднак ведаюць мяне тут сапраўды многія, — усміхаецца Юрый Віктаравіч. — Рэдка выдаецца хвіліна, каб не наведваліся ў нашу майстэрню кліенты. Без работы сядзець не даводзіцца, асабліва ў міжсезонне “восень-зіма”, “зіма-вясна”, калі абутак проста не вытрымлівае выпрабавання слотай.

Адкрыць майстэрню было сямейным рашэннем. У Кобрынскім атэлье “Твой стыль” Юрый за сем гадоў “вырас” з вучня да старэйшага майстра:

— Менавіта там я вучыўся ўсяму “з нуля”, бо ранейшая мая спецыяльнасць зусім не перасякалася з працай шаўца. Многія гады я быў будаўніком, майстрам у аддзелцы інтэр’ераў. Праца ў атэлье стала для мяне добрай школай у новай прафесіі. Я зразумеў, што трэба рухацца далей…

Жонка Юрыя Калановіча, якую завуць Нэлі, (на яе, дарэчы, і зарэгістравана прадпрыемства), медык. Аднак за час працы ў майстэрні яна навучылася добра шыць на машынцы, акрамя таго на ёй ляжыць прыём заказаў і ўся дакументацыя.

Сямейны бізнес было вырашана адкрываць не ў родным Кобрыне, дзе ніша рамонту абутку даўно занята, а знайсці такое месца, дзе і канкурэнцыя невялікая, і шлях дадому не такі далёкі. Ідэальна падышоў мікрараён цукровага завода.

— Тут жыве дастаткова людзей, каб бізнес мог развівацца. А бліжэйшая майстэрня толькі ў цэнтры Жабінкі. Вядома ж, спачатку сутыкаліся з невялікімі цяжкасцямі. Аднак, у нас была мэта, знайшліся сродкі, а паступова ўтварылася і добрая кліентура.

У “Камелот” людзі звяртаюцца з рознымі відамі рамонту абутку. Нярэдка ”рэаніміраваць” боты ці чаравікі вельмі складана. Але нават у самых цяжкіх выпадках майстар не адмаўляе сваім кліентам. Усяго ў прэйскуранце паслуг майстэрні не менш за 40 відаў яго. Гэта і замена набоек, супінатараў, маланак, і дэкаратыўныя замены розных дэталяў. Аднак гэта далёка не ўсё, на што здольныя рукі шаўца. Майстэрня “Камелот” прадастаўляе паслугі пашыву са скуры  сумак па індывідуальных заказах. Жадаючыя могуць пашыць і летні ці мадэльны абутак, альбо зрабіць замену верху у басаножках. Часта бывае так, што за адзін сезон верх чаравікаў парваўся ці страціў выгляд, а падошва не дэфармавалася. Умелыя рукі майстра ствараюць цуд — старую пару абутку ператвараюць у новую, прычым усяго за 70 тысяч рублёў.

Да таго ж прадпрымальнікі даюць на свае паслугі гарантыю — ад 15 дзён да 3 месяцаў, у залежнасці ад складанасці выкананай работы, хоць па закону гарантыя павінна складаць усяго сем дзён.

— Я ўпэўнены ў якасці сваёй работы, — заўважае Юрый Віктаравіч. — А таксама не хвалююся за матэрыялы і клей, якія выкарыстоўваю пры рамонце, бо надзейнасць іх праверана часам.

— Стараюся не падводзіць чалавека, любую заяўку выконваю своечасова. Не адмаўляем і калі чалавек амаль на адной назе “прыскакаў” да нас, бо іншага сезоннага абутку ў яго няма, — тады рамантуем тэрмінова, на вачах у кліента.

Юрый Калановіч упэўнены: калі ты працуеш з людзьмі, а тым больш з іх маёмасцю, трэба быць асабліва ўважлівым да чужых праблем, старацца пазбягаць канфліктных сітуацый.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top