Патрабавальная і аб’ектыўная

Патрабавальная і аб’ектыўная

Павага, прыхільнасць да настаўніка геаграфіі Івана Васільевіча Зялевіча, захапленне на яго ўроках, дапамаглі Галіне Тыванчук выбраць прафесію, якой яна ні разу ў жыцці не здрадзіла. Менавіта педагогі Сяхновіцкай базавай школы сваім прафесіяналізмам, разуменнем дзіцячых душаў падштурхоўвалі вучняў да выбару прафесіі настаўніка.

У сям’і Тыванчукоў з Вялікіх Сяхновічаў яна была першы педагог, калі не браць да ўвагі яе родную цёцю па мацярынскай лініі Ганну Андрэеўну Качан, якая працавала завучам Азяцкай сярэдняй школы.

— У той час гэтая прафесія была паважаная сярод людзей. Хто, як не педагог, ведаў многа пазнаваўчага, цікава і даступна мог растлумачыць любую навіну, праблему. Да яго цягнуліся вяскоўцы, — успамінае сёння Галіна Васільеўна Аксюцік (прозвішча па мужу).

Яшчэ ў базавай школе яна рашыла для сябе — буду географам, як Іван Васільевіч. Мара яе збылася. У год заканчэння другой гарадской школы Жабінкі паспяхова вытрымала ўступныя экзамены і стала студэнткай Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Факультэт выбрала “геаграфія і біялогія”. У 1980-ым годзе з дыпломам настаўніка вярнулася на Жабінкаўшчыну. Сваю працоўную дзейнасць пачала ў Крыўлянскай адзінаццацігодцы. На першым часе была выхавальніцай групы падоўжанага дня. Потым перайшла ў Маціевіцкую базавую школу і стала выкладаць геаграфію.

Галіна Васільеўна добра памятае, як у тыя ўжо далёкія гады яна і яе вучні гадзінамі прападалі ў школе пасля ўрокаў. Займаліся цікавай пошукавай працай: збіралі інфармацыю пра жыццё і дзейнасць мясцовых людзей, пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, краязнаўчы матэрыял аб роднай вёсцы, яе вядомых жыхарах, што з’ехалі ў іншыя мясціны.

— Вучні былі такія бескарыслівыя і ўдзячныя. Ім было ўсё цікава, — з усмешкай гаворыць Галіна Васільеўна пра тую пару. — На ўроках я старалася тлумачыць тэму не суха, па кніжнаму, а выкарыстоўвала нагляднасць, мясцовы матэрыял, навуковыя навінкі, чым захапляла хлопчыкаў і дзяўчынак. Яны любілі і з ахвотаю вучылі гэты прадмет, імкнуліся даследаваць родны край і далёкія краіны. Некаторыя з іх у будучым звязалі сваё жыццё з геаграфіяй.

Да цяперашняга дня гэты прадмет для яе з’яўляецца жывой навукай. Настаўніца лічыць, што ўзровень яе ведаў у гэтым прадмеце вымяраецца тым, колькі яна ўбачыла сваімі вачыма. Раней яна многа падарожнічала. Таму і будавала свой урок не толькі паводле падручніка, а выкарыстоўвала ўбачанае ў паездках, расказвала аб прыродзе і гарадах па зробленых фотаздымках. Такія ўрокі жывой геаграфіі праходзяць на адным дыханні, а ў дзіцячай памяці застаецца больш фактаў, чым пры звычайным вывучэнні кніжнага матэрыялу. Цяпер ёй дапамагае камп’ютар. Падарожнічаць можна з ім у самыя далёкія мясціны.

Жаданне творчасці, зацікаўленасць у пастаянным паглыбленні ведаў, разуменне дзіцячых душаў дапамаглі Галіне Васільеўне Аксюцік зрабіць прафесіянальную кар’еру. У 1997 годзе яна стала завучам Маціевіцкай школы, двума гадамі пазней — яе дырэктарам. Працаваць дырэктарам навучальнай установы, вядома, нялёгкая справа. Зможа панесці гэтую ношу толькі той педагог, які паўсюдна праяўляе ініцыятыўнасць, актыўнасць, паважае калегаў, разам з якімі стварае дружную школу-сям’ю.

— Наша школа стараецца ісці ў нагу з часам, — гаворыць Галіна Васільеўна. — Гэта і пастаяннае абнаўленне вучэбных кабінетаў, і добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, і заняткі ў шматлікіх гуртках. Але прыярытэтным застаецца вучоба. Маціевіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі пастаянна ўдзельнічаюць у раённых прадметных алімпіядах. У мінулым навучальным годзе Ангеліна Галоўчык заняла першае месца ў рускай, Дар’я Квачанюк — другое ў нямецкай, а Карына Серыкава — трэцяе ў беларускай мовах.

Дзякуючы кіраўніку тут заўсёды пануе спрыяльная сацыяльна-псіхалагічная атмасфера. Дырэктар выдатна спалучае адміністрацыйныя функцыі з клопатам пра падначаленых, якія заўсёды могуць выказаць сваю думку адкрыта, праявіць творчыя здольнасці і ініцыятыву. Адносіны з усімі будуюцца на даверы, на аснове балансу правоў, абавязкаў, адказнасці кожнага за даручаны ўчастак працы. Аб гэтым сведчыць пастаянны кадравы патэнцыял школы, добрыя вынікі працы ўстановы. Гэта з-за таго, што Галіна Васільеўна ў меру патрабавальная і аб’ектыўная, працаваць з ёй лёгка. Стымуляванне працы яна ажыццяўляе ў адпаведнасці з рэальным укладам кожнага ў агульны вынік. Яна праяўляе вялікую ўвагу да патрэб людзей, своечасова рэагуе на звароты, клапоціцца аб ветэранах педагагічнай працы, шчырая з вучнямі і бацькамі.

Галіна Васільеўна Аксюцік поўнасцю выкладаецца не толькі ў школе, а стараецца і ва ўласнай сям’і быць сапраўднай гаспадыняй і любячай маці. Імкнецца да таго, каб дзецям і ўнукам было камфортна і ўтульна. І гэта атрымліваецца. Яе старэйшая дачка Людміла працуе настаўніцай пачатковых класаў у Жабінкаўскай школе-інтэрнаце. Калі дзеці ідуць у прафесію бацькоў, значыць, выбар некалі быў зроблены правільны, прызнаны і зацікавіў малодшае пакаленне. Сын Андрэй — аператар ЭВМ, працуе на адным з прадпрыемстваў Брэста, а Вольга вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Багатая Галіна Васільеўна і на ўнукаў, якіх у яе ўжо трое. Жыццё вялікае і непрадказальнае. Можа здарыцца і так, што нехта з іх звяжа яго з педагогікай. Дынастыя прадоўжыцца і ва ўнуках.

Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.

На здымку: дырэктар Г.В.Аксюцік з дачкою Л.А.Хвядынка і ўнучкай Дар’яй.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top