ІГНАЦІЙ — АБАРОНЦА ВЕРЫ

ІГНАЦІЙ — АБАРОНЦА ВЕРЫ

Імя Ігнацій у перакладзе азначае “агнявы”. Яно ў многім адпавядала характару нашага земляка, епіскапа Брэсцкага і вікарыя Літоўскага Ігнація ЖАЛЯЗОЎСКАГА (1802-1872). Сёлета спаўняецца 220 гадоў з дня яго нараджэння і 150 — з часу смерці.

Уладыка нарадзіўся ў 1802 годзе ў сяле Вялікія Сяхновічы ў сям’і мясцовага ўніяцкага святара Лявонція Жалязоўскага, чыя магіла дасюль існуе каля мясцовай царквы. Пры хрышчэнні дзіця было названа Якавам.
У 10 год хлопчыка аддалі ў Брэсцкае вучылішча, далей яго чакала духоўная кар’ера. Восенню 1824 года ў Богаяўленскім манастыры ў сяле Таракань (цяпер аграгарадок Імянін Драгічынскага раёна) Якаў быў пастрыжаны ў манахі, а праз некалькі месяцаў паступіў у семінарыю пры Віленскім універсітэце. Жалязоўскі стаў кандыдатам багаслоўя — першым сярод нараджэнцаў Жабінкаўшчыны, хто атрымаў вучоную ступень.
Пасля паспяховага завяршэння навук у 1829 годзе ён вярнуўся дамоў, дзе стаў настаўнікам Кобрынскага павятовага духоўнага вучылішча. Дарэчы, першым назіральнікам у гэтай навучальнай установе быў яго старэйшы брат Іаан Жалязоўскі (1800–1831).
У лютым 1839 года адбыўся Полацкі сабор, на якім Якаў Жалязоўскі сярод іншых святароў падпісаў “Саборны акт аб уз’яднанні”.
У 1839–1948 гадах ён быў настаяцелем старажытнага Барысаглебскага манастыра ў Гродне, клапаціўся аб захаванні знакамітай Каложскай царквы — помніка архітэктуры ХІІ стагоддзя, які і сёння застаецца гонарам зямлі беларускай.
20 мая (2 чэрвеня) 1848 года Жалязоўскі рукапаложаны мітрапалітам Літоўскім і Віленскім Іосіфам Сямашкам у чын епіскапа Брэсцкага. У гэты дзень уладыка не толькі прыняў кафедру, але і ўзяў імя Ігнація.
На працягу 22 гадоў ён кіраваў Брэсцкай епархіяй, жыў у Жыровічах, а затым у Гродне, дзе месцілася рэзідэнцыя епіскапа.
У новым высокім званні Ігнацій Жалязоўскі з першых дзён пачаў дзейнічаць надзвычай энергічна. Неўзабаве асабіста агледзеў усе цэрквы, уключаныя ў межы епархіі, уласнаручна асвяціў 16 праваслаўных храмаў.
Заўсёды з асаблівай ахвотай, з цёплым адчуваннем радасці ўладыка вяртаўся на малую радзіму. Калі летам 1852 года Ігнацій аглядаў 65 храмаў Кобрынскага павета, ён не мог абмінуць родныя Вялікія Сяхновічы. Можна толькі здагадвацца, якія ўспаміны наведвалі 50-гадовага ўладыку пры набліжэнні да зямлі продкаў, што падаравала яму жыццё.
Епіскап Брэсцкі пры-клаў шмат намаганняў для ўзвядзення новых храмаў. У Брэсце вясной 1862 года па праекце архітэктара Палікарпава быў закладзены Свята-Сімя-онаўскі сабор. 7(19) лістапада 1865 года з Брэсцкага крэпасці ў новы храм перанеслі мошчы прападобнага мучаніка Афанасія Філіповіча (1597–1648), а на наступны дзень храм быў асвечаны.
Летам 1870 года Ігнацій Жалязоўскі з-за хваробы пакінуў кафедру. Апошнім часам ён жыў у Барысаглебскім манастыры, займаўся дабрачыннасцю, збіраў бібліятэку. Уладыка быў узнагароджаны ордэнамі святой Анны І ступені і святога Уладзіміра ІІ ступені.
Па ўспамінах сучаснікаў, епіскап вызначаўся сумленнасцю, вытрымкай і сціпласцю. У асабістым жыцці быў строгім аскетам. Нярэдка вечарамі ладзіў спевы кліраса, сам акампаніраваў на скрыпцы, быў знаўцам царкоўнай музыкі.
Да смерці ён пажадаў выканаць даўняе абяцанне і пакланіцца праваслаўным святыням у Кіеве, дзе ў верасні 1870 года адслужыў апошнюю ў жыцці службу.
Ігнація Жалязоўскага не стала 1(13) красавіка 1872 года. На пахаванне, якое згодна традыцыі адбылося на трэці дзень пасля смерці, прыехалі архіепіскап Мінскі Міхаіл Галубовіч, ад якога ў 1848 годзе ўладыка Ігнацій прыняў Брэсцкую кафедру, і Яўген Шаршылаў, якому яе перадаў, сыходзячы на пакой.
З 1875 года ў Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія паказвалі выдатныя здольнасці ў ава-лоданні навукамі і добрых у сваіх паводзінах.Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч, святары Іаан Лявіцкі, Васіль Макавецкі і іншыя. У 1889 годзе шырока святкаваўся юбілей уз’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўнай. Ва ўсіх храмах служылася літургія ў памяць падзеі. Пры гэтым неаднаразова гучала імя, пеліся царкоўныя гімны ў светлую памяць нашага земляка епіскапа Брэсцкага Ігнація Жалязоўскага.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top