Конкурс выявіў “Суперпіянера”

Конкурс выявіў “Суперпіянера”


У шосты дзень школьнага тыдня ў трэцяй гарадской школе праводзіўся незвычайны конкурс «Суперпіянер». На ім сябры арганізацыі прайшлі своеасаблівы экзамен на веданне гісторыі піянерыі, дзеля перамогі праявілі фантазію і творчасць. Сярод гледачоў былі чацвёртакласнікі, якім хутка выбіраць, ці станавіцца піянерамі. Конкурс дазволіў ім на ўласныя вочы пабачыць, якім цікавым можа быць піянерскае жыццё, а юныя піянеры згуртаваным.

Сапраўдныя лідары сваіх атрадаў, з каго астатнія бяруць прыклад, паўдзельнічалі ў спабарніцтве. Гэта — васьмікласніцы Таццяна Лабко (атрад “Адзінства”), Аляксандра Кіпцэвіч (“Эдельвейс”), Дзіна Андрасюк (“Entre Nous!”), шасцікласніцы Надзея Пархоцік (“Весялун”), Таня Прэдка (“Праметэй”), Дар’я Войцік (“Праменьчык”), пяцікласніцы Маша Смалюк (“Зорка”) і Насця Аксюцік (“Дружба”).

Конкурс складаўся з трох тураў. У першым высвятлялася, хто лепш ведае гісторыю піянерскай арганізацыі краіны і нашай дружыны. Удзельнікам былі раздадзены карткі з пытаннямі, і пакуль яны рыхтаваліся гледачы глядзелі прэзентацыю “Дружына імя Пятра Ільіча Клімука”, бо менавіта ў гонар першага беларуса, які ўзняўся да зорак, нараджэнца нашай берасцейскай зямлі, названа піянерская дружына СШ №3 Жабінкі. Са слайдаў кожны даведаўся, як шмат карысных спраў за плячамі нашых дзяцей.

Заданне другога тура — стварыць насценную газету. Піянеры рыхтаваліся да яго загадзя, праявілі ўмельства, выдумку і калектывізм, не адмаўляліся ад дапамогі бацькоў і настаўнікаў.

У заключным туры дзяўчынкі павінны былі паказаць сябе ў якасці сябраў піянерскай арганізацыі. Удзельніцы дэманстравалі свае прыхільнасці і поспехі на карысць піянерыі, стваралі рэкламу сваёй суполкі.

Усе выступленні без выключэння былі цікавыя і змястоўныя: нехта спяваў, паказваў танцавальныя нумары, або проста расказваў пра сябе. Найбольш спадабалася ў гэтым туры прамова Сашы Кіпцэвіч: “Сёння моладзь адмежавалася адзін ад другога. Мы пахаваліся за жалезнымі дзвярамі і пазіраем на свет праз “вочка”. Жывыя зносіны абмянялі на інтэрнэт. Таму патрэбна заўважаць і разумець, што адбываецца, выпраўляючы недахопы. Усім раю: далучайцеся да піянерыі, бо наша арганізацыя вучыць быць чалавекам!”.

Перад журы (а ў яго складзе былі намеснікі дырэктара школы Л.П.Пшанай і Г.С. Бурко, педагог-псіхолаг І.У.Кудзянюк) паўстала няпростая задача — назваць пераможцу. Лепш за ўсіх з заданнямі справілася вучаніца 6 “А” класа Дар’я Войцік, якую і абвясцілі “Суперпіянерам”. І гэта цалкам справядліва, бо не толькі ў спаборніцтве, але й ў жыцці Даша разумніца і актыўная ўдзельніца піянерскага і валанцёрскага руху. Напрыклад, штогод у складзе атрада Чырвонага Крыжа дзяўчынка выступае на дабрачынных канцэртах перад дзецьмі-сіротамі, што выхоўваюцца ў прытулку аграгарадка Ленінскі, і перад пажылымі людзьмі з Глыбокаўскай бальніцы сястрынскага догляду.

Удзельнікі конкурсу атрымалі падарункі і граматы. А напрыканцы ўсе разам выканалі вясёлую песню “Піянерыя”.

Юлія КАНАПЛІЦКАЯ, педагог-арганізатар СШ №3 г.Жабінка.

На здымку: Ю.А.Канапліцкая разам з пераможцай конкурсу “Суперпіянер” Дашай Войцік.


Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top