Свой 55-гадовы юбілей адзначае сёлета Жабінкаўскае ДРБУ-103

Прыгожая “вопратка”

для мясцовых дарог

Першае з чым сустракаецца чалавек, калі прыязджае ў новую  мясціну, — гэта дарогі. Таму трымаць іх у добрым стане, паляпшаць іх якасць, добраўпарадкоўваць новыя і новыя ўчасткі — ключавая задача, якая ляжыць на плячах дарожнікаў Жабінкаўскага ДРБУ-103. Арганізацыя сёлета адзначае свой 55-гадовы юбілей. З часу яе заснавання  асфальтабетоннае “адзенне” набылі сотні кіламетраў, былі палепшаны ўмовы для бяспечнага руху вадзіцеляў, абсталявана шмат прыпыначных пунктаў для маршрутных транспартных сродкаў. Штогод у зімовы час дарожнікі  позняй ноччу і на досвітку пачынаюць ачышчаць дарогі і завулкі, каб жыхары раёна маглі без праблем дабрацца на свае рабочыя месцы. “Гэта наша работа,” — адказваюць на падзякі задаволеных жыхароў працаўнікі ДРБУ-103. І сапраўды, добрая работа, за якую вам дзякуй!

Гісторыя арганізацыі бярэ пачатак яшчэ з 1957 года, калі было ўтворана ДЭУ-103 у Камянцы. Раней Жабінкаўскі і Кобрынскі раёны былі ў складзе Камянецкага. Праз дзесяць гадоў разам са з’яўленнем нашага раёна як самастойнай адміністрацыйнай адзінкі ўзнікла і Жабінкаўскае ДЭУ-103, на балансе якога было 239 кіламетраў дарог і толькі 14 кіламетраў з іх мелі палепшанае пакрыццё, астатнія былі прафіліраваныя, грунтавыя і невялікая колькасць булыжных і гравійных. У 1997 годзе ДЭУ-103 атрымала новую назву ДРБУ-103, а яшчэ праз 4 гады  — філіял КУП “Брэстаблдарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ-103. Сёння дарожная арганізацыя абслугоўвае 314 кіламетраў дарог і 97 кіламетраў вясковых вуліц. Тут разумеюць, што дарогі —твар і горада, і раёна, калектыў дарожна-будаўнічай арганізацыі ў першую чаргу клапоціцца пра іх якасць.

Кіпіць праца

Нягледзячы на тое, што час цяпер для многіх арганізацый краіны вельмі складаны, аб’ёмы работ зніжаюцца, без справы жабінкаўскія дарожнікі не застаюцца. План асваення падрадных работ, даведзены на 2012 год, — 13 мільярдаў рублёў дарожнікі ўжо перавыканалі. За 11 месяцаў выканалі работы на 13,8 мільярдаў рублёў. У параўнанні з мінулым годам не знізілі паказчыкі эфектыўнасці працы.

Сёлета яны дабраўпарадкавалі тэрыторыі ферм у Шпіталях, Стрыганцы, Агародніках, Крыўлянах. У снежні работы ідуць на ферме Грабаўцы. Акрамя таго ў Жабінцы паклалі асфальт на вуліцах Ф. Скарыны і Каштанавая, палепшанае пакрыццё з’явілася на дваровых тэрыторыях вуліц Зарэчная, Цэнтральная, Маладзёжная.

— Сёння спецыфіка нашай працы некалькі змянілася. Пяцігодка прайшла пад эгідай уладкавання дарог аграгарадкоў, што давала нам вялікія аб’ёмы работ. Гэты год можна назваць

Бухгалтары Валянціна Кірылюк, Таццяна Маталыга, Галіна Гузанава.

годам рэканструкцый фермаў, што таксама стала добрым падмуркам для нашай працы, — адзначыў начальнік  ДРБУ-103 Алег Мікалаевіч Марчанка. — Дарэчы, сёлета бягучы рамонт мы правялі на 1,9 км вуліц на 7 аб’ектах, тэхнічны рамонт — на 7,7 км аўтамабільных дарог. Сёння не шмат вялікіх аб’ектаў, толькі на 17 з 45 асваенне склала больш за 200 мільёнаў рублёў. Але, каб была работа, бярэмся нават за самыя маленькія.

Што ні гавары, прыемна праехацца на аўтамабілі па роўненькай дарозе. Але толькі спецыялісты дарожнай службы ведаюць, колькі складнікаў уплывае на якасць дарог. А таму не перастаюць удасканальваць і тэхналогіі, і абсталяванне.

— У нашых планах — абзавесціся новай тэхнікай, — працягвае размову Алег Мікалаевіч. — Яе ніколі многа не бывае. У сувязі з тым, што зараз шмат работ мы выконваем на невялікай тэрыторыі, да прыкладу, у дварах, патрабуецца малагабарытная тэхніка: меншых памераў пагрузчык, укладчык, каткі. Таксама цяжка спраўляцца толькі з адным цягачом, хацелася б набыць яшчэ адзін з магчымасцю прычапляць да яго рознае абсталяванне, якое ёсць на балансе арганізацыі.

На пытанне, якой асаблівасцю вызначыўся 2012 год для дарожнай арганізацыі, Алег Мікалаевіч Марчанка жартам  адзначыў “прыходам новага кіраўніка”. Аднак многім вядома, што ён не першы год у дарожнай прафесіі і добра ведае “кухню” гэтай справы знутры. У 1999 годзе прыйшоў у ДРБУ-103 майстрам, потым стаў інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела, пазней — начальнікам таго ж аддзела. З 2003 года Алег Мікалаевіч працаваў на розных пасадах абласных і раённых структураў, а зараз вярнуўся ў ДРБУ ў якасці кіраўніка. На новай пасадзе ён толькі паўгода, але добра ведае калектыў, тым больш, што з многімі сваімі падначаленымі працаваў раней, і амаль пра кожнага яму ёсць што сказаць.

— Калектыў у нас невялікі — усяго 69 чалавек. Дваццаць з іх складаюць группу інжынерна-тэхнічных работнікаў, астатнія — гэта нашы руплівыя дарожнікі, якія і ў летнюю спёку,і ў зімовую сцюжу займаюцца дабраўпарадкаваннем дарог раёна. Кожны чалавек у калектыве — “важны элемент агульнай сістэмы”. Працавітых і сумленных людзей у нас шмат, — падкрэсліў Алег Мікалаевіч. — Гэта і галоўны інжынер — Аляксандр Іванюковіч, і механікі, у якіх залатыя рукі, —  Віктар Галавейка і Аляксей Грыцук, кіраўнік планава-вытворчага сектара — Сяргей Главацкі, майстары Анатоль Крэчка і Яўген Хамюк, інжынер па ахове працы — Андрэй Гронскі, сакратар і наш кадравік Людміла Смалюк, якая прыйшла ў дарожную арганізацыю ў 1984 годзе па размеркаванні і засталася тут назаўсёды. Нельга не адзначыць увесь аб’ём бухгалтарскага уліку, які прадастаўляюць Валянціна Кірылюк, Таццяна Маталыга, Галіна Гузанава. Нельга пакінуць без увагі і нашых рабочых. Добра працуюць вадзіцелі — А. Варабей, А. Старыкевіч, В. Трацяк, М. Залеўскі, механізатары — А. Голях, А. Мельнічэнка, В. Андрасюк.

Увогуле гультаі і абібокі ў ДРБУ-103 надоўга не затрымліваюцца, бо працаваць якасна — нялёгка, а рабіць сваю справу абы-як тут не дазволяць.

Многія работнікі ДРБУ-103 не спыняюцца на дасягнутым, павышаюць сваю кваліфікацыю. Сёлета дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі Сяргей Андрасюк і Яўген Хамюк. Зараз ва ўніверсітэце на завочным аддзяленні вучыцца наш дарожны рабочы Юрый Сахарчук, а значыць і яго ў хуткім часе чакае павышэнне, яшчэ адну спецыяльнасць атрымлівае ў тэхнікуме Віталь Касцючык.

Кіраўнік ДРБУ-103 гатовы быў назваць яшчэ некалькі дзясяткаў прозвішчаў тых людзей, на якіх, як гаворыцца, можна пакласціся ў любой сітуацыі і быць упэўненым, што яны ніколі не падвядуць. Прапануем далей пазнаёміцца з лепшымі працаўнікамі ДРБУ-103.

Сямейны падрад

Пры сустрэчы з сем’ямі, дзе прафесія перадаецца ад бацькі да сына, ці некалькі членаў сям’і адразу працуюць у адной арганізацыі, заўсёды ўзнікае пытанне: адкуль бярэцца цяга да адной і той жа справы? Можа гэта закладзена на генетычным узроўні працягваць справу сваіх бацькоў?

Сям’ю Максімукоў, у якой тры пакаленні дарожнікаў, начальнік Жабінкаўскага ДРБУ-103 называе прыкладам адказнасці і працавітасці, бо ўсіх іх аб’ядноўвае не толькі кроўнае радство, але і стараннасць да працы. Гэта той рэдкі выпадак, калі амаль усе члены сям’і аддалі сваю душу і сілы адной прафесіі.

— Бацька быў механізатарам, маці таксама працавала ў дарожнай арганізацыі, нават дзядзька не здрадзіў сямейнай справе,ён быў дарожным рабочым, — распавядаў машыніст аўтагрэйдара Віктар Аляксеевіч Максімук. — Таму я доўга не думаў, куды пайсці працаваць, скончыў курсы ў Мінску і ўжо 28 гадоў не шкадую, што стаў дарожнікам. Вельмі рады, што і сын мой — Мікалай, выбраў менавіта дарожную прафесію.

Дарэчы, Мікалай Віктаравіч выконвае ў арганізацыі стратэгічна важную і адказную справу. Ён  працуе на трактары МТЗ, зімой клапоціцца аб тым, каб вызваліць дарогі ад снежнай масы, а ў летні час з’яўляецца машыністам асфальтаўкладчыка.

Віктар і Мікалай Максімукі.

— Працу дарожніка не назавеш лёгкай. Аднак мне ўсё тут падабаецца, — расказваў Мікалай Максімук.— Яшчэ малым бацька і дзядуля часта бралі мяне пракаціцца на грэйдары, а ўжо 7 гадоў сам працую дарожнікам. Напэўна, гэта наш сямейны лёс…

Зарплатны бос

Яшчэ адзін чалавек, які з’яўляецца неад’емнай часткай дарожнай арганізацыі —Таццяна Аляксееўна Сяркова. Яна ўжо 30 гадоў на прадпрыемстве. Вучылася Таццяна ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным тэхнікуме на факультэце “бухгалтарскі ўлік”. Згодна з размеркаваннем патрапіла на

Таццяна Аляксееўна Сяркова.

крухмальны завод у Сяхновічах. Аднак лёс вырашыў, што гэтае месца не будзе канцавым працоўным прыпынкам жанчыны. У 25 гадоў Таццяна Аляксееўна прыйшла ў ДРБУ-103. Работа і ветлівы  калектыў спадабаліся жанчыне, якая цяпер працуе інжынерам па арганізацыі і нарміраванні працы. Заработная плата кожнага працаўніка знаходзіцца пад яе пільным вокам.

Таццяна Аляксееўна адзначае, што колькасць работнікаў у параўнанні з першымі гадамі яе працы значна паменшылася, аднак заробак, што вельмі радуе, паступова павялічваецца. Не за гарамі і планка яго, вызначаная кіраўніцтвам краіны — 500 долараў.

Дарожны старажыл

“я не здрадзіў ні разу”, — прызнаецца Віталь Фёдаравіч Місіюк. У Жабінкаўскім ДРБУ-103 мужчына адпрацаваў 37 гадоў. Аднак і на пенсіі не можа Віталь Федаравіч жыць без роднага калектыву, таму ўжо шмат гадоў узначальвае ветэранскую арганізацыю ўчастка.Віталь Фёдаравіч Місіюк.

Адразу пасля арміі прыйшоў 21-гадовы юнак, які родам з вёскі Панцюхі, у дарожную арганізацыю. Чатыры гады працаваў дарожным рабочым і адначасова вучыўся на завочным аддзяленні Гомельскага дарожна-будаўнічага тэхнікума на спецыяльнасці тэхнік-будаўнік аўтамабільных дарог і мастоў. Пасля тэхнікума працаваў майстрам, потым узяў новую планку — начальніка дарожна-рамонтнага пункта. Шмат карыснага зрабіў за гады працы Віталь Фёдаравіч, і не адно пакаленне работнікаў вучылася на яго парадах і добрых адносінах.

— Канечне, цяжка параўнаць той час, калі я пачынаў працаваць і сённяшнія тэхнічныя магчымасці. Нам практычна ўсё даводзілася выконваць ўручную, не было пагрузчыкаў і іншай тэхнікі, без якой зараз проста немагчыма абысціся ў дарожнай справе. Аднак спраўляліся. А зараз мне вельмі прыемна назіраць за вынікамі зладжанай працы дарожнікаў, гляджу на дабротныя дарогі і нават душа радуецца, — прызнаецца Віталь Фёдаравіч.

Акрамя асноўнай працоўнай дзейнасці, Віталь Фёдаравіч быў заўжды актывістам. Узначальваў прафкам, абараняў правы сваіх працаўнікоў, быў сакратаром партыйнай пярвічкі. А зараз з энтузіязмам клапоціцца аб ветэранах-дарожніках, з якімі сам доўгі час працаваў на прадпрыемстве.

— Вельмі радуе, што кіраўніцтва ДРБУ-103 не забывае пра сваіх ветэранаў, якіх у арганізацыі зараз 33. Тут і наш “Ганаровы дарожнік Беларусі 2 ступені” Д.І. Старыкевіч, і ветэраны працы, якія аддалі дарожнай арганізацыі больш за 20 гадоў свайго жыцця Л.М. Андрасюк, М.Б.Грамічук,Г.Д. Грыгарук, О.Ф. Бохан, М.М. Панасюк, В.І. Рагуліна, Н.Г. Карабан, А.П. Кірылюк і В.А.Мартынаў, — расказваў Віталь Фёдаравіч Місіюк. Усіх членаў ветэранскай арганізацыі мы заўсёды віншуем з прафесійным святам, днямі нараджэння і юбілеямі, бо ўвага — гэта самае важнае, а з сімвалічнымі падарункамі нам вельмі дапамагае прафкам прадпрыемства.

Вось так з агульнай працы ўсіх дарожнікаў — працавітых людзей у аранжавых камізэльках — і “шыецца вопратка” для нашых дарог. І хоць у тонкасцях дарожнага будаўніцтва можа разабрацца толькі спецыяліст, але адзнаку дарожнікам звычайна ставіць вадзіцель. Няхай гэтая адзнака будзе толькі выдатнай.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Фота Ірыны ЖУК.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*