На Кургане Памяці

На Кургане Памяці

“Нашы чырвоныя следапыты ўстанавілі імёны 26 чалавек, якія загінулі ў гады вайны ад рук фашыстаў. У ходзе пошукавай аперацыі рабяты самі як бы дакранаюцца сэрцам да подзвігу бацькоў”, – так у 1978 годзе на старонках “Сельскай праўды” расказваў пра дзейнасць клуба Ракітніцкай школы “Пунсовы факел” яго кіраўнік – настаўнік-краязнавец Мікалай Міцковіч.

Курган Памяці ў Ракітніцы быў насыпаны ў 1967 годзе. Пра яго знешні выгляд дае ўяўленне стары здымак, зроблены фатогафам раённай газеты Ірынай Жук. Ля просценькага помніка з прозвішчамі нараджэнцаў тагачаснага Пятровіцкага сельсавета застылі ў ганаровай варце піянеры. Фота зроблена ў красавіку 1978 года.

У той самы час у Жабінцы праходзіла ІІІ раённая справаздачна-выбарчая канферэнцыя таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. На ёй адзначаліся не толькі станоўчыя бакі ахоўнай справы, але і падкрэслівалася: “Патрабуецца ўзвядзенне новых абеліскаў на месцы былой вёскі Драмлёва, у вёсках Ракітніца і Чыжэўшчына, на могілках у Жабінцы. Тыя помнікі, што тут пастаўлены, не вызначаюцца мастацкім густам”.

У 80-я і 90-я гады мінулага стагоддзя гэтыя адзнакі ваенных часоў пакрысе аднаўляліся. Між іншым, у 1987 годзе рукі дайшлі і да помніка ў Ракітніцы, размешчаным на паўночнай ускраіне вёскі, у 600 метрах ад хуткаснай шашы Брэст – Мінск і далей – да самай расійскай мяжы.

Помнік уяўляе сабою штучны курган, над якім узнесліся ў неба тры сімвалічныя штыкі. Ніжэй пазначаны гады вайны: 1941-1945. Паміж датамі – барльефы з трыма выявамі: жанчына, якая сімвалізуе вяскоўцаў, закатаваных у часы акупацыі; салдат-чырвонаармеец і партызан. На плітах, што знаходзяцца на тумбах абапал помніка, пералічаны воіны-землякі і мірныя жыхары, загінулыя ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сучасны здымак зроблены сёлета. Як ужо пісала “Сельская праўда” 7 мая, напярэдадні 76-х угодкаў Вялікай Перамогі, у раёне ладзіўся масавы аўтапрабег па месцах баявой славы. Адным з памятных аб’ектаў, які наведалі ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі, стаў Курган Памяці ў Ракітніцы. Як і многія дзесяцігоддзі раней гасцей сустракалі ў ганаровай варце піянеры, гучалі словы-прамовы, якія нагадвалі пра тыя ахвяры, што прынесла наша замляр на алтар перамогі.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з архіва “СП”

На здымках: выявы ракітніцкага Кургана Памяці ў 1978 і 2021 гадах.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top