ЗДАБЫТАК ГАЛАВЫ ІААНА ПРАДЦЕЧЫ

ЗДАБЫТАК ГАЛАВЫ ІААНА ПРАДЦЕЧЫ

9 сакавіка праваслаўная царква адзначыла свята першага і другога цудоўных здабыткаў гэтай святыні. Акрамя таго, 7 чэрвеня святкуецца трэцяе набыццё галавы Божага Папярэдніка.
Існуюць паданні аб трох здабытках рэліквіі. У гонар кожнага ўстаноўлена асобнае святкаванне. Першы раз галава Іаана Хрысціцеля адшукалася ў часы імператара Канстанціна Вялікага, другі — праз сто гадоў, трэці — у IX стагоддзі.

Іаан — найбліжэйшы папярэднік Ісуса Хрыста, які прадказаў прышэсце Месіі, жыў у пустыні аскетам, затым прапаведаваў хрышчэнне пакаяння для іўдзеяў, хрысціў у водах Іардана Ісуса, затым быў абезгалоўлены.
Ірадыяда — жонка аднаго з правіцеляў (тэтрархаў) іўдзейскай зямлі Ірада Філіпа — была адабрана ў яго Ірадам Анціпай, іншым тэтрархам, што кіраваў Галілеяй. За такі ўчынак Іаан крытыкаваў Анціпу, і той заключыў Прарока ў турму, ды пакараць смерцю таго не вырашаўся.
У дзень нараджэння Ірада Анціпы юная дачка Ірадыяды “танцавала і дагадзіла Іраду”. Ва ўзнагароду за гэта тэтрарх паабяцаў дзяўчыне выканаць любую яе просьбу. Тая, падвучаная маці, якая ненавідзела Іаана, папрасіла галаву Хрысціцеля, і “цар засмуціўся, але дзеля клятвы… не захацеў адмовіць ёй”. У вязніцу да Іаана накіравалі воіна, які адсек галаву Прароку і, прынёсшы яе на талерцы, уручыў дзяўчыне, а тая “аддала яе маці сваёй”. Цела Іаана было пахавана яго вучнямі, а пра яго смерць паведамілі Ісусу.
У памяць адсячэння галавы Хрысціцеля царква ўстанавіла асобнае свята і строгі пост, каб выказаць смутак у памяць гвалтоўнай смерці вялікага Прарока. Адзначаецца свята 11 верасня, якое ў народным календары завецца Галавасекам. Гэты дзень асабліва памятаюць на Жабінкаўшчыне, бо 11 верасня 1942 года была знішчана вёска Драмлёва.
Падрабязней прыгадаем пра тры святы, што прысвечаны падзеям, калі была адшукана галава Божага Папярэдніка.

І

Паводле падання, Ірадыяда не дазволіла адразу пахаваць галаву Іаана разам з яго целам і пакінула яе ў сваім палацы. Адкуль галава была вынесена набожнай служанкай у гліняным збане і пахавана на гары Элеон. Праз гады вяльможа Інакенцій вырашыў пабудаваць на тым месцы царкву і пры капанні рова адшукаў збан з рэліквіяй. Пасля здабыцця галавы Хрысціцеля Інакенцій яе беражліва захоўваў, але перад смерцю, баючыся, што рэліквія будзе зняважана, схаваў яе ў сваёй царкве, якая затым састарэла і разбурылася.

ІІ

У кіраванне імператара Канстанціна Вялікага ў Іерусаліме галава Іаана Прадцечы была знойдзена двума манахамі-паломнікамі. Тыя прыйшлі ў горад, каб пакланіцца Гробу Гасподняму. Аднаму з манахаў прымроіўся Хрысціцель і паказаў месца, дзе знаходзілася галава. Паломнікі ўзялі яе з сабой і паклалі рэліквію ў мяшок з вярблюджай воўны. Мех па іх просьбе нёс ганчар з сірыйскага горада Эмесы (Хомса). Паданне сведчыць, што рамеснік пабачыў святога, які загадаў ганчару пакінуць няшчасных манахаў і прыняць на захоўванне святыню. Усё жыццё той чалавек беражліва бярог рэліквію, штодня запальваў свяцільні і маліўся перад імі.
Перад смерцю ганчар па загадзе Іаана Хрысціцеля змясціў галаву ў ваданосны посуд, запячатаў і перадаў сваёй сястры. Ён прасіў жанчыну беражліва захоўваць рэліквію, а калі набліжыцца да яе смерць, перадаць галаву набожнаму верніку-хрысціяніну.
Пазней рэліквія апынулася ў святара-арыяніна. Галава святога Прадцечы Божага магла лекаваць людзей. Арыянін карыстаўся гэтым, каб падтрымліваць аўтарытэт свайго веравучэння. Калі падман святара раскрыўся, ён схаваў галаву ў пячоры каля Эмесы. Пазней на тым месцы ўзнік манастыр, і ў 452 годзе ягонаму настаяцелю сам Іаан Хрысціцель указаў, дзе знаходзіцца галава. Яна была знойдзена і перанесена ў Канстанцінопаль.

ІІІ

У пачатку IX стагоддзя рэліквія трапіла ў горад Каманы, дзе яе зберагалі ў перыяд іканаборчых ганенняў. Пасля аднаўлення шанавання абразоў на саборы 842 года Канстанцінопальскі патрыярх Ігнацій падчас начной малітвы атрымаў указанне пра месцазнаходжанне святыні.
Візантыйскі цар Міхаіл ІІІ загадаў накіраваць у Каманы пасольства, якое каля 850 года ў трэці раз адшукала галаву Іаана Прадцечы. Пасля гэтага частка святыні была перанесена ў Канстанцінопаль і была пакладзена ў прыдворнай царкве.
У IV стагоддзі на Элеонскай гары над месцам першага здабыцця галавы Іаана Прадцечы быў пабудаваны мартырый, прысвечаны памяці Папярэдніка Гасподняга. Арыгінальная пабудова не захавалася. У 1910 годзе на месцы мартырыя ўзвялі капліцу Здабыцця галавы Іаана Прадцечы, якая належыць Элеонскаму Узнясенскаму манастыру. У ёй захаваліся фрагменты арыгінальнай падлогі былога мартырыя. Асобнай мазаікай выдзелена месца, дзе 1700 гадоў таму знайшлася галава Іаана Хрысціцеля.

Анатоль БЕНЗЯРУК

На здымку: абраз, прысвечаны першаму і другому цудоўным здабыткам галавы Іаана Хрысціцеля.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top