Каардынацыйная нарада абмеркавала і вырашыла…

Каардынацыйная нарада абмеркавала і вырашыла…

У снежні мінулага года раённая каардынацыйная нарада ў барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй разгледзела тры пытанні: эфектыўнасць кантрольнай і наглядальнай дзейнасці ў прафілактыцы пажараў, надзвычайных сітуацый і захавання законнасці райаддзелам МНС пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу; выкананне аддзелам унутраных спраў райвыканкама, іншымі суб’ектамі прафілактыкі заканадаўства аб папярэджванні правапарушэнняў на глебе сямейна-бытавых канфліктаў і стан пракурорскага нагляду, ведамаснага кантролю ў папярэджванні забойстваў і наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што выклікаюць смерць з-за неасцярожнасці; план работы каардынацыйнай нарады на першае паўгоддзе 2013 года.

… павысіць супрацьпажарную бяспеку

Аналіз першага пытання зрабіла намеснік пракурора раёна А.М.Сідарук; выступілі таксама начальнік райаддзела надзвычайных сітуацый А.А.Бутрым і начальнік ПМК-10 М.А.Шпакоўскі. Адзначалася, што за 10 месяцаў мінулага года на тэрыторыі раёна былі зарэгістраваны 34 пажары (і ў тым жа перыядзе 2011-га). Сума ўрону склала 409 млн. руб. (супраць 376 тысяч у папярэднім годзе). Загінуў адзін чалавек (за 10 месяцаў 2011-га — 4). Прычына гібелі — неасцярожнае абыходжанне з агнём. Колькасць пажараў узрасла ў Крыўлянскім, Ленінскім, Сцяпанкаўскім і Хмелеўскім сельсаветах, прычым у апошнім з іх — значна, на 4 пажары.

Райаддзелам МНС за названы леташні перыяд праведзены 33 планавыя праверкі, у выніку якіх было вынесена 25 прадпісанняў і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 29 службовых асобаў. Разам з тым выяўлены факты слабага, нясвоечасовага кантролю аддзелам за выкананнем сваіх прадпісанняў. Не прыцягваюцца да адказнасці кіраўнікі арганізацый, якія прадпісанні ігнаруюць або выконваюць іх часткова, як, напрыклад, у ПМК-10. Тут некаторыя парушэнні супрацьпажарнай бяспекі не ліквідоўваюцца гадамі. Скажам, з 1998 года будаўнічая арганізацыя “забывае” абсталяваць супрацьпажарныя вадаёмы надзейным пад’ездам да іх або пірсам для размяшчэння не менш чым дзвюх пажарных аўтацыстэрнаў.

Супрацоўнікі МНС разам з сельвыканкамамі, аддзелам РАУС, упраўленнем працы, занятасці і сацыяльнай абароны, аддзелам адукацыі райвыканкама абследавалі 8 тысяч домаўладанняў і кватэраў, звыш 15 тысяч чалавек навучылі правілам пажарнай бяспекі, 93 домаўладальнікаў аштрафавалі. Забаранілі эксплуатацыю шасці аварыйных печаў і сямі ўчасткаў электраправодак. У поўным аб’ёме выкананы гадавы план рамонту пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, вываду сігналаў АПА аб іх спрацоўцы на сігнальна-гукавыя прыстасаванні ў дамах сацыяльна слабых катэгорый грамадзян. Гэты план быў зацверджаны райвыканкамам.

У справе пажарнай бяспекі застаюцца праблемы. Замена няспраўных шлейфаў пажарнай сігналізацыі патрабуецца ў ФАУ “Бадзёрасць” і дзіцячым садзе “Бярозка”, удасканаленне аўтаматыкі на двух паверхах галоўнага корпуса райбальніцы. Не вырашана пытанне аб пераносе бальніцы сястрынскага догляду ў в.Глыбокае ў будынак з большай вогнеўстойлівасцю. Не абсталяваны маланкааховай СДК у в.Маціевічы. Не ўсе гандлёвыя аб’екты райспажыўсаюза рэалізоўваюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і элементы сілкавання да іх. У шматкватэрных дамах па-ранейшаму загрувашчваюцца лесвічныя клеткі і калідоры, на што жылкамунгас звяртае мала ўвагі. У адносінах да гэтых і іншых недахопаў і ўпушчэнняў каардынацыйная нарада прыняла адпаведныя рашэнні.

… актывізаваць работу з непаўналетнімі і бацькамі

Дэталёва абмеркавала нарада другое пытанне — выкананне заканадаўства ў папярэджванні правапарушэнняў у раёне і перш за ўсё тых, што выклікаюцца сямейна-бытавымі канфліктамі. Галоўным выступоўцам зноў была намеснік пракурора А.М.Сідарук, меркаваннямі абмяняліся начальнік аддзялення аховы правапарадку райаддзела міліцыі І.Р.Пастушын, ст.інспектар інспекцыі спраў непаўналетніх В.І.Бурко, урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы С.В.Замахін, іншыя.

За 11 месяцаў мінулага года ў нашым раёне зарэгістравана злачынстваў на 94 менш, чым за аналагічны час года папярэдняга. Ёсць, аднак, рост асабліва цяжкіх злачынстваў, а таксама правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы. Раённая пракуратура ў ходзе праверак высветліла адну з асноўных прычын апошніх — недастатковую індывідуальную работу з тымі, хто стаіць на прафілактычным уліку. Жыхар Жабінкі С.Аўсяйчук акурат быў з такіх, меў не знятую і не пагашаную судзімасць. Работа з ім супрацоўнікамі райаддзела міліцыі — участковым інспектарам У.Марковічам і старшым інспектарам УПІ С.Шыркаўцом — вялася фармальна. У выніку раней асуджаны зрабіў новае злачынства: у стане алкагольнага ап’янення нанёс удар нажом свайму сыну (на шчасце, несмяротны).

Недастаткова супрацоўнікамі РАУС праводзіцца работа з сем’ямі, дзе злоўжываюць спіртным, скандаляць, прымяняюць фізічную сілу. Гэта стала істотнай прычынай двух злачынстваў, здзейсненых у лістападзе мінулага года. Жыхар в.Стрыганец В.Астапук з-за рэўнасці ледзь не задушыў у п’яным чадзе сваю жонку. Пагражаў і не раз распускаў рукі ён і раней, пра што ў міліцыі, канечне, ведалі. Няўвага да няўдалай сям’і ў Жабінцы прывяла да аналагічнага ўчынку: гаспадар А.Чарота ў стане алкагольнага ап’янення і чарговай сваркі з жонкаю нанёс ёй цяжкія цялесныя пашкоджанні. На абодвух мужоў-злачынцаў заведзены крымінальныя справы.

З-за недагляду РАУС участковыя інспектары, якія вядуць прафілактыку, дапускаюць шматлікія парушэнні. Няма, у прыватнасці, сведчанняў аб прыцягненні правапарушальнікаў да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Часам прафілактычная справа не правяраецца ні начальнікам РАУС, ні яго намеснікам, ні кіраўніком адпаведнага аддзела міліцыі. Не дзіўна, што рапарты ўчастковых інспектараў аднатыпныя. Не распытваюцца сваякі і суседзі пра паводзіны таго, хто стаіць на прафілактычным уліку, не наведваюцца арганізацыі, дзе ён працуе.

На кантролі раённай пракуратуры — дзейнасць інспекцыі спраў непаўналетніх. Мы выявілі, што ўлік бацькоў, якія адмоўна ўплываюць на сваіх дзяцей, не наладжаны. Інспекцыя не выкарыстоўвае інфармацыі, якія паступаюць да яе з наркалагічнага кабінета ЦРБ, не прываблівае да супрацоўніцтва асобаў, здольных станоўча паўплываць на гора-бацькоў. Вось чаму ў рашэнні каардынацыйнай нарады былі выдзелены многія пункты ў адносінах да работы інспекцыі не толькі з непаўналетнімі, а і з іх бацькамі.

Удзельнікі каардынацыйнай нарады адобрылі план яе дзейнасці на першы квартал 2013 года. У прыватнасці, нашай пракуратуры даручана правесці кантрольную праверку работы суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў ужо ў першым квартале.

Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор Жабінкаўскага раёна, старшыня каардынацыйнай нарады.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top