Пакуль цягнічок у дарозе, шлагбаум дае свой дазвол

Уявіць Жабінку без чыгункі немагчыма вось ужо 150 гадоў, з таго часу, калі да нашага паселішча дацягнуліся рэйкі ды шпалы і яно зажыло зусім новым жыццём. Захавалася даволі вялікая колькасць фотаздымкаў з чыгуначнай “біяграфіі” Жабінкі ды наваколляў. Аднак, мабыць, ніводны так часта не трапляў у розныя буклеты, як гэты, з надпісам: “Жабінка, вуліца Траўгута (цяпер Кірава), пераезд”.

Раней вясковы пейзаж нельга было ўявіць без калодзежных журавоў. А вось Жабінка мела сваіх “журавоў”, што “вартавалі” пераезд, пакуль праз станцыю прабягалі цягнікі. Гэта мы пра галоўнага героя фотаздымку – працавіты шлагбаум.

Даводзілася чуць і чытаць, што старая картачка зроблена яшчэ “за польскім часам”, дзесьці ў 30-я гады мінулага стагоддзя. Аднак, калі ўважліва прыглядзецца, самое фота дасць падказку, якая дазволіць больш-менш правільна яго датаваць.

На заднім плане ўзвышаецца двухпавярховы будынак. У ім беспамылкова пазнаецца былы райкам партыі, дзе зараз маюць “прапіску” загс, падатковая інспекцыя ды іншыя раённыя ўстановы.

Паспрабавалі высветліць у старажылаў дату ўзнікнення гэтага будынка – адказу не атрымалі. На шчасце, “палачкай-выручалачкай” у чарговы раз стала раёнка, а калі дакладна – адзін з нумароў “Ленинского пути”, надрукаваны ў студзені 1954 года.

Падводзячы вынікі года, які вось-вось завершыўся, адзін з карэспандэнтаў занатаваў: “За пасляваенны перыяд да непазнавальнасці змяніўся раённы цэнтр Жабінка. Узніклі новыя вуліцы, узведзена шмат жылых, адміністрацыйных і вытворчых будынкаў, уступілі ў строй новыя прадпрыемствы. Толькі ў 1953 г. пабудаваны будынак райкама КПБ, сталоўка, лазня, хлебапякарня. Праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні райцэнтра. На гэта было патрачана 80 тысяч рублёў. На вуліцах пасаджана 550 дэкаратыўных дрэў, азеленены частка плошчы Свабоды і плошча ля помніка воінам, загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны. Многія вуліцы асветлены і ўсе радыёфікаваны”.

Сведчанне цікавае, паколькі паказвае, што яшчэ не было будынка райвыканкама (узнік на былой плошчы Свабоды паблізу сённяшняй аднайменнай вуліцы).

Яшчэ адна падказка для датавання фотаздымка – расказ маці Івана Камара, удзельніка Афганскай вайны і многіх іншых падзей у “гарачых кропках”, на якія былі багаты канец мінулага веку.

Іван Генадзьевіч афіцыйна нарадзіўся ў ліпені 1956 года ў вёсцы Жыцінь. Звычайная справа, калі дзяцей рэгіструюць па месцы жыхарства бацькоў. Аднак вось што распавяла матуля аб прыходзе любімага сына на гэты свет: “Ванечка мой нарадзіўся ў дарозе, так і атрымалася, што ўсё жыццё быў падарожнікам”.

Муж вёз цяжарную жанчыну на падводзе ў Жабінку, але рухаўся цягнік і пераезд аказаўся зачынены. Таму хлопчык з’явіўся на фурманцы, прыкладна такой, як бачым на старым здымку.

Такім чынам, гэты кавалак вуліцы Кірава трапіў у аб’ектыў фотакамеры не раней сярэдзіны лета 1956-га, хутчэй за ўсё ў самым пачатку 60-х гадоў, калі у сувязі з будаўніцтвам цукровага завода ўзнікла неадкладная патрэба ў мосце праз чыгунку.

На сучасным фотаздымку паспрабавалі “занатаваць” тыя самыя мясціны, каб было бачна, наколькі пераменлівы бывае час, нешта ён пакідае, але збольшага перароблівае.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з архіва “СП”

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.