Прыродны газ «прыйшоў» у аграгарадок Хмелева Жабінкаўскага раёна

Прыродны газ «прыйшоў» у аграгарадок Хмелева Жабінкаўскага раёна

13 снежня 2012 года назаўсёды застанецца ў памяці хмелеўцаў. Нягледзячы на снежную завею, каля адміністрацыйнага будынка СВК “Хмелева” збіраліся вяскоўцы, прыйшлі і вучні мясцовай школы. А як жа! Сёння тут сапраўднае свята! Праз колькі хвілін будзе запалены факел і прыродны газ “пойдзе” ў дамы жыхароў аграгарадка Хмелева.

Раздзяліць радасць вяскоўцаў прыйшлі ганаровыя госці цырымоніі: старшыня Брэсцкага аблвыканкама К.А.Сумар, Генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” Л.І.Рудзінскі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў С.Д.Ашмянцаў, старшыня райвыканкама М.В.Токар, Генеральны дырэктар УП “Брэстаблгаз” Я.А.Шалонік.

Дарэчы, словы “радасць”, “свята” гучалі з вуснаў выступоўцаў дый удзельнікаў мерапрыемства даволі часта. Чаму? Таму што з прыходам “блакітнага паліва” ў дамах прапісваецца сапраўдны камфорт і ўтульнасць, эканоміцца вольны час, быт сяльчан набліжаецца да гарадскога…

Да мікрафона падыходзіць кіраўнік вобласці Канстанцін Сумар: “Газіфікацыя населеных пунктаў краіны — гэта стратэгічны праект, які ўзяты пад кантроль прэзідэнтам. На Брэстчыне з часу яго рэалізацыі “блакітнае паліва” падведзена да 63% аграгарадкоў. Дарэчы, наша вобласць газіфікавана найлепш за ўсе астатнія ў краіне. Што датычыцца населеных пунктаў Жабінкаўшчыны, то яшчэ нябачнае паліва прыйдзе ў чатыры аграгарадкі: у 2013 годзе — у Маціевічы, 2014-ым у Якаўчыцы, у 2017-ым — у Сцяпанкі і ў 2019-ым — у Крыўляны. У мяне на прыёме неаднойчы былі “хадакі” з Сакалова, якім таксама хочацца жыць у камфортных умовах. Думаю, што ўдасца вырашыць і іх праблему. У нас практыкуецца будаўніцтва падвадных газаправодаў да населеных пунктаў за кошт сродкаў, якія выдаткоўваюцца пад праграму жыллёвага будаўніцтва. Такім чынам сёлета газіфікавалі 12 вёсак вобласці”.

Газ — паліва нябачнае, у руках яго не патрымаеш, але выгод і зручнасцей, як для вытворцаў прадукцыі так і бытавых спажыўцоў, прыносіць нямала. Перавагі яго над звадкаваным і іншымі відамі паліва адчулі ўсе, таму і імкнуцца газіфікаваць сваё жыллё. Дарэчы, як заўважыў на ўрачыстасці ў Хмелеве Генеральны дырэктар ДВА “Белпалівагаз” Леанід Рудзінскі, штогод у краіне будуецца больш чым 2,5 тысячы кіламетраў газаправодаў, сёлета ўпершыню прыроднае “блакітнае паліва” прыйшло ў больш як 100 населеных пунктаў. У Беларусі насельніцтва спажывае 8% газу, а ў Брэсцкай вобласці 17% ад яго паступленняў, газіфікавана ў цэлым у краіне 10% населеных пунктаў, а на Брэстчыне ў два разы больш. Леанід Іванавіч адзначыў, што пракладка газаправодаў у нашым краі вядзецца паспяхова з-за зладжанай работы газавікоў, мясцовых уладаў і, вядома, насельніцтва.

Павіншаваў землякоў з адметнай падзеяй у іх жыцці таксама старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Мікалай Токар. “Сёння першы населены пункт паўночна-заходняй часткі раёна атрымае доўгачаканы прыродны газ, — сказаў ён. — Дванаццаць кіламетраў газавай трасы пракладзена толькі да Хмелева, без уліку яе па вёсцы, да сядзібаў. У 112 дамах загарыцца полымя прыроднага газу. На рэалізацыю гэтага праекта патрачана 1,5 млрд. рублёў бюджэтных сродкаў, што складае 70% усяго яго кошту, 30% выдаткаў унесена гаспадарамі дамоў. Аграгарадок “Хмелева” ўжо трынаццаты населены пункт Жабінкаўшчыны, дзе вяскоўцы будуць карыстацца прыродным газам. Пракладзены трасы да Алізарава Става, Сенькавічаў, неўзабаве працягнуцца яны да Малых і Вялікіх Сяхновічаў. Такое магчыма дзякуючы падтрымцы праекта газіфікацыі аблвыканкамам і абласным Саветам дэпутатаў, Міністэрствам энергетыкі, “Белпалівагазам”, іншымі зацікаўленымі арганізацыямі і асобамі”.

Надыходзіць урачысты і хвалюючы момант сустрэчы. Шаноўныя госці свята падыходзяць да месца, дзе ўстаноўлена чаша, губернатар Канстанцін Сумар падносіць да яе факел і ўспыхвае агонь. Прыродны газ з гэтай хвіліны пойдзе ў дамы хмелеўцаў.

Слова ад імя жыхароў аграгарадка сказала старшыня кааператыву па газіфікацыі Тамара Фёдараўна Кірыліна. Яна выказала ўдзячнасць усім, хто ажыццяўляў такі патрэбны для людзей праект, і ўпэўненасць, што моладзь будзе заставацца працаваць у сельскагаспадарчай вытворчасці, а значыць, дамы напоўняцца дзіцячымі галасамі.

На музычна-гумарыстычнай ноце, якую падаравалі ўсім, хто прыйшоў на ўрачыстасць, самадзейныя артысты народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, завяршылася гэтае мерапрыемства.

Людміла КОСЦІНА.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top