Генадзь Турыцын — турыст вядомы далёка за межамі Жабінкаўшчыны. Дзясяткі тысяч кіламетраў пройдзена ім не толькі па зямлі, але й “да неба” — у высокія горы. На тым жыццёвым шляху надараліся цікавыя падзеі і сустрэчы, засталіся на памяць шматлікія фотаздымкі і аўтографы ад цудоўных сяброў і настаўнікаў. Пра аднаго з іх Генадзь Фядотавіч расказвае чытачам раёнкі.
Асноўную частку жыцця наш зямляк (нараджэнец вёскі Рагозна) Уладзімір Антонавіч Прудзялюк прысвяціў развіццю дзіцячага і юнацкага турызму на Брэстчыне. Пад ягоным кіраўніцтвам хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтаваліся да складаных паходаў, дзе вучыліся мужнасці, стойкасці, а галоўнае — жыццёвай мудрасці, адчуванню локця сябра, узаемавыручцы і любові да Айчыны.
Наша знаёмства адбылося ў 1980 годзе, дзякуючы кіраўніку турыстычнага гуртка пры Ленінскай СШ Анатолю Старыцкаму. А ўжо праз год у складзе педагогаў вобласці пад кіраўніцтвам Уладзіміра Антонавіча ўпершыню ўзбіраўся на гару Эльбрус — найвышэйшую кропку Еўропы. Гэты паход мне памятны дасюль, найперш таму, што ў час яго мне споўнілася 35 гадоў.
Шасцідзесяцігадовага Прудзелюка мы, значна маладзейшыя, клікалі Дзедам. Строгі і патрабавальны, а разам з тым — клапатлівы і ўважлівы, ён вёў нас у горы, быццам нарадзіўся на вяршынях і ўвесь час жыў сярод іх.
… Ранняе ранне ў Прыэльбруссі. Мы толькі прачынаемся, а ля кожнай палаткі ўжо стаіць кацялок з марозным нарзанам! Настаўнік ужо паспеў схадзіць да крыніц і прапануе кожнаму лячэбнай горнай вады. Узнімаемся наверх — вышэй за аблокі. Наперадзе — без стомы, нібыта юнак, крочыць Дзед. Сам ідзе ўпэўнена і астуджвае маладых: “Не спяшайся! Горы не любяць спешкі”. І дзе б мы не былі: высока ў гарах або на цэнтральнай станцыі дзіцячага і юнацкага турызму Кабардзіна-Балкарыі, на Сухумскай турбазе ў імя 40-годдзя Ленінскага камсамола ці ў складаным горным паходзе, Уладзімір Антонавіч — усім вядомы, таму сустракалі нас як самых дарагіх сяброў. У завоблачных вышынях каўказскага перавалу Кругагляд нашы шляхі перакрыжаваліся з легендарным майстрам спорту СССР Анатолем Малеінавым, а трэнер і праваднік, майстар спорту СССР Анатоль Харэнка праводзіў нашу групу ў горы. Для Дзеда яны былі проста Толямі, а для нас: “Той самы Малеінаў! Той самы Харэнка!”.
Аднак найбольш усім запомніўся эпізод з ледарубам.
У той час кожны турыст марыў мець у паходзе дзве рэчы: бляшанку тушонкі і надзейны інвентар, які часта даводзілася рыхтаваць самастойна. Можаце толькі ўявіць, з якой зайздрасцю пазіралі мы, ходзячы па гарах з самаробнымі альпенштокамі, на новенькі ледаруб у руках у Дзеда.
27 жніўня 1981 года. Развітальная вячэра ля кастра ў Сухумі. Сярод агульнай весялосці ўзнімаецца Прудзялюк, з хітрынкай усміхаецца і гаворыць:
— А сярод нас ёсць імяніннік! Генадзь, што ж ты не прызнаешся? Мы тут з таварышамі параіліся і я рашыў: нельга ў дзень нараджэння заставацца без падарунка.
І працягнуў мне той самы ледаруб! Можаце ўявіць маё здзіўленне, захапленне, радасць.
Як высветлілася, кіраўнік экспедыцыі яшчэ перад узыходжаннем “махнуў, нягледзячы, дэфіцыт на дэфіцыт” — абмяняў ледаруб на 12 банак тушонкі!
— Ну, і малайчына, Уладзімір Антонавіч, але мог бы раней сказаць, куды знікла тушонка. А то ўсю дарогу ямо манку ды кашы! — сказаў нехта, і ўсе згадзіліся, што наш дарожны паёк пайшоў на добрую справу.
Мінула 15 гадоў. Набліжаўся мой пяцідзясяты дзень нараджэння. Сярод ганаровых гасцей на свята былі запрошаны сябры-аднадумцы з абласной станцыі дзіцячага і юнацкага турызму.
Турысты прыбылі без спазнення — бы па гадзінніку на чале з Уладзімірам Антонавічам. Ён хораша прамовіў віншавальныя словы, згадалі і той падарунак, атрыманы ля Каўказскіх гор. Ніхто не ведаў тады, што гэта было апошняе спатканне. Неўзабаве з Брэста прыйшла сумная навіна.
У свой апошні вечар Дзед няспешна абышоў вучэбныя кабінеты, быццам развітваўся, а ноччу па яго прыляцела “Хуткая дапамога”… Не дапамагла, памёр, як жыў, у дарозе…
Дасюль захоўваю ягоныя лісты, калі пераглядаю іх, не-не, ды згадваю маладосць і выдатнага нашага Дзеда.
Генадзь ТУРЫЦЫН, в.Здзітава.
На здымку: лета 1981 года. Далейшы маршрут групы абмяркоўваюць Уладзімір Прудзялюк і Анатоль Харэнка, колішні настаўнік у турызме паэта і акцёра У.С.Высоцкага, кансультант кінастужкі “Вертыкаль” (з архіва аўтара).
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.