“Рукі дапамогі” — для тых, хто ў бядзе

“Рукі дапамогі” — для тых, хто ў бядзе

4 снежня ў трэцяй гарадской школе для намеснікаў дырэктараў, сацыяльных педагогаў і псіхолагаў школ раёна ладзіўся семінар-трэнінг, прысвечаны пытанням сучаснага гандлю людзьмі. Нагадаем, Беларусь заўжды выступае на міжнароднай арэне з ініцыятывамі супраць гэтай заганнай з’явы і ўжо ў маі 2003-га ратыфікавала Пратакол ААН аб папярэджанні і ліквідацыі гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі.

Перад педагогамі выступілі каардынатар праграм супрацьдзеяння і папярэджання гандлю людзьмі ў Брэсцкай вобласці Ніна Саванеўская і псіхолаг інфармацыйна-кансультатыўнага цэнтра “Рукі дапамогі” Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Іна Пісарава, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Жабінкаўскага РАУС Дзмітрый Варапаеў і педагог-псіхолаг СШ №37 г.Брэста, лідар валанцёрскага руху Наталля Асіпук, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Таццяна Пархімовіч.

Выступоўцы звярнулі ўвагу на небяспеку, якую нясе сучаснае жыццё не толькі для маладых людзей, але й людзей ва ўзросце, паколькі дасюль існуе ў свеце гандаль людзьмі. Напрыклад, сёлета ў краіне зарэгістравана 13 выпадкаў, калі непаўналетнія былі ўцягнуты ў сферу парнаграфічнай індустрыі, прычым шэсць выпадкаў прыпадае на нашу вобласць.

Грамадзяне трапляюць у рабства, чакаючы лёгкіх заробкаў, і доўгі час знаходзяцца ў залежнасці ад сённяшніх гандляроў “жывым таварам”, якія не грэбуюць самымі бруднымі метадамі — падманам і прымусам. На шчасце, пакуль гэтая агідная з’ява абмінула Жабінкаўскі раён, аднак мы жывем на бойкім месцы, таму галоўная мэта семінара — навучыць настаўнікаў, а праз іх данесці да навучэнцаў, як дзейнічаць у няпростых жыццёвых сітуацыях.

Удзельнікі мерапрыемства праглядзелі і абмеркавалі відэастужкі “Пастка”, “Надзін і Алена”, з цікавасцю пазнаёміліся з дзейнасцю ІКЦ “Рукі дапамогі”, даведаліся пра ролю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў сферы супрацьдзеяння гандлю людзьмі.

Гучалі рэальныя гісторыі, якія нікога не пакінулі абыякавымі, мусілі задумацца, зрабіць высновы, што за спакуслівым глянцам сучаснага сытага жыцця могуць хавацца воўчыя іклы.

Найбольш захапляльнай стала праца ў малых групах, на якія падзяліліся педагогі. Прынамсі, кожны меў магчымасць паўдзельнічаць у практыкуме “Як трапляюць у рабства? Метады вярбоўкі і спосабы прымусу”, інтэрактыўнай, ролевай і псіхалагічнай гульнях “Паездка за мяжу”, “Сітуацыя ўзаемадзеяння”, “Здагадайся, хто гэта?”.

Галоўны вынік семінара: на ім адбылася сустрэча аднадумцаў, людзей зацікаўленых і неабыякавых, што гатовыя выкарыстоўваць набытыя веды ў працы са школьнікамі, якія павінны ведаць пра гандаль людзьмі як мага болей, каб пазбегнуць у жыцці непрыемных і страшных момантаў.

Анатоль РОСТАЎ.

На здымках: у час семінара-трэнінга ў СШ №3 г.Жабінка.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top