З пытаннямі не толькі асабістымі

З пытаннямі не толькі асабістымі

12 снежня прайшла апошняя ў гэтым годзе “прамая лінія” старшыні райвыканкама М.В.Токара.

— Мікалай Васільевіч, звяртаюся да вас ад жыхароў вуліц Спартака і Камсамольская горада Жабінка. Трубы нам на воду праклалі. А калі ж вада будзе?

— З дня на дзень уключым. Да новага года абавязкова пусцім ваду.

— Я званю з Глыбокага. Хачу паскардзіцца. Нашым пенсіянерам давалі ў гаспадарцы збожжа, 200 кілаграмаў за ніжэйшую плату. Мне не далі, хоць маю калгасны стаж 40 гадоў. Перад пенсіяй 15 гадоў працавала санітаркай у бальніцы. Між тым, з калгаса не выходзіла, на калгасным агародзе дапамагала. А ніхто на гэта не звярнуў увагу…

В.А.Куцішка

— Вывучым ваша пытанне і паведамім вам. Думаю, што вырашым яго станоўча.

— Добры дзень, Мікалай Васільевіч, маё дзіця таэквандо займаецца ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Бадзёрасць”. Ездзіць туды аўтобусам, а цяпер часта ў цёмны час сутак, і я заўжды хвалююся. Ці можна зрабіць прыпынак ля спарткомплексу?

І.Трубчык.

— У такім разе неабходна мяняць маршрут. Пускаць аўтобус па вуліцы Цітова. Узгадніць ваша пытанне неабходна з кіраўніцтвам аўтапарка.

— Мікалай Васільевіч, вас турбуюць малаказдатчыкі з СВК “Маціевічы”. У нас перасталі збіраць малако. Няспраўны малакавоз. Абяцалі толькі пасля Раства аднавіць закуп. Няўжо нельга паскорыць?

— Я не гатовы адказаць вам адразу. Даручу майму намесніку, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання разабрацца і арганізаваць работу ў закупе малака.

— Вам патэлефанаваў ветэран вайны і працы Арсеній Васільевіч Жук. У нас у Якаўчыцах было запланавана пабудаваць станцыю  абезжалезвання вады…

— Пакуль фінансавання на гэта няма.

— А ў наступным годзе?..

— Яшчэ не сфарміраваны бюджэт 2013 года. У студзені стане вядома.

— І другое пытанне. Нашу гаспадарку аб’ядналі з адкрытым акцыянерным таварыствам “Жабінкаўскі”. Цяпер фермы “Залуззе” і “Пруск” не задзейнічаны. Хацелася б ведаць якое эканамічнае становішча ў новым сельгаспрадпрыемстве?

— Нармальнае. Пабудавалі ферму ў Курпічах. На сённяшні дзень тут дояць 19 літраў малака ад каровы. У наступным годзе плануем рэканструяваць ферму ў Панцюхах. А ў жывёлагадоўчых памяшканнях у Пруску, магчыма, маладняк паставім. Словам, узбуйненне гаспадаркі сябе апраўдвае.

— Мікалай Васільевіч, у мяне сур’ёзная праблема. Будую дом. Узяў крэдыт. 110 мільёнаў рублёў выбраў, 100 млн. яшчэ засталося, іх якраз і не даюць. Частка даху ўжо накрыта, трэба тэрмінова завяршаць астатнюю, будаўнікам неабходна грошы заплаціць…

М.В.Шырко.

— Я даручу разабрацца з вашай праблемай начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ.

— Званю з аграгарадка Ленінскі. Мікалай Васільевіч, пасадзейнічайце, каб падсыпалі дарогу ад Чыжэўшчыны да пасёлка Ленінскі, што ідзе міма палігона бытавых адходаў.

— Мы яе ўжо падсыпалі, а цяпер, калі снег, рабіць гэта няма сэнсу. На будучае заплануем яе адрамантаваць.

— Добры дзень, Мікалай Васільевіч, я здаў сёлета ў СВК “Маціевічы” двух цялят. Гаспадарка павінна была мне даць за іх збожжа і сена. Збожжа атрымаў, а вось сена не прывезлі. І год ужо заканчваецца.

А.У.Яканюк, в.Жыцінь.

— Ваша пытанне я даручу разгледзець упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

— Звяртаюся да вас, Мікалай Васільевіч, з наступнай праблемай. Купіў дом па вуліцы Чарнака без выгод. Паставіў гідрафор. Цяпер у мяне ёсць вада, але калі адключаюць электраэнергію, падача яе спыняецца. Хацеў бы падключыцца да цэнтральнага водаправода. Наколькі гэта магчыма?

К.Р.Смактуновіч, г.Жабінка.

— Калі вы гатовыя прафінансаваць работы ў падключэнні да гарадскога водаправода, даручу ЖКГ вывучыць сітуацыю з удзелам вашых суседзяў і ўнесці прапановы ў райвыканкам.

Падрыхтавала Святлана МІКАЛАЕВА.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top