Выйшлі ў фінал “Звонкай раніцы”

Выйшлі ў фінал “Звонкай раніцы”

Калі чалавек не стамляецца працаваць, развіваць свае здольнасці, захапленні, ягоны талент абавязкова праявіцца шчодра, узнёсла. Гэтыя словы можна аднесці да дзяўчынак з вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс” раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Алены Ранцэвіч і Настассі Калячка, якая са сваім педагогам Вікторыяй Міцковіч рупліва працуюць у песеннай творчасці, не спыняюцца на дасягненнях.

У лістападзе прадстаўнікі ад арганізатараў конкурсу “Звонкая раніца” ад “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” правялі першы этап адбору канкурсантаў. У кастынгу ўдзельнічалі 355 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных гарадоў Беларусі. У фінал трэцяга сезона конкурсу “Звонкая раніца” прайшлі 75 спевакоў. Сярод іх ёсць і нашы зорачкі Настасся Калячка і Алена Ранцэвіч. З 14 студзеня да 3 лютага наступнага года дзяўчынкі будуць абараняць гонар сваіх раёнаў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

За плячыма юных спявачак шмат выпрабаванняў, конкурсаў, ёсць у іх узнагароды. Настасся Калячка — вучаніца першай гарадской школы, з дзяцінства спявае на сцэне, займаецца ў школе мастацтва. Яна дыпламант шматлікіх конкурсаў і фестываляў, сярод якіх “Шаную цябе, Белая Русь!”, “Прывітанне, свет!”, “Галасы юнацтва”.

Алена Ранцэвіч у гэтым навучальным годзе заканчвае трэцюю гарадскую школу. Яе таксама з дзяцінства вабіць сцэна. Дзяўчынка ўзнагароджана дыпломамі конкурсаў “Галасы юнацтва”, “Прывітанне, свет!”, актыўная ўдзельніца раённых і гарадскіх святаў.

Узняліся дзяўчаткі-спявачкі яшчэ на адну прыступку ў творчых набытках — удзельніцы конкурсу “Звонкая раніца”. “Удзел у кастынгу любога творчага праекта патрабуе вялікай мужнасці, — адзначае педагог Вікторыя Міцковіч. — Тут можна не толькі паспаборнічаць у выканаўчым майстэрстве, але і паслухаць, як спяваюць іншыя, пераняць станоўчы вопыт і прыслухацца да заўваг адборачнай камісіі. А яшчэ гэта важна, дзяўчынкі вельмі стараюцца, працуюць, як тыя пчолкі. І прыходзіць поспех, таму што мы захоплены той справай, якую любім і робім з душой”.

Наперадзе ў Алены і Настассі падрыхтоўка да фіналу і фінал, дзе спевакоў чакаюць заняткі з педагогамі-вакалістамі, візажыстамі, сустрэчы з вядомымі дзеячамі сцэны. Тут яны навучацца сцэнічным рухам і асвояць тэхніку маўлення.

З 1 снежня на сайце конкурсу http://www.zr.ng-press.by/category/zr3-kast/ размешчаны вiдэазапicы выступленняў фiналiстаў конкурсу. Ужо зараз кожны можа узяць удзел у iнтэрактыўным СМС-галасаваннi i падтрымаць канкурсантак.

Прагаласаваць за Алену Ранцэвiч вы можаце, калі адправіце СМС на нумар 7755 з тэкстам 70; за Настассю Калячка – СМС на нумар 7755 з тэкстам 43. Галасаванне працягнецца да 24 гадзiн 30 студзеня 2013 года.

Пажадаем нашым дзяўчынкам творчых поспехаў i перамог!

Алена ФІЛІПОВІЧ, культарганiзатар раённага цэнтра творчасцi.

На здымку: удзельнiцы конкурсу Н.Калячка, А.Мартынчук, А.Ранцэвіч са сваім кіраўніком В.Міцковіч (у цэнтры).

Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top