Ці цёпла жывецца з «зімнім» прозвішчам?

Ці цёпла жывецца з «зімнім» прозвішчам?

Нават калі вы не ведаеце асабіста гэтых людзей, усё роўна, як прыходзіць зіма, міжволі згадваеце іх ускосна, хоць і не ўсведамляеце гэтага. Словам, размова пра жабінкаўцаў, што носяць “зімнія” прозвішчы.

У час, калі свае паўнамоцтвы здае год 2012-ы і надыходзіць новы, 2013-ы, захацелася бліжэй пазнаёміцца з Калядой і даведацца, ці будзе сёлета шчодраю калядная вячэра. Як ўдарыў мароз ды закружыла завіруха, сустрэліся з Марозам і Завярухаю, павіталіся ў заснежаным горадзе са Сняжко, пацікавіліся, што за клопаты ў Марозька за некалькі дзён да Новага года.

Усіх нашых герояў папрасілі згадаць лепшае, чым адзначыўся ў жыцці 2012 год, і расказаць нейкія цікавыя выпадкі, звязаныя з іх “гаворачымі” прозвішчамі.

 

Марозы нараджаюцца ў маразы

У 2013-м будзе дзесяць год, як Ірына Уладзіміраўна Сабалеўская з Азятаў носіць прозвішча Мароз. Муж, як і належыць Марозу, з поўначы (нарадзіўся ў Віцебскай вобласці). А ў наш паўднёвы край трапіў у прымакі.

З восенні 2010-га Ірына загадвае Азяцкай сельскай бібліятэкай, справу прыняла ад сваячкі Ванды Уладзіміраўны Сабалеўскай, якая і словам, і справай на першых парах дапамагала маладой каляжанцы. Зараз Ірына вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным бібліятэчным каледжы імя А.С.Пушкіна.

Сваё захапленне тлумачыць проста:

— Кніжкі з дзяцінства люблю, была ў Ванды Уладзіміраўны заўсёды лепшай чытачкай. Прыйшла на працу, бо адчула: ну, маё гэта, маё!

Сярод запамінальных падзей 2012 года жанчына вылучае другое месца ў конкурсе бібліятэкараў раёна “Повязь мінулага і навізны”. Дзеля таго “серабра” прыйшлося шмат парупіцца, ствараючы выставу работ з прыродных матэрыялаў.

У студзені ў сям’і Марозаў — ледзь не суцэльнае свята. Ірына гаворыць з усмешкай:

— Не паспееш Новы год сустрэць, а ўжо на другі дзень рыхтуй падарункі мужу Дзіме, а на калядны вечар прыпадае дзень нараджэння і сыночка Станіслава! Мае любімыя Марозы нараджаліся ў маразы! Зноў жа, праз тры тыдні трэба віншаваць тату Уладзіміра Іванавіча Сабалеўскага і праведаць бабулю Ніну Сцяпанаўну Макасюк… Так першы месяц і праносіцца ў прыемных клопатах!

Прозвішча ў жанчыны распаўсюджанае. З-за гэтага ў жыцці Ірыны Мароз адбыўся казус. З Магілёўскай вобласці прыйшоў ліст ад Марыны Мароз, якая вяртала дакументы Ірыны, дасланыя ёй памылкова. Аказалася, абедзьве паступалі ў адну навучальную ўстанову, ды нехта з экзаменацыйнай камісіі Марозаў пераблытаў…

Снегу радая Сняжко

Як правільна: Сняжко ці Снежка? Быццам, зусім розныя прозвішчы. Але ж быў выпадак, калі насілі яго не чужакі, а родныя. Ды не проста родныя — а родныя браты. Ды не проста родныя браты — а блізняты!

Іх маці Надзея Паўлаўна распавядала:

— Калі сыны атрымлівалі пашпарты, то Віцю (ён на дзесяць хвілін старэйшы) запісалі Сняжком, а Гену — Снежкам. Так і заставалася, пакуль не прыйшоў час ісці ў войска. Тады і спахапіліся — паводле закону блізнюкі павінны служыць разам, а ў іх розныя прозвішчы! Тэрмінова мянялі дакументы. Абодва трапілі ў Маскву ў пажарныя войскі. Малодшы дасюль служыць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях — па спецыяльнасці, атрыманай у арміі, а Віктар працуе ў ПМК-10.

Асобна сустрэліся з жонкай старэйшага з братоў. Ларыса Сцяпанаўна Сняжко нарадзілася ў снежні. Відаць, таму шчыра прызнаецца ў любові да зімы, асабліва снежнай.

Вучылася многа і старанна: пасля трэцяй гарадской школы набіралася ведаў і розуму ў Маларыце, Гродне, Гомелі, каб у рэшце рэшт вярнуцца на малую радзіму дыпламаваным спецыялістам. Зараз працуе ў аддзеле эканомікі райвыканкама.

— Свае вытокі мужаў род бярэ з Брагіна на Гомельшчыне, — гаворыць Ларыса. — Цяпер Сняжкоў і ў Жабінцы багата, і ўсе яны між сабою родныя.

Найбольшае свята ў сям’і ладзілася ў кастрычніку, калі за шырокім сталом сабраліся Сняжкі, каб павіншаваць з 75-годдзем старэйшыну роду — бацьку і дзядулю Васіля Міхайлавіча Сняжко.

Яшчэ з 2012 года ў памяці Ларысы Сцяпанаўны застанецца цудоўная паездка з дачкой Алінай у Кіеў. Колькі прыемных, незабыўных успамінаў ад наведвання Свята-Уладзімірскага сабора, знакамітай Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе ляжаць, між іншым, нават мошчы быліннага Ільі Мурамца! І ўзімку з цеплынёй успамінаюцца прагулкі ўздоўж велічнага Дняпра ды па Хрышчаціку, галоўнай вуліцы ўкраінскай сталіцы.

Ларыса Сняжко — клапатлівая маці, таму перш-наперш жадае ўсім, каб не хварэлі дзеці.

— Калі ў новым годзе будзе спакой на душы, тады абавязкова здзейсняцца ўсе задумкі!

“Мы з ёю роднасныя душы…”

А вось блытаніна з прозвішчам у наступнага нашага героя цягнецца яшчэ з царскіх часоў. Нейкі пісарчук на слых памылкова ўспрыняў беларускае слова “завіруха”, вось і з’явіліся ў Сцяброве Завярухі.

Так, прынамсі, разважае Аляксандр Мікалаевіч Завяруха, з якім размаўлялі пад акампанемент няспыннай завеі.

— Мы з ёю роднасныя душы, — пажартаваў Завяруха, гледзячы, як круціць завіруха за акном, — але ж непрыемна, як тэрмінова выклікаюць у непагадзь на працу. Адна справа спяваць за святочным сталом ля камінка “Завіруха, мяцель-завіруха…”, іншая — выконваць рамонтныя працы ў чыстым полі, калі ў твар — калючы снег і зімні вецер.

Надараецца і такое, бо Завяруха электрамеханік Брэсцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Дарэчы, на працу прыйшоў амаль трыццаць два гады таму — 6 студзеня 1981-га.

Двума юбілеямі, уласным і прафесійным, запомніцца 2012 год.

27 лютага ў цесным хатнім коле святкаваліся 55-ыя ўгодкі Аляксандра Мікалаевіча. У тым цёплым сямейным коле злучыліся найперш самыя родныя Завярухі: жонка Надзея Сяргееўна, сыны Аляксандр і Сяргей, унучкі Аня і Даша. А 28 снежня — 150 гадоў Беларускай чыгунцы, якая стала ягоным лёсам.

Напярэдадні Новага года Завяруха ўсім жадае:

— Каб прапісаліся пад стрэхамі лад і спакой, а родным сваім — каб усё было, як зараз, мо трошкі, зусім крапяліначку лепш!.. А на завіруху злавацца нельга. Надвор’е чалавеку ніколі не дагодзіць: калі зімна — хочацца цяпла, калі спёка — прахалоды.

Што Каляда накалядавала?

Бясспрэчна, самае “каляднае” месца ў раёне — Федзькавічы. Тут, на Пункце збірання дарожных збораў, працуюць адразу дзве Каляды, якіх начальнік пункта Уладзімір Паўлавіч Жук жартаўліва назваў “сёстрамі”, хоць “родныя” яны толькі па прозвішчы мужоў.

“Калядаваць” на такой службе “сёстрам” даводзіцца не раз у год, а кожную працоўную змену. Ля іх акенца спыняюцца аўто, што рухаюцца “беларускім экватарам” — магістраллю Брэст — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі.

Сустрэліся з адной з іх, з Аленай Сяргееўнай.

— Чым запамінальны 2012-ы? — на хвілінку задумалася Алена Сяргееўна і ўсклікнула:

— Дык роўна трыццаць гадоў як я стала Калядой! Хоць калядаваць любіла з дзяцінства. У шчодры вечар заўсёды, і тады, і цяпер, рыхтавалі багаты святочны стол. Як адзінае дзіцё ў сям’і была атулена бацькоўскім клопатам. (Дарэчы, муж таксама, але з іншай прычыны. Паколькі быў наймалодшым з адзінаццаці дзяцей, мо з гэтай прычыны і выбраў прафесію вайскоўца, каб апынуцца далей ад празмернай апекі).

Алена мела творчую натуру, таму пасля школы паступіла ў Маскву, у мастацкую навучальную ўстанову. Аднак не давучылася, бо… у калядную ноч паваражыла на суджанага. У цёмным пакоі свечка высвеціла зорку — адну, ды вялікую. Падумала: генеральская! Аказалася — маёрская… Вось і кінула вучобу, пабегла за сваёй зоркай…

Разам з Сяргеем Апанасавічам Калядой пакружыла па свеце. Дзеці нараджаліся ў гарнізонах: дачка на Дальнім Усходзе, сын — на супрацьлеглым баку Еўразіі, у нямецкім Магдэбурзе.

— Фантазіі на большае не хапіла, — смяецца Каляда, — таму дзяўчынку назвалі Аленай, а хлопчыка Сяргеем. Радуюся жамчужынкам, якія атрымала ў падарунак ад мужа на “жамчужнае” вяселле. Сярод караляў, назбіраных за жыццё, галоўныя — дзеці. Сын увесь у бацьку, заканчвае тэхнічны ўніверсітэт, а Алена Сяргееўна-малодшая жыве ў Жабінцы і падаравала нам першую ўнучку.

Гарачая праца ў Марозька

У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя маладая сям’я Свіцічаў з Маціевічаў паехала ў Краснаярскі край. Так і атрымалася, што Ірынка Свіціч нарадзілася “ў суровай таёжнай краіне, сярод доўгай зімы і вечнай мерзлаты, у суседстве з белымі мядзведзямі”. А прыйшла дзяўчынка на свет 15 студзеня 1957 года — пад тужлівы спеў сібірскай сцюжы за вокнамі.

Падзарабілі “на краі свету” грошай і сям’я вярнулася на Жабінкаўшчыну. Тут, у Маціевічах і Вялікіх Якаўчыцах, дзяўчына атрымала атэстаты аб базавай, а затым і сярэдняй адукацыі. Марыла стаць поварам, таму падала дакументы ў Брэсцкае гандлёва-кулінарнае вучылішча.

Амаль адначосава займела “гарачую” спецыяльнасць і “сцюдзёнае” прозвішча, калі ў Сцяпанкаўскім сельсавеце пабралася шлюбам з Анатолем Аляксандравічам Марозькам.

Пачуцці ў іх, далібог, не былі халоднымі. Іх плёнам сталі дочкі Юля і Воля. Дзяўчаты і самі цяпер маці: гадуюць сабе на шчасце, бабулі і дзядулі на радасць дзвюх унучак і двух унукаў.

Сёння повар 5-й катэгорыі Ірына Мікалаеўна Марозька, як заўжды, “на варце” ля гарачай пліты, гатуе смачныя абеды для маленькіх выхаванцаў жабінкаўскага дзіцячага садзіка №3 “Бярозка”.

— Чым запомніўся гэты год? Мо тым, што адсвяткавала 55-ы дзень нараджэння?! Вось і стала неяк непрыкметна пенсіянеркай… Добра, што бываюць святы: ніколі не пачуеш гэтак шмат разоў, якая ты харошая. Гаварыце, людзі, адзін аднаму многа-многа добрых слоў! Ад ласкавых пажаданняў і ўзімку на сэрцы квецень. Шчасця, радасці, вяселля ў Новым годзе і, як гаворыцца: “Смачна есці!”

З носьбітамі “зімовых” прозвішчаў сустракаліся Анатоль БЕНЗЯРУК (тэкст) і Ірыны ЖУК (фота).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 4%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top