Каб “зімоўка” прайшла без здарэнняў

Каб “зімоўка” прайшла без здарэнняў

Статыстыка сведчыць: у асенне-зімовы перыяд колькасць дарожна-транспартных здарэнняў узрастае ў некалькі разоў. Галоўная прычына таму — дрэнная бачнасць і нездавальняючы стан праезджай часткі. Непагадзь, мокры асфальт — усё гэта стварае неспрыяльнае дарожнае становішча. Нават невялікае перавышэнне хуткасці можа прывесці да сур’ёзнага ДТЗ.

За зімовы сезон мінулага года на тэрыторыі раёна адбылося 42 дробныя ДТЗ і 6, дзе загінуў адзін чалавек і 5 атрымалі раненні. Большасць ДТЗ звязана з парушэннямі асноўных правілаў бяспекі руху ў перыяд зімы. Наступленне халадоў і сёлета паднесла вадзіцелям нямала “сюрпрызаў”. За тыдзень лістапада, калі пагоршылася надвор’е, у Брэсцкай вобласці зафіксавана 17 здарэнняў, дзе 6 чалавек загінулі, а 15 атрымалі раненні. На Жабінкаўшчыне таксама адбылося ДТЗ з удзелам 2 аўтамабіляў, якія сутыкнуліся з-за нездавальняючых умоў пакрыцця дарогі. Між іншым, пазбегнуць падобных здарэнняў можна. Трэба толькі, пры пераходзе аўтамабіляў на “зімоўку”, выконваць рэкамендацыі ДАІ.

Перш за ўсё, неабходна “пераабуць” усе колы аўтамабіля ў зімовую гуму незалежна ад прываду яго. Вадзіцелям трэба звярнуць увагу на тэхнічны стан: праверыць спраўнасць тармазной сістэмы, светлавых прыбораў, шклоачышчальнікаў, прыладаў абагравання і абдзімання шкла.

Пры кіраванні вадзіцель павінен сачыць за змяненнямі пакрыцця дарожнага палатна, па магчымасці абмінаць участкі, на якіх ёсць масляныя ці нафтавыя плямы, “свежы” асфальт, калюжы, а таксама невялікія ўчасткі, пакрытыя лёдам ці расталым снегам. Лепш за ўсё рухацца па каляіне, пракладзенай іншымі транспартнымі сродкамі, пазбягаць участкаў, дзе не растаў лёд, якія могуць сустрэцца ў ценю пабудоў і дрэў. Акрамя таго, выхлапныя газы маюць уласцівасць асядаць на асфальт і замярзаць у выглядзе тонкай плёнкі лёду, якую вельмі цяжка разгледзець на дарозе.

Пры павароце на слізкай дарозе магчымы занос аўтамабіля і выезд яго на сустрэчную паласу. Бяспечны паварот выконваецца на невялікай хуткасці, з уключэннем паніжанай перадачы і плаўным кручэннем рулявога кола. На слізкіх пад’ёмах нельга рэзка тармазіць і павялічваць хуткасць, бо існуе небяспека прабуксоўкі і спынення транспарту. Таму трэба загадзя правільна выбіраць аптымальную хуткасць і перадачу, пазбягаць выезду на паласу сустрэчнага руху, рэзкіх разгонаў і тармажэнняў. А дарожны знак «Галалёдзіца», які папярэджвае пра ўчасткі дарог, дзе магчымы снежныя заносы, ледзяныя ці снежна-ледзяныя ўтварэнні, павінен стаць для вадзіцеляў сігналам да зніжэння хуткасці, павелічэння дыстанцыі і бакавых інтэрвалаў да іншых аўтамабіляў.

Любы рух і манеўры на слізкай дарозе павінны выконвацца вадзіцелем без рэзкіх заваротаў руля, тармажэння і пераключэння перадач аўтамабіля.

Паважаныя вадзіцелі, памятайце, што зімовае кіраванне аўтамабілем патрабуе ад вас спецыяльных навыкаў. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя на дарогах!

Нагадваю ўсім, што з 5 да 10 снежня праводзіцца папераджальна-прафілактычнае мерапрыемства “Алкаголь”. Дзяржаўтаінспекцыя просіць: праяўляць свядомасць! Калі вы бачыце, што за руль сядае п’яны чалавек, патэлефануйце на нумар 102. Гэтым вы, магчыма, выратуеце жыццё каго-небудзь.

Андрэй МЯДЗВЕДЗЬ, начальнік АДАІ Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top