“Цар, царэвіч, кароль, каралевіч…”

“Цар, царэвіч, кароль, каралевіч…”

З дзяцінства многія памятаюць гэтую лічылку, у якой на залатым ганку паселі і царскія асобы, і кравец з шаўцом. А напрыканцы было важнае пытанне: “Хто ты такі?” Чаму пытанне важнае? Далёка не на кожным старым здымку можна пазнаць мясцовасць, якая моцна мяняецца за дзесяцігоддзі. Яшчэ цяжэй бывае вызначыць тых, каго фатограф увекавечыў на даўняй картачцы.

У Жабінкаўскай дыстанцыі пуці гэты дом на вуліцы Рампавай дасюль называюць канторай. Вось і на фотаздымку, зробленным у 1952 годзе, над уваходам у будынак красуецца шыльда: “СССР МПС Контора 4-я дистанция пути Минской ж.д.”

У ліпені 1944-га, адразу пасля выгнання гітлераўцаў, арганізацыю ўзначаліў Сяргей Нікалаеў. Штодзённа на рамонт чыгункі выходзіла каля трох соцень мясцовых жыхароў, і ўжо на дзясяты дзень пасля вызвалення па станцыі Жабінка прайшоў першы цягнік. Аднак спатрэбілася яшчэ пяцігодка, каб чыгунка цалкам залячыла шматлікія раны, пакінутыя вайной. Жабінкаўская дыстанцыя адной з першых у краіне справілася з гэтай задачай. За тое былі адзначаны многія пуцейцы, а Сяргей Уладзіміравіч атрымаў найвышэйшую ўзнагароду Савецкага Саюза – ордэн Леніна.

Цяпер зірнем на фота, якому амаль 70 гадоў. Жаночую частку канторы, на жаль, пакуль не ведаем (мо нехта са сваякоў зможа ўдакладніць імёны-прозвішчы прадстаўніц прыгожай паловы дыстанцы?). А вось мужчын вызначыць атрымалася амаль усіх.

На першым плане на ганку сядзіць у форме начальнік. За правым плячом у Сяргея Нікалаева (таксама пры поўным парадзе) – яго правая рука – намеснік Г.Ф. Зубчонак. У апошнім радзе стаяць пуцевікі Загонскі, Адамчук, майстар Георгій Лаўрэнаў, маставы майстар Міхаіл Грыгарук, касір дыстанцыі (прозвішча невядома) і інжынер тэхнічнага аддзела В. Яцэвіч.

Сярод пералічаных найбольш прыкметную кар’еру зрабіў Міхаіл Грыгарук. Нараджэнец вёскі Мышчыцы, якая даўно ўжо стала часткай Жабінкі, у вайну партызаніў у атрадзе імя Чарнака, а пасля вызвалення звязаў свой лёс з чыгункаю. Міхаіл Васільевіч працаваў у Жабінцы, Лідзе, Слоніме, Бабруйску, узначальваў Крычаўскую і Баранавіцкую дыстанцыі пуці, узнагароджваўся ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяна, васямнацаццю медалямі за ратныя і працоўныя справы. Наш зямляк адзін з нямногіх, чые грудзі двойчы ўпрыгожваў знак “Ганароваму чыгуначніку”.

Калі раней разглядаў здымак сярэдзіны мінулага стагоддзя, думаў, што ён зроблены перад старым двухпавярховым будынкам на вуліцы Рампавай. Як аказалася, памыляўся.

– Крышку не так. Сапраўды, адразу пасля вайны дыстанцыя пуці месцілася ў гэтым доме, але потым пераехала ў суседні, – расказала Зоя Бурак, якая жыве тут з дня наражэння. – Гэта быў не просты будынак, а панскі. Бачыце, старыя вялікія ліпы? Яны акрэслівалі межы маёнтка. А сам палацык да вайны меў толькі адзін паверх (драўляную надбудову ўзвялі ўжо за савецкім часам). Меліся чорныя каваныя вароты, на версе – родавы герб. Мне было гадоў 10-12, калі прыязджалі ўнукі колішняга ўласніка, пахадзілі навокал, паўспаміналі ды рушылі назад. Вы не ўяўляеце, як тут было калісь прыгожа! Фруктовы сад цягнуўся да чыгункі, насупраць – стаў, абсаджаны ружамі. Ён знік першым. Віной таму – трагічны выпадак, калі патануў хлопчык. Тады ставок і засыпалі. Калі кантору перамясцілі ў суседні аднапавярховы дом, кватэры аддалі сем’ям чыгуначнікаў: Цеслякам, Маісеевым, Ключынскім, Казыркам, Мазалёвым, Арловым, Мураевым (апошнія пераехалі ў Жабінку з Ашхабада пасля страшэннага землятрусу 1948 года). На першым паверсе, у пакоі, дзе раней была панская гасцінная ды кабінет начальніка дыстанцыі, пасялілася наша сям’я. Высокія столі ўпрыгожвала мудрагелістая ляпніна. Кожны, хто да нас заходзіў, казаў бацьку: “О, Пятро! Табе царскія палаты дасталіся!” Ой, тут усё было! Як жа мне шкада, што ніхто гэту прыгажосць не сфатаграфаваў. А вось хаце насупраць пашчасціла больш: знайшоўся майстар, які зрабіў здымак, што вы трымаеце ў руках.

У час размовы Зоя Пятроўна перабірала лясныя багацці – маслюкі, для якіх надышоў самы сезон. Таму папрасіла правесці мяне да месца, дзе ў далёкім пяцьдзясят другім быў зроблены гістарычны здымак, суседку Святлану Цесляк.

Святлана Аляксееўна ахвотна пагадзілася паказаць падворак, які месціцца літаральна праз дом. Тут шмат што змянілася. Будынак моцна пазарастаў кустоўем, значна перабудаваны, няма ўжо ганка, на якім сядзелі некалі “цар, царэвіч, кароль, каралевіч…”

…Засталася на памяць толькі картачка, дзе яны маладыя, жвавыя, жывыя.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top