Як “Лясная гавань” “абмялела”

Як “Лясная гавань” “абмялела”

Ёсць у маляўнічым Сасновым Бары гатэль “Лясная гавань”. Тры гады ў тамтэйшым рэстаране кухарыў Кірыл З. Які ён быў повар, пра тое, мабыць, рэстаранныя госці лепш ведаюць. А вось які з Кірыла аднойчы атрымаўся злодзей, пра тое напрыканцы мінулага года вынес прысуд Жабінкаўскі суд.
У канцы жніўня повар па ўласным жаданні звольніўся з працы, бо пераехаў жыць у Мінск. Аднак у родную “гавань” яго хутка пацягнула зноў. Завёў Кірыл сваю “Аўдзі” і рушыў са сталіцы. Малады мужчына хацеў наведаць маму, ды, на жаль, намеры ў яго аказаліся не толькі сямейныя. Перад тым, як наведацца ў матулін дом, завітаў Кірыл у “Лясную гавань” — павітацца з былымі калегамі. У той вечар у рэстаране амаль да поўначы гудзела вяселле, за якое маладыя і іх сваякі заплацілі 5100 рублёў.
Калі Кірыл зайшоў у памяшканне, ён аглядзеўся і заўважыў: нехта пакінуў на кухні расчыненае акно. Мабыць, тады і закраліся ў Кірылаву галаву нядобрыя думкі. Ён выпіў кавы, дапамог перасунуць мэблю дый развітаўся з адміністратарам, якой сказаў, што спяшаецца па справах. Як аказалася, справы былі своеасаблівыя. Бо мужчына ад’ехаў метраў трыста ў лес і стаў церпяліва чакаць, пакуль рэстаран апусцее. Дачакаўся, а затым вядомай сцяжынкай рушыў да былога месца працы. Цяпер меў намер інакш “папрацаваць” — чужое ўзяць…
Акенца ўсё яшчэ было адчынена. Праз яго Кірыл залез у кухню. Хутка ён быў ужо на другім паверсе, дзе месціўся касавы апарат. А ў ім тырчаў ключ. “Вось удача паспрыяла!” — мо падумаў злодзей, адмыкаючы касу. У кішэню ён паклаў 5100 “вясельных” рублёў і хутка выйшаў праз акно.
За тыя грошы злодзей баляваў: купляў харчы, машыну запраўляў, плаціў за кватэру — ні ў чым сабе не адмаўляў, жыў “па-сталічнаму”, на шырокую нагу. Усё скончылася, калі ў дзень асенні на кватэру па вуліцы Ясеніна ў Мінску завіталі людзі ў пагонах.
У выніку быў суд, які прызнаў Кірыла З. вінаватым у крадзяжы — злачынстве, прадугледжаным часткай 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму было вынесена пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ на тэрмін у 120 гадзін. Зной-дзеныя міліцыянерамі пры вобыску ў кватэры 650 беларускіх рублёў і 100 амерыканскіх долараў былі перададзены ў “Лясную гавань”. Акрамя таго, Кірыл З. выплаціў у даход дзяржавы каля 166 рублёў працэсуальных выдаткаў за правядзенне экспертыз.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top