Беларус з высокіх гор

Беларус з высокіх гор

Нарыс

 Кінь за сабою — найдзеш перад сабою.

Паляшуцкая прыказка

 Колькі слоў пра героя

Павел Фёдаравіч Сідарук

Нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Мышчыцы Жабінкаўскага раёна. Депутат парламента Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі, намеснік старшыні праўлення рэгіянальнага аддзялення партыі «Справядлівая Расія», вядучы спецыяліст упраўлення прамысловасці, транспарту і сувязі Адміністрацыі Нальчыка, кіраўнік беларускай дыяспары, старшыня савета грамадскага руху «За яднанне — «Сябры»».

І. Восень спатканняў і прызнанняў

Усё так, як некалі — калі быў малады. І — усё інакш. Зусім інакш.

Адначасна ён пазнаваў і не пазнаваў гэтыя мясціны.

Абноўлены гарадок, усыпаны залатымі лістамі, прыняў яго ветліва, але не пазнаў. Чаму здзіўляцца? Амаль сорак гадоў быў удалечыні, хоць і марыў вярнуцца, каб прысесці на родным парозе…

Ён зірнуў на станцыйны гадзіннік: час, вядома, іншы, чым у Нальчыку, і жыццё, адпаведна, іншае. Адвык беларус з высокіх гор ад роўнай-роўненькай малой радзімы. Сюды ён завітаў з Масквы, дзе ладзілася канферэнцыя беларусаў Расійскай Федэрацыі. Адваротны шлях спланаваў так, каб наведаць жабінкаўскія землі…

— Прабачце, гэта вы — Павел Фёдаравіч Сідарук?

Ён азірнуўся і прыветна ўсміхнуўся, паціскаючы руку невысокаму чалавеку. Паўгода таму Сідарук напісаў у Жабінку. І вось нечаканая сустрэча. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Анатоль Аляксандравіч Старыцкі аказаўся былым настаўнікам Рыкавіцкай школы, куды Паша Сідарук некалі хадзіў у сярэднія класы. Цяпер ні вёскі, ні школкі…

— Ну, і якія першыя ўражанні ад нашай Жабінкі? — пацікавіўся Анатоль Аляксандравіч. І Сідарук раптам адчуў асаблівую цеплыню і гонар у слове “наша”.

— Прыгожая!

— Тры дні таму мы прымалі абласныя “Дажынкі-2007”, многае зроблена да свята.

У райвыканкаме яго чакалі бясцэнныя падарункі — кнігі пра Жабінкаўшчыну і яе працавітых жыхароў. У адной з іх, што звалася “Сорак дарог”, пабачыў вытрымкі са свайго ліста, напісанага ад імя беларусаў Кабардзіна-Балкарыі: “Усе мы Беларусь любім, цэнім, памятаем, захапляемся і жадаем поспехаў ды росквіту як краіне, так і людзям, што жывуць у ёй”. А ў раённай кнізе “Памяць” адшукалася згадка пра бацьку Фёдара Якаўлевіча, радавога Вялікай Айчыннай, уганараванага медалямі “За адвагу” і “За ўзяцце Берліна”.

— Першую ўзнагароду ён абмыў уласнай крывёю, — расчулена сказаў Павел Фёдаравіч. — У дзяцінстве нярэдка пытаўся ў яго: як там было, у баі? Ды бацька расказваць пра вайну не любіў. Я — яму: “Як перапраўляліся праз Одэр?” А ён: “Жыць захочаш — пераправішся…” Памятаю, як радаваўся бацька, калі у 1965 годзе пачалі шырока святкаваць Дзень Перамогі. З якім гонарам ветэраны даставалі свае медалі! Не магу сабе дараваць, што ўзнагароды пасля бацькавай смерці згубіліся…

Каб адарваць госця ад сумных думак, яму прапанавалі:

— Сёння серада, а ў суботу 20 кастрычніка ў нас свята: абласны фестываль “Суквецце культур”. У Жабінку з’едуцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў з усіх куткоў Брэстчыны ўпершыню ў фэсце бяруць удзел кабардзінцы і балкарцы. Заставайцеся.

— Нельга, — адказаў Сідарук. — Час вяртацца ў родныя горы, але на сёння ёсць яшчэ справа на роднай зямлі… Еду ў Ракітніцу, да брата. Трэба павітацца, а мо… і развітацца.

ІІ. “Ходзіць бусел па балоце…”

На жаль, не памыліўся. Гэта была апошняя сустрэча з хворым братам. Хоць Аляксандр Фёдаравіч, узрадаваны сустрэчы, спрабаваў жартаваць:

— Ну, Пашка, высока ты ўзляцеў! Бачу, вырас з братавых чобатаў.

У тых вялікіх ботах Павел, быццам бусел па балоце, у непагадзь штодня тупаў у школку. Сем кіламетраў — праз лес, што скрыпеў у марозны цёмны ранак, па калені ў снезе. І ўрокі рыхтаваў пад газніцу, электрычнасць у Мышчыцы правялі толькі ў сярэдзіне 60-ых. Тады Павел ужо вучыўся ў Азяцкай дзесяцігодцы. Прага да ведаў была вялікая, кнігі, асабліва пра вайну, чытаў запоем, марыў пра ваеннае вучылішча. Ды бацька запярэчыў:

— Навошта табе гэта? Працуй у калгасе, на жыццё зарабляй!

Родзіч, у якога сыны вучыліся ў інстытуце, бацьку ўгаварыў:

— Што ты, Якаўлевіч, удумаў? Сам, лічы, непісьменны, і сыну такога лёсу жадаеш? Дваццатае стагоддзе на двары. У космас паляцелі, а ты…

І бацька пагадзіўся, нават веласіпед — багацце па тым часе — купіў, каб было на чым ездзіць на заняткі…

Да позняга вечара браты згадвалі былое. Ім было што ўспомніць. Разумелі абодва без лішніх слоў: старэйшы жыццё падсумоўваў, малодшаму, з Божай ласкі, яшчэ жыць і жыць.

ІІІ. На беразе палескага “мора”

(з успамінаў П.Ф.Сідарука)

Калі Нальчык месціцца ў падкове гор, дык вакол нашай вёскі была падкова балатоў.

Вясна прыходзіла ранняя, яркая. Снег амаль імгненна знікаў, і на дрыгвянікі, дзе ўзімку мы ганялі на каньках, пачыналі цвірчэць хуткія талыя воды. У сотні метрах ад хатняга парога — вада сіняя-сіняя да гарызонту, быццам мора. І тысячы птушак сярод ночы выводзілі шматгалосыя сімфоніі. Потым водная гладзь да лета пакрывалася жоўтымі гарлачыкамі, ды пачыналіся бясконцыя спевы жаб. А восеньскай парой мы беглі за вёску, дзе балотныя купіны ўспыхвалі чырвонымі журавінамі. Асабліва шмат іх было на імшыстых Кружках, дзе, як казалі старыя, стаяла калісьці — мо ў казачныя часы! — старажытнае паселішча з драўлянай царквой, якая згінула ў бяздоннай дрыгве разам са сваімі малінавымі званамі.

Але ж ні казак я ў дзяцінстве не чуў, ні цукерак не бачыў. Вясной з ежы — мука ды вада, часам — бульба з квасам, пакуль каровы не ацеляцца. Тады ўжо ад’ядаліся, бы мядзведзі пасля спячкі…

Добра запомнілася мне шпаркае развіццё роднай старонкі. Тады сакратаром Брэсцкага абкама партыі быў Пётр Машэраў. Ён заняўся праграмай асушэння палескіх балатоў. У навакольныя вёскі прыбылі інжынеры, рабочыя, складаная тэхніка… Адным словам — прыйшла цывілізацыя. І мы, дзеці, бегалі назіраць за працай меліяратараў. Цікава было вельмі!

Асушылі дрыгву, здабывалі торф, з якога выраблялі паліўныя брыкеты (на гэтым заводзе летам мы падзараблялі). На новых плошчах, адваяваных у багны, вяскоўцы саджалі бульбу, сеялі жыта — расло выдатна і без угнаенняў. Затым, калі торф выбіралі да жоўтага пясочку, запускалі ваду і пачыналі разводзіць рыбу, а на няўдобіцах саджалі сосны, што вымахалі за гады да неба, амаль як горы…

ІV. “Лепш за горы могуць быць толькі горы…”

Кажуць, горцам трэба нарадзіцца. Адкуль жа ў палескага хлопца магнетычная цяга да вяршыняў?

Відаць, характар такі: вышэй і вышэй — да мары, да мэты. У тыя часы ўсе заслухоўваліся Высоцкім. Хрыплым сваім голасам пясняр клікаў: “Лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх ты пакуль не бываў…” Рамантыка? Рэальнасць!

Першы запіс у працоўнай кніжцы: 1969 год — шафёр Жабінкаўскага раённага камітэта камсамола. Неяк першы сакратар райкама Мікалай Міхайлавіч Чэб заўважыў-падказаў:

— Табе, Павел, расці трэба…

І ён “пайшоў у рост”! Як тады казалі: па камсамольскай і прафсаюзнай лініі.

Штуршком стала войска. За два армейскія гады прайшоў добрую школу жыцця, заслужыў медаль “За воінскую доблесць”. Як сакратар камсамольскай арганізацыі роты навучыўся працаваць з людзьмі, як старшына — быць патрабавальным да сябе і падначаленых. Пасля службы адгукнуўся на прапанову старэйшай сястры, што была замужам у горным краі, і паехаў у Нальчык.

Стрыжнем стала сіла волі. Разумеў: патрэбна ўладкоўваць свой лёс. Гэта прымусіла, маючы за плячыма восем гадоў працоўнага стажу ў аўтапарку, спусціцца з гор, каб паехаць у Маскву на вучобу — па чырвоны дыплом эканаміста. Вярнуўся адукаваным на сваю другую радзіму, каб быць ёй карысным.

V. Беларуска-каўказскія арнаменты

Гераічная крэпасць над Бугам для Паўла Сідарука назаўсёды застаецца прыкладам мужнасці і славы. З таго дня, як пяцікласнікам упершыню трапіў на руіны, пакінутыя вайной. Тады яшчэ надта блізкім заставаўся яе подых (мемарыял узнік толькі праз гады).

Тыя карціны, часта вярталі ў Брэст. Памятаючы тагачасныя свае ўражанні, Павел Фёдаравіч прывёз у Цытадэль сваіх дзяцей. І сярод імёнаў загінулых — аж камяк у горле — прачытаў балкарскае прозвішча: Тахір Джапуеў.

Дзве радзімы Сідарука — малая, прыродная і сённяшняя, таксама ўжо родная — сустрэліся, пакрыжаваліся ў Мемарыяле…

У якасці ўласнага карэспандэнта “Кабардзіна-Балкарскай праўды” да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай напісаў аб гэтым артыкул з заклікам:

“Адгукніцеся, родныя Тахіра Джапуева!

Мне не аднойчы даводзілася бываць у знакамітай крэпасці, бачыць руіны, пакінутыя баямі. Калі ў чарговы раз наведаў родныя мясціны ў Беларусі, пабываў з сям’ёй і ў крэпасці-героі.

Кампазіцыйным цэнтрам яе з’яўляецца манумент “Мужнасць”. У трох’ярусным некропалі спачываюць 850 чалавек. З хваляваннем чытаю выбітыя імёны. Сярод іх — Тахір Кудаевіч Джапуев, што загінуў 22.06.1941 г. у першыя гадзіны вайны.

Пазней даведаўся пра яго больш. Нарадзіўся ў 1921 годзе ў ауле Чылмас Эльбрускага раёна. Пасля сямігодкі працаваў на будоўлі Баксанскай электрастанцыі, бухгалтарам у калгасе. Прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію ў 1940 годзе. Радавы мінамётнай батарэі 125-га стралковага палка.

Аула таго ўжо няма. Але можа, жывыя сваякі салдата? Можа, не ведаюць, дзе пахаваны блізкі і родны чалавек?

У Брэсце ў Музеі абароны крэпасці ёсць экспанаты, якія заслугоўваюць асаблівай увагі: паясны рэмень і кісет Тахіра з нацыянальным каўказскім арнаментам і ягоная насоўка з вышытымі на ёй народнымі беларускімі крыжыкамі”.

Хутка Сідарука адшукалі сваякі салдата. Высветлілася: берасцейцы ў 70-ыя гады ліставаліся з сястрой Тахіра і заўсёды рады сустрэць родных Джапуева на зямлі, палітай ягонаю крывёю.

VІ. Прывітанні ад “Сяброў”

Колькі народаў за бурлівыя стагоддзі ўлілося і растварылася бясследна на неабсяжных прасторах Расіі!

Аднойчы Павел Сідарук зразумеў простую ісціну: у самабытнасці, мове, культуры, моцных повязях з гістарычнай Айчынай — уратаванне для беларусаў. Імпэту хапіла, каб злучыць сяброў у цеснае кола. Гэтае кола хутка пашырылася, аб’яднала каля тысячы супляменнікаў. Над назвай думалі нядоўга: “За яднанне — «Сябры»”.

Беларускі нацыянальна-культурны цэнтр — адзін з найбольш актыўных у рэспубліцы, дзе пражываюць прадстаўнікі ста нацыянальнасцяў.

Ужо сталі традыцыйнымі ў Кабардзіна-Балкарыі Дні беларускай культуры. Гэтак жыхары горнай рэспублікі больш даведваюцца пра Беларусь і беларусаў. Годная місія ў “Сяброў”: яны знаёмяць іншых з адметнай еўрапейскай краінай, адной з найбольш развітых у постсавецкай прасторы.

Сам кіраўнік беларускай дыяспары стараецца як мага больш ведаць пра мінулае і сённяшні дзень радзімы. Таму ўявіце ўзрушэнне Сідарука, калі восенню 2012 года прыйшло запрашэнне прыехаць у Беларусь. І не проста турыстам наведаць краіну продкаў, а далучыцца да вялікага прэс-тура, арганізаванага для расійскіх журналістаў.

VІІ. Прэс-тур на малую радзіму

Шырокая шаша роўнай стужкай клалася пад колы.

Павел Фёдаравіч углядаўся ў краявіды, што мільгалі за вокнамі аўтобуса. Для большасці калегаў тут усё ўпершыню і новае, яму ж — да болі знаёмае. З дзяцінства, з юнацтва…

Цёпла — як жа цёпла! У прыродзе, афарбаванай золатам кастрычніка, і на душы, што крыляе ад спаткання з радзімай. Вось — леваруч паварот на Жабінку, нейкія лічаныя кіламетры… Праваруч — працаўнік-завод, дзе вырабляюць і сёння тарфяныя брыкеты… За ім — паварот на былыя Рыкавічы, куды тупаў па першыя навукі, а далей, далей — да Мышчыцаў — да калыскі і магілаў прашчураў… Як хочацца збочыць, ну, хоць спыніцца на імгненне ў імклівым жыцці… Коціць яно, бы солевы паток, і нельга цяпер збочыць, тым больш спыніцца…

Толькі ў думках можна адкруціць жыццё, як кінастужку, назад: хоць на паўстагоддзе, хоць на паўгадзіны.

… — Пашка, а давай на востраў паплывём, як тыя салдаты, якіх у баржы панесла ў адкрытае мора, — прапануе брат, і вочы гараць ад ліхаманкавай радасці ў палескіх рабінзонаў.

На тым востраве, згубленым сярод дрыгвы, — партызанская зямлянка: гэта ж як цікава! Ледзь не патанулі малыя падарожнікі на худым чоўне, але дзіцячую цікавасць наталілі. Як даўно тое было…

А ўчора наталілі цікавасць дарослую. На сустрэчы з кіраўніком Брэсцкай вобласці Канстанцінам Адрэевічам Сумарам, спадчынным палешуком, журналісты з розных канцоў Расіі атрымалі адказы на ўсе без выключэння пытанні.

А зараз — падарожжа па Берасцейшчыне. Пачатак — у легендарнай крэпасці, у музеі “Берасце”, адкуль тысячу гадоў таму пачынаўся прыгожы горад у сутоцы Заходняга Буга і Мухаўца. Ад старажытнасці — адзін крок у сучасны дзень: на знакамітае прадпрыемства “Гефест”, у Палац водных відаў спорту, Лядовы палац… Колькі ўражанняў занатавана!

Хутка — Кобрын, старажытны і новы, з гожымі цэрквамі, дамамі, найноўшым аквапаркам на ўзбярэжжы… А якія шыкоўныя прыёмы, жартаўліва-песенныя, каўбасна-хлебасольныя, ладзілі бярозаўцы ды жыхары Івацэвічаў! Дзякуй вам за ўсё, землякі.

… Далей і далей уецца стужкаю дарога. Спяшаецца аўтобус у цудоўную беларускую сталіцу — да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе праз дзень, 16 кастрычніка, павінна адбыцца прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх СМІ.

Нездарма новы сімвал краіны — Нацыянальная бібліятэка — пабудаваная ў выглядзе вялікага празрыстага крышталю. Шматгранная Беларусь адкрытая перад светам. Кожны, хто не сляпы, гэта бачыць. Канечне, ёсць праблемы, не без гэтага. А ў каго іх няма? Хіба ў таго, хто не жывы. А Беларусь — жыла, жыве і будзе жыць. І гэта цешыць “Сяброў” у Кабардзіна-Балкарыі…

Многія ў той памятны дзень скарысталі магчымасць задаць свае пытанні Прэзідэнту. Калі дайшла чарга да Сідарука, ён адважыўся і запрасіў кіраўніка беларускай дзяржавы ў госці — паглядзець увачавідкі на велічны Эльбрус, ахутаны дымкай аблокаў і сівых стагоддзяў.

Павел Фёдаравіч заўжды шчыра радуецца поспехам зямлі, што дала яму жыццё, напоўненае цікавымі сустрэчамі і адказнымі справамі.

Бо жыццё — гэта не колькі дзён ты пражыў на свеце, а колькі жыцця было ў тваіх днях.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: П.Ф.Сідарук у Жабінцы; імя Тахіра Джапуева на плітах Мемарыяла абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

Фота аўтара і Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top