Под перестук колес

Под перестук колес


Пад грукат колаў
З 11-гадовым масквічом Кірылам Сахіным мы пазнаёміліся спачатку завочна. На адным з інтэрнэт-парталаў, што робіцца ў Чыкага (ЗША), было змешчана яго апавяданне. Уразіла прысвячэнне: “Расстраляным камсамольцам вёскі Карды”. Пра забойства 21 мая 1942 года фашыстамі кардоўскіх актывістаў нагадваюць два помнікі ў нашым раёне: у родных Кардах і ў Жабінцы, паблізу чыгункі, дзе адбылася тая кара. Як высветлілася, маленькі аўтар — нашчадак аднаго з забітых, Уладзіміра Пацейчука.
Сёння публікуем у скарочаным выглядзе ягоны твор.
“Тук-тук-тук” — грукаюць колы. Цягнік вязе нас з мамай у Беларусь — у госці да майго прадзядулі. За вокнамі маскоўскія пейзажы змяняюцца загараднымі. “Тук-тук-тук”…
Я адкрываю вочы. Нада мной сіне-шэрае неба. Да світанку яшчэ ёсць час. Побач са мною сябра Віцёк. Ён старэйшы за мяне — яму ўжо 13. Ён таксама глядзіць у неба. На лузе гуляюць коні, якіх мы пасём. Нельга спаць, але часам сон змяжоўвае павекі. Хуткі золак, на ўсходзе ўздымаецца вогнена-чырвонае сонца.
І тут у далечыні я заўважаю самалёт, адразу бачна — не грамадзянскі. Быццам скрозь сон чую ўзрывы бомб. Раней такі гук даводзілася чуць толькі па радыё, у зводках навін з Іспаніі.
— Віцёк, глядзі! Ты бачыш? — чамусьці шэптам пытаюся я.
Сябар крычыць мне:
— Бягом дамоў! Ты што не зразумеў? Гэта ВАЙНА!!!
Вяскоўцы сабраліся на двары, ціха перамаўляліся, быццам баяліся, што іх могуць пачуць ворагі. Я разбіраў толькі некалькі слоў: “вайна”, “бяда”, “голад”, і думаў: “Які голад? У гэтым годзе такі добры ўраджай! А на падворку шмат жывёлы”. Што такое вайна, я не вельмі добра разумеў. Яна мне здавалася вельмі далёкай і не рэальнай. І нават той самалёт, які мы бачылі, ужо здаваўся сном. Але сапраўднасць аказалася нават больш жахліваю, чым сон. Раніцай многія мужыкі пайшлі з вёскі. Я не ведаў, куды, але мама моцна плакала, калі праводзілі тату. Ён пацалаваў мяне на развітанне і сказаў: “Ты застаешся за мяне. Беражы маці”.
Некалькі дзён вёска жыла ў чаканні бяды. Немцы хадзілі па дварах як гаспадары. З імі быў дзядзька Міхал, які раней працаваў разам з маім бацькам на чыгунцы. Але цяпер ён не размаўляў з суседзямі, а толькі спрабаваў дагадзіць фашыстам.
Увечары разам з Віцьком мы сядзелі за старым хлявом. Сябрук сказаў, што ў вёсцы ёсць камсамольцы, якія будуць змагацца з немцамі. Я спытаўся:
— А што нам рабіць?
На гэтае пытанне ён адказаў па-даросламу:
— Не перашкаджаць і маўчаць. Бо цябе толькі дзесяць гадоў.
Употай мы назіралі за камсамольцамі і ведалі іх планы, вельмі хацелася ім дапамагчы. І вось аднойчы я не сцярпеў і ў час іх перамоў вылез са свайго патайнога месца. Яны абураліся, гразіліся сказаць маёй маме, каб яна не выпускала мяне з дому. На тое я адказаў:
— Мой тата пайшоў да партызанаў. А перад тым сказаў, каб я заставаўся ў сям’і за старэйшага.
Пасля гэтага выпадку мне давяралі невялічкія даручэнні. Я з ахвотаю хадзіў да чыгуначнай станцыі, падслухваючы размовы паліцаяў. І ніхто з іх не звяртаў увагі на маленькае і галоднае дзіця. Некаторыя нават кідалі мне рэшткі ежы.
Аднойчы ў ноч падпольшчыкі падпалілі будынак камендатуры. Згарэлі трое паліцаяў, і немцы былі раззлаваныя, бо здагадваліся, што гэта справа рук камсамольцаў з нашай вёскі.
А наступнай раніцай пачуўся гул матацыклаў і аўтаматныя чэргі. Карнікі выганялі з дамоў усіх жыхароў. Я бачыў, як яны валаклі бабулю Варвару, бачыў, як прыкладамі білі Нюру з маленькім Ванем на руках…
Дзед Міхал — старшы паліцай сказаў:
— Калі камсамольцы вашай вёскі не выйдуць зараз наперад, вас усіх расстраляюць.
Я з жахам глядзеў на хлопцаў. Усе чакалі і маўчалі. І вось яны па чарзе сталі ступаць на перад. Іх было дзесяць чалавек. Ні адзін не застаўся ў натоўпе… Карнікі адвялі іх у бок і нацэліліся з аўтаматаў…
— Не! — закрычаў я… — Кірыл, ты што? Нешта прыснілася?
Я адкрыў вочы. “Тук-тук-тук” — грукаюць колы. На мяне спужана глядзіць матуля.
— Мама, не бойся, я заўсёды буду з табою, — гавару я ёй.
Наш цягнік пад’язджае да Брэста.  Мы абавязкова сходзім у Брэсцкую крэпасць. Там сустракаюцца ветэраны той страшнай вайны, і можа, сярод іх ёсць той хлопчык, што прысніўся мне пад грукат колаў.
“Тук-тук-тук”. “Тук-тук-тук”…
К.САХІН, г.Масква.
На здымку: Кірыл Сахін каля помніка забітых актывістаў па вул.Фядзяя ў г.Жабінка.
Фота і пераклад з рускай мовы А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top