“Сустрэнемся ў Брэсце на філфаку”

“Сустрэнемся ў Брэсце на філфаку”

Настаўніца трэцяй гарадской школы Алёна Адамаўна Ніканчук — чалавек дапытлівы, да таго ж — з талентамі даследчыка і ўменнем разумець прыгожае мастацтва. Лічыць, што не малая заслуга ў гэтым прафесара Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, у якога пашчасціла вучыцца. А яшчэ быў запамінальны выпадак у жыцці, калі атрымала ад вядомага пісьменніка першы, у нечым прарочы, аўтограф…

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Вёска Гарадная на Століншчыне, дзе я нарадзілася і скончыла дзесяцігодку, знаходзіцца на мяжы з Украінай. У школе была добрая традыцыя: штогод у кастрычніку праводзіліся сустрэчы берасцейскіх пісьменнікаў з паэтамі і празаікамі Ровеншчыны. Да гэтага свята вучні і настаўнікі ўпрыгожвалі актавую залу, афармляліся кніжныя выставы. У кожнага была свая справа, ніхто не заставаўся ў баку.

Паэтычнае свята 1988 года адкрыў Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Мяне зачараваў ягоны голас, мяккі, пявучы, але найбольш уразіла, як дасканала Калеснік валодаў беларускім словам. Свае новыя вершы чытаў Алесь Каско, Мікола Пракаповіч жартаваў са слухачамі, дэкламуючы байку пра чорта. І вось, нарэшце, слова ўзяла адзіная сярод гасцей жанчына-паэтка, сустрэчу з якой чакалі ўсе прысутныя. Гэта была Ніна Іосіфаўна Мацяш. Яна расказала пра сябе, пра сваю працу, пра вынікі перакладчыцкай дзейнасці. А потым гучала непаўторная паэзія Ніны Мацяш. Упершыню я бачыла, як слухачы не саромеліся сваіх пачуццяў, выціраючы слёзы з твараў.

Тады, нават не ведаю чаму, я папрасілася на сцэну, каб пачытаць мой любімы верш паэткі “Арабіны”. Памятаю і зараз сваё хваляванне, пранізлівую цішыню ў зале… Праз хвіліну я пачала:

Ну, вось і зноў рабіны адцвілі…

Шчэ й у адзін чэрвень велічна ўваходзяць.

Хто я? Дзеля чаго тут на зямлі?

На што брыла тысячагоддзі?..

Пад час чытання мне ад перажыванняў не хапала паветра, але я не спынялася.

Нарэшце — апошнія радкі:

І я за продкаў, за сябе

Разгортваю крылы, увысь цягнуся.

Ідуць не ў задуменне, не ў журбу,

У песню арабіны Беларусі.

Праз паўзу ў зале пачуліся апладысменты. Я зірнула на Ніну Іосіфаўну, яна ўсміхалася, седзячы за сталом, а потым запрасіла падысці.

— Дзякуй за падарунак! — Яна прытуліла мяне да сябе і пацалавала.

“Падарунак? Маё чытанне — падарунак?! — падумалася ў хваляванні. — Ваша творчасць, ваш талент — вось падарунак усім нам, прыхільнікам сапраўднай паэзіі”. Тады я пасаромелася сказаць гэта цудоўнай жанчыне — мужнаму чалавеку, а потым вельмі аб гэтым шкадавала.

Пасля свята паэзіі ўсе, хто жадаў, падыходзілі да гасцей па аўтографы. У мяне не было ніякай кнігі, каб атрымаць подпіс. На дапамогу прыйшла Алімпіяда Дзмітрыеўна Леанавец, якая выкладала ў нашым класе беларускую мову і літаратуру. Яна ўручыла мне кнігу Уладзіміра Калесніка “Тварэнне легенды” і сказала:

— Не саромейся, падыдзі да Калесніка, ён піша такія пажаданні, якія потым збываюцца.

Уладзімір Андрэевіч запытаў, як мяне завуць, і напісаў: “Алёне Дарошка, дзяўчыне з Палесся, якая так пранікнёна чытае вершы. Сустрэнемся ў Брэсце на філфаку. Ул.Калеснік”.

Гэтыя словы былі прарочымі. Праз год я стала студэнткай філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна, абрала спецыялізацыю “беларуская мова і літаратура” з дадатковай спецыяльнасцю “гісторыя”.

Мы сустрэліся з Уладзімірам Андрэевічам на першым курсе і былі ў добрых адносінах на працягу ўсіх гадоў вучобы. Пад час практычных заняткаў ён, бывала, звяртаўся да мяне:

— Ну, дык адказваць сёння будзеш, паляшучка?..

Алёна Ніканчук, г.Жабінка.

На здымку: Уладзімір Андрэевіч у Жабінцы пасля выступлення перад чытачамі (1985 год) (з хатняга архіва Бензерукоў).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top