“Жаночыя мары” ў прозе і вершы

Са сталіцы і адразу на кніжную паліцу могуць патрапіць “Жаночыя мары” (на здымку). Такую назву атрымаў зборнік вершаў і апавяданняў, які быў прэзентаваны ў Мінску напярэдадні Міжнароднага жаночага дня.

На мерапрыемстве пабывала старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ. Яна і паведаміла, наколькі хораша, з любоўю да прыгожага пісьменства прайшла вечарына, аздобленая лірычнымі вершамі і музыкай.
Пад вокладкай яркага выдання, складзенага да 8 Сакавіка, “сустрэліся” творы з усіх куткоў Беларусі. Агулам амаль паўсотні аўтараў парупіліся, каб спраўдзіліся ў прозе і паэзіі “Жаночыя мары”.
Прыемна, што сярод тых, чыё пяро нешта вартае нарыпела, — 14 прадстаўнікоў нашай брэсцкай пісьменніцкай сябрыны. Іх імёны можна адшукаць у абодвух раздзелах, на якія падзелена кніга.
Прычым, стваральнікі выдання першую (большую) частку “Вялікасць жыцця — у жанчыне” аддалі творчым прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва.
А над другім раздзелам, які названы “Каханне і мары, любоў і жыццё — жанчына, жанчына, жанчына”, парупіліся аўтары-мужчыны. У іх ліку і берасцейцы Мікола АНТАНОЎСКІ ды Анатоль БЕНЗЯРУК.
Анатоль Расціслававіч, які жыве і працуе ў Жабінцы, прадстаўлены ў зборніку апавяданнем “Лялька”. З гэтым творам падпісчыкі “Сельскай праўды” ўжо маглі пазнаёміцца ў пераднавагоднім нумары раённай газеты, які прыйшоў да нашых чытачоў 29 снежня 2021 года.
Аформленае з густам выданне выпусціла ў свет гродзенскае выдавецтва “ЮрСаПрынт”. У нашчадкаў Скарыны з горада над Нёманам ёсць яшчэ праектаў шмат. Неўзабаве яны плануюць аддаць у друк чарговы зборнік. На гэты раз ён будзе прысвечаны Году гістарычнай памяці.
Антон БЕРАСТОК
Фота аўтара

 

 

 

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.