Сям’ю — кожнаму дзіцяці

Сям’ю — кожнаму дзіцяці

ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” наведаў начальнік абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр І.А.Саўчыц. У якасці сябра інфармацыйна-прапагандысцкай групы Іван Аляксандравіч пазнаёміў прысутных з высілкамі дзяржавы ў абароне дзяцей з няўдалых сем’яў. Вёў пасяджэнне дырэктар прадпрыемства Віктар Міронаў, на сустрэчы прысутнічаў старшыня райвыканкама Мікалай Токар.

Размова вялася паводле жыццёвых прыкладаў. Прынамсі, Іван Саўчыц абмаляваў дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, якая пагаршаецца ад заўчаснай гібелі людзей у аварыях, штогод каля 2,5 тысячы беларусаў паміраюць ад злоўжывання алкаголю, у тым ліку сурагатнага, у вобласці на ўліку 1410 наркаманаў (найбольш у Пінску, які трымае трэцяе месца ў Беларусі). У моладзевым асяродку распаўсюджанай стала залежнасць ад так званых “экстэзі”, што хваляй ідуць з-за мяжы, і “энергетычных напояў”, якія маюць шырокую рэкламу. Гэта калечыць маладыя лёсы, робіць няшчаснымі дзяцей. Бо расце колькасць няўдалых сем’яў, дзе бацькі не займаюцца выхаваннем сваіх нашчадкаў, вялікая колькасць разводаў, здараецца сямейнае насілле. Усё гэта не застаецца па-за ўвагай дзяржавы, якая падтрымлівае дзяцей, што жывуць у канфліктных і асацыяльных сем’ях.

Што робіцца дзеля паляпшэння іх стану ў нашым раёне? Вось некалькі лічбаў. Васьмёра дзяцей знайшлі прыёмных бацькоў, 16 непаўналетніх выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, трое вярнуліся да бацькоў, якія раней былі пазбаўлены правоў, але з часам узяліся за розум, выправіліся, кінулі заганныя звычкі і ўладкаваліся на працу. Такім чынам, на Жабінкаўшчыне назіраецца зніжэнне колькасці сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.

На думку Мікалая Токара, галоўным ворагам сям’і і грамадства з’яўляецца п’янства. Дзеля зніжэння яго будуць прымацца розныя меры: скарачацца гадзіны працы магазінаў, што гандлююць спіртнымі напоямі. Нельга заставацца ў баку і працоўным калектывам, дзе павінна давацца належная адзнака тым, хто вядзе амаральнае жыццё і не глядзіць за дзецьмі.

Завадчане скарысталі магчымасць задаць шматлікія пытанні непасрэдна кіраўніку раёна. Прынамсі, іх цікавіла, чаму стала немагчыма падвозіць дзяцей непасрэдна да трэцяй гарадской школы, калі добраўпарадкуецца дзіцячая пляцоўка ў мікрараёне цукровага завода, ці будзе дазволены рух вялікагрузных аўтамашын праз горад, і інш. Узнятыя праблемы, як паабяцаў старшыня райвыканкама, узяты ім на заметку і будуць вырашацца.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: генерал-маёр І.А.Саўчыц на сустрэчы з працаўнікамі цукровага завода.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top