На Жабінкаўшчыне адбылася сустрэча з маладымі спецыялістамі

На Жабінкаўшчыне адбылася сустрэча з маладымі спецыялістамі

Заўтра — гэта мы!

Традыцыйнымі сталі сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія зусім нядаўна сядзелі ў студэнцкіх аўдыторыях. А сёння веды, атрыманыя ў вну і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, яны павінны выкарыстоўваць на практыцы. Складана? Безумоўна. Але калі ў калектыве добразычлівая атмасфера, калі кіраўніцтва паклапоціцца аб умовах працы і быту маладога работніка, дапаможа вырашыць жыллёвае пытанне, гэта вялікі плюс у станаўленні маладога чалавека. Ёсць спадзяванні, што праз два гады ён не пакіне сваё першае рабочае месца, не будзе шукаць лепшых выгод.

Сёлета ў раён іх прыйшло 76. Большасць — нараджэнцы Жабінкаўшчыны, адвучыліся і вярнуліся на сваю малую радзіму. Верыцца, што з добрымі намерамі — праявіць сябе, атрымаць задавальненне ад выбранай прафесіі.

Напачатку дзяўчаты і юнакі наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Затым пабывалі ў ПМК-19, дзе інжынер па тэхніцы бяспекі М.І.Хоміч расказаў пра гісторыю ўтварэння арганізацыі, пра сённяшні дзень калектыву меліяратараў і перспектывы развіцця прадпрыемства. Прадоўжылася мерапрыемства ў актавай зале райвыканкама. Начальнік аддзела па справах моладзі В.У.Бортнік пазнаёміла маладых спецыялістаў са старшынямі — райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў М.В.Токарам і С.В.Мартысюком, кіраўнікамі іншых службаў выканаўчай улады, арганізацый і ўстаноў.

М.В.Токар расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна, спыніўся на здабытках і праблемах. За апошнія гады тут шмат зроблена: добраўпарадкоўваюцца населеныя пункты, горад, будуецца жыллё, асфальтуюцца дарогі, вуліцы, пракладваецца каналізацыя. У бліжэйшы час плануецца пабудаваць 10 дамоў у вёсках (а гэта, магчыма, жыллё і для маладых спецыялістаў), у пачатку года будзе ўведзены ў эксплуатацыю шматкватэрны кааператыў у Жабінцы. У аграгарадкі прыйдзе прыродны газ: спачатку ў Хмелева, потым у Маціевічы, Якаўчыцы, Крыўляны, Сцяпанкі. Усё робіцца для таго, каб людзям жылося лепш.

Мікалай Васільевіч адзначыў, што кіраўніцтва раёна чакае ад моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы С.У.Озальс падкрэсліла, што менавіта актыўнасць, адказнасць, жаданне дабіцца станоўчых вынікаў у працы дапамагаюць маладым спецыялістам расці прафесійна.

Аляксандр Кучынскі ў 2010 годзе пасля вучобы быў накіраваны ў СВК “Рагазнянскі”. Працаваў ветэрынарным урачом. Добрасумленна выконваў свае абавязкі, як сказаў, многаму навучыўся ў старэйшых калег. Цяпер узначальвае ветэрынарную службу ААТ “Жабінкаўскі”. Цяпер Аляксандр дае парады маладым: ісці на дыялог з кіраўніком, іншы раз патрэбныя і кампрамісныя рашэнні, ніколі не засмучацца, праяўляць творчы падыход у вырашэнні любой справы.

Цікава было паслухаць старшыню СВК “Рагазнянскі” А.В.Семенюка, які звярнуўся да маладых людзей з вышыні свайго жыццёвага вопыту. 31 год таму прыйшоў ён ветурачом у гаспадарку, 16 — яе ўзначальвае. І, як бачым, на прыкладзе А.Кучынскага рыхтуе кадравы рэзерв не толькі для свайго сельгаспрадпрыемства, але й для суседніх. Паводле слоў кіраўніка “Рагазнянскага” тут працуе нямала маладых спецыялістаў, якія добра зарэкамендавалі сябе. Аляксандр Васільевіч не лічыць сённяшнюю моладзь дрэннай. “У нас, — падкрэсліў ён, — добрае будучае, я задаволены, што ў гаспадарку прыходзяць адукаваныя спецыялісты, здольныя добра працаваць. А праблема бацькоў і дзяцей старая, як гэты свет”.

На сустрэчы прысутнічаў намеснік начальніка аддзела рознічнага бізнесу ЦБП №109 г.Жабінка філіяла №100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення “Ашчадны банк “Беларусбанк” С.В.Платонаў, які праінфармаваў пра магчымасці атрымання льготных крэдытаў маладымі спецыялістамі.

Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Маісеенка расказала пра справы адной з самых масавых арганізацый у раёне, у якой налічваецца каля тысячы маладых людзей.

Юнакі і дзяўчаты, якіх запрасілі на мерапрыемства, не задавалі пытанняў. І гэта,напэўна, не важна. Проста яны атрымалі ў гэты дзень багатую інфармацыю для роздуму, а калі праблемы з’явяцца, дык яны ведаюць, куды звяртацца, каб вырашыць іх. Кіраўніцтва раёна пацвердзіла: тут гатовыя да дыялогу.

Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top