Заапарк санаторнага тыпу

Заапарк санаторнага тыпу

Зараз ва ўсім свеце налічваецца каля 1000 заапаркаў, таму з’яўленне такой установы ў санаторыі “Надзея” сведчыць, наколькі клапоціцца кіраўніцтва УП “Брэстаблгаз”, якому належыць здраўніца, аб захаванні рэдкіх відаў жывёльнага свету.

Гэта падабаецца адпачываючым, якія ахвотна фатаграфуюцца побач з вальерамі. Здымкі, зробленыя імі на памяць, нібыта візітоўкі санаторыя “Надзея”, разляцяцца па свеце, будуць паказаны родным, сябрам і знаёмым, таму што, акрамя беларусаў, тут адпачывае шмат жыхароў Расійскай Федэрацыі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыйскіх краін.

Як у сапраўдным заапарку, на клетках і вальерах вісяць шыльдачкі з навуковай класіфікацыяй відаў, паказана гісторыя і паходжанне пароды, асаблівасці рассялення і г.д. Калі назіраеш за жывёламі, птушкамі, цудоўна адчуваеш сябе ў сасновым бары, пачынаеш зусім інакш уяўляць гармонію з роднай прыродай.

У санаторным заапарку добра адаптаваліся да беларускіх шыротаў в’етнамскія віслапузыя свінні, дэкаратыўныя атласныя, ангорскія і гарнастаевыя трусы, камярунскі казёл з козамі, пухавыя і шаўкавістыя куры і пеўні, сямейства цацарак, некалькі відаў фазанаў, сярод іх — паляўнічы і румынскі, залаты і сярэбраны.

Але ж галоўным гонарам заалагічнага парка стаў высакародны алень — буйная парнакапытная жывёліна з разгалінаванымі шыкоўнымі рагамі. Алені (а іх у прыродзе налічваецца каля трох дзясяткаў відаў) жывуць ў Еўропе, Азіі, Паўночнай Афрыцы і Амерыцы. Найбольш распаўсюджаныя: паўночныя алені, лані, казулі, ласі, кабарга, высакародныя алені і інш.

У блізкіх планах санаторнага заапарка набыць поні ды іншых звяроў. А гэта значыць, што заапарк і надалей будзе развівацца.

Альберт БАГДАСАРАЎ, г.Брэст.

На здымку: у заапарку санаторыя “Надзея”; в.а. намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы Мікалай Максімук наглядае за жыхарамі “жывога кутка”.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top