Адзінота таксама не для іх

Адзінота таксама не для іх

Кожны чалавек выношвае ў душы планы на будучыню, абмяркоўвае іх са сваімі сябрамі, калегамі, марыць пра лёс, напоўнены творчасцю, плённымі здзяйсненнямі, багатымі набыткамі, цікавымі здарэннямі… Аднак, часта адбываецца так, што мары збываюцца толькі ў сне з-за непрадказальнасці жыцця. Ніхто з нас не застрахаваны ад розных трагедый, хваробаў. Здараецца, чалавек выйшаў з дому жыццярадасны, з вялікімі планамі, а вярнуўся… у інваліднай калясцы. Менавіта фізічна аслабленым людзям патрэбна ўменне ўжыцца ў грамадства, дзякуючы нашай уважлівасці, памяркоўнасці.

Дзень інвалідаў і адзначаецца дзеля таго, каб грамадства змагло глыбей пранікнуцца праблемамі жыццядзейнасці такіх людзей. Напярэдадні яго ў гарадскім Доме культуры адбылася сустрэча інвалідаў зроку, на якую да іх прыйшлі старшыні абласной і раённай арганізацый БелТІЗ Ірына Леанідаўна Юрэня і Раіса Сцяпанаўна Ліскова, а таксама загадчыца сектара быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Святлана Дзмітрыеўна Трафімчук, урач-акуліст УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” Алена Мікалаеўна Семянюк і намеснік старшыні райспажыўтаварыства ў гандлі Валянціна Барысаўна Андраюк.

Некаторыя з удзельнікаў сустрэчы ўласнаручна прыгатавалі выпечку, якая знайшла сваё месца на выставе “Салодкі пачастунак”. Тут таксама былі жартоўныя вершы, накшталт “Рэцэпт прыгатавання добрага настрою” і “Кулінарная тэорыя паходжання чалавека”, якія напісалі Марыя Быкава са сваёй мамай Вольгай Георгіеўнай. А мучныя ласункі выставілі А.Грыцук, В.Мандрэнка і Л.Самцова.

Ініцыятар і арганізатар сустрэчы старшыня раённай арганізацыі БелТІЗ Раіса Сцяпанаўна Ліскова праінфармавала пра тыя добрыя справы, што адбыліся сёлета ў суполцы, якую яна ўзначальвае. Дарэчы, у ёй налічваецца 70 інвалідаў зроку. Яны маюць І — ІІІ групы інваліднасці, сярод іх двое дзяцей. Найбольш жабінкаўцаў такіх жыве ў мікрараёне ля бальніцы, таму клапаціліся пра стварэнне безбар’ернага асяроддзя  пры наведванні імі магазінаў ці ўстаноў аховы здароўя. Чатыры сябры арганізацыі прайшлі рэабілітацыю, некаторыя з іх атрымалі-купілі рэабілітацыйныя сродкі для сацыяльнай адаптацыі ў грамадстве: белыя палкі, апараты для вымярэння ціску, тэрмометры, наручныя гадзіннікі і ніткаўсаджвальнікі з сінтэзатарам мовы. На гэтыя і іншыя мэты было зрасходавана 2,5 млн. руб. з членскіх узносаў і выдаткаў спонсараў.

Начальнік аддзела быту ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Святлана Трафімчук дапоўніла інфармацыю папярэдніцы і зазначыла: “На Жабінкаўшчыне жыве амаль тысячу інвалідаў з рознымі фізічнымі адхіленнямі, з якіх звыш 60-ці дзяцей. Усім ім аказваецца дапамога сродкамі рэабілітацыі, шасцёра аформлены сёлета ў дамы-інтэрнаты, некаторым адрамантаваны печы, абноўлена электраправодка, звыш чатырох дзясяткаў маладых інвалідаў знайшлі сабе працу-занятак у дзённым аддзяленні знаходжання цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”.

А яшчэ яна пажадала людзям з рознымі фізічнымі захворваннямі сустракацца на жыццёвым шляху толькі з дабрынёй, чуласцю і міласэрнасцю, якія праяўляюць да іх іншыя.

Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з тымі рэабілітацыйнымі сродкамі, што дапамагаюць невідушчым быць інфармаванымі, арыентавацца ў часе, мець зносіны, калі гэта неабходна, з экстранай дапамогай і іншымі, а таксама ўмовамі для іх набыцця. А колькі гадоў таму амаль кожны інвалід быў аддадзены сам сабе. Цяпер клопат пра іх праяўляе і дзяржава, уладныя структуры, тыя, хто побач з імі жыве.

З прыемнасцю паслухалі ўдзельнікі сустрэчы госцю з Брэста Ірыну Леанідаўну Юрэню, якая прывяла прыклады са сваёй працы, асноўнымі “героямі” якіх былі непасрэдна інваліды зроку, як яны адаптуюцца ў грамадстве, як арганізоўваецца іх праца ў вытворчасці, каб у іх сем’ях не пасялялася адзінота, каб яны адчувалі сябе патрэбнымі іншым і грамадству ў цэлым.

Кожны ўдзельнік выставы “Салодкі пачастунак” атрымаў прыз, на набыццё якіх былі выдзелены сродкі з раённага бюджэту. Усе, хто прысутнічаў на сустрэчы, атрымалі ў падарунак лірычныя песні і жартоўныя байкі ад удзельнікаў народнага хору ветэранаў “Тонус”.

Людміла КОСЦІНА.

На здымках: у час сустрэчы.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top