Настаяцель і прыхаджанка, альбо Усе дарогі вядуць у Збірагі

Настаяцель і прыхаджанка, альбо Усе дарогі вядуць у Збірагі

Сто гадоў таму цэнтрам нашага краю была старажытная вёска Збірагі. Час праляцеў-мінуў: Жабінка вырасла, сама стала “сталіцай”, але дасюль не перарвалася духоўная повязь паміж блізкімі кропкамі на карце, аб’яднанымі гістарычным лёсам. Вось два прыклады з сучаснага жыцця.

І. Ад храма да храма, ад сэрца да сэрца

У адзін са жнівеньскіх дзён 2012 года многія жабінкаўцы маглі назіраць кавалькаду веласіпедыстаў. У той суботні дзень каля 60 аматараў адгукнуліся на прызыў газеты “Вячэрні Брэст” і далучыліся да 60-кіламетровага велапрабегу да старажытных храмаў Берасцейшчыны. Былі тут не толькі такія прафесіяналы, як журналіст, арганізатар акцыі Аляксандр Кульбака або прафесар Анатоль Гладышчук, што раней адолеў на веласіпедзе дарогу ад Брэста (беларускага) да Брэста (французскага), але й пачаткоўцы. Асаблівы каларыт мерапрыемству прыдаў нечаканы ўдзел у ім чатырох студэнтаў з Нігерыі.

Стартавалі і фінішавалі ў вёсцы Збірагі Брэсцкага раёна. Мерапрыемства нечакана атрымала блаславенне ад настаяцеля мясцовай царквы.

Калі ёсць на зямлі душа-людзі, дык адзін з іх айцец Пётр — сівенькі, доўгабароды старац, што лучыўся дабрынёй і спагадай, мудрасцю, прыдбанай ад Бога за 85-гадоў зямнога жыцця. Ён падышоў да царкоўнай агароджы і амаль па-дзіцячы пазіраў на незнаёмцаў.

— Вы адкуль? І куды? — спытаўся нарэшце, а як даведаўся пра мэту падарожных, усклікнуў:

— О! Добрая дарога — доўгая дарога… Чакайце, я зараз за ключамі схаджу, храм адамкну, нельга ў такі шлях без Божай падтрымкі.

І пайшоў. І прынёс. І адамкнуў, як апостал Пётр дзверы рая. А яшчэ расказаў пра сябе і храм, у якім служыць трыццаць гадоў.

— Я ўжо стары, епіскапа прасіў, каб адстаўку даў…

Потым паглядзеў на блакітныя сцены сваёй Параскева-Пятніцкай царквы і дадаў па-просту, нібы пра любую спадарожніцу жыцця:

— А яна яшчэ старэйшая, а ў адстаўку не просіцца!

Так, два гады таму драўляны Збіражскі храм, пабудаваны на ахвяраванні Агаты Сапегі, адсвяткаваў 400-годдзе. За тыя часы і царква, і настаяцель зведалі шмат выпрабаванняў. Але дасюль працягваюць старанна апекаваць людскія душы і сэрцы, наталяць іх спакоем і чысцінёй веры, якая, што крынічная вада, выратавальная ад боляў.

Пасля такога пачатку ніхто не сумняваўся, што дарога будзе ласкава класціся пад колы. Далейшы шлях пралягаў выключна па землях Жабінкаўшчыны, балазе, яны пачыналіся праз лічаныя кіламетры.

Спачатку — да Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах, куды магнітам цікавасці цягне “пілігрымаў” з розных куткоў Беларусі і замежжа. Затым — да старых цэркваў у Вялікіх Сяхновічах, Маціевічах, Здзітаве (апошняму храму, да якога асабліва імкнуліся падарожнікі, 510 гадоў!).

Не сумняваюся, прывал ля сценаў самага старажытнага драўлянага храма Брэстчыны (а можа і Беларусі) надоўга застанецца памятным не толькі тубыльцам, але й гасцям з далёкай Афрыкі.

ІІ. “Хто Мне адчыніць…”

Адрас падказала старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Сцяпанаўна Акуліч, пры гэтым трошкі загадкава сказала:

— Упэўнена, вы такога нідзе не бачылі… Увесь час здзіўляюся: адкуль у Светы пасля напружанага працоўнага дня знаходзяцца час і сілы ствараць такое хараство!

У гаспадыні запамінальнае прозвішча — Шутка. А вось захапленне зусім не жартоўнае. Яе хата ў Пшанаях (жабінкаўская вёска, што месціцца непадалёку ад Збірагаў) падобная на храм: паўсюль цудоўныя абразы, але не купленыя, а створаныя ўласнымі рукамі.

Святлана Мікалаеўна — жывое ўвасабленне той адзінай прасторы, пра якую нярэдка згадваюць палітыкі, нарадзілася ў Казахстане, жыла ў Расіі, а згадзілася, як у народзе кажуць, у Беларусі. Знайшла другую радзіму на Жабінкаўшчыне. У дарозе адшукала і сваю другую палавінку, свайго Пятра.

— Сёлета ў нас сярэбранае вяселле. Сустрэліся ў цягніку: я была правадніцай, а ён пасажырам. Праверыла білецік, у вочы зазірнула — паверыла… Восем гадоў таму перабраліся ў новы саўгасны дом, працую ў Пшанаях на ферме. Дзеці ўжо дарослыя. Старэйшы Мікалай нарадзіўся дваццаць пяць гадоў таму, малодшыя зараз вучацца ў брэсцкіх каледжах: Юля — на гандляра, Валодзя — на чыгуначніка.

Пагаворым пра захапленне?

Святлана Мікалаеўна разводзіць ушыркі рукі, запрашае агледзець сваю хатнюю “выставу”, тлумачыць:

— Мама Ганна Васільеўна Сініцына, што жыве ў Расіі, вышывала. І я пацягнулася да гэтай справы. Але па-сапраўднаму захапілася толькі тут. Неяк суседка прынесла часопіс “Рукадзелле”. Там пабачыла абраз Казанскай Божай Маці. Вось ён невялічкі, першы… Душа спявае, калі рука вышывае. Больш цяпер не хочацца нічога іншага вышываць. Маю ўжо з паўсотні абразоў, іх вачыма на Божы свет пазіраю. Мае творы ёсць у матулі, брата Віталя, цёці Марыі, суседкі Наталлі Стакольскай… Восем абразоў падаравала ў Збірагі, у царкву. Усе абразы айцец Пётр асвяціў.

Жанчына радасна ўздыхнула, злавіла наш погляд.

— Падабаецца? О! Я таксама люблю гэты абраз. На ім Ісус стукаецца ў дзверы і кажа: “Хто Мне адчыніць, да таго Я і зайду”. Праўда, хочацца адчыніць?

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: 85-гадовы збіражскі святар айцец Пётр; хата Святланы і Пятра Шуткаў.

Фота аўтара і Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Вельмі прыемна чытаць такія артыкулы і ведаць, што недзе далёка, у глыбінцы, бруіць такое духоўнае жыццё! Шчасця Вам усім!

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top