“Лунінская восень” называе адрасы

“Лунінская восень” называе адрасы

У апошні лістападаўскі дзень на Лунінеччыне адбылося літаратурнае свята “Лунінская восень”. Яно ўзнікла дзевяць гадоў таму, калі ў сярэдняй школе вёскі Лунін рашылі ўславіць сваю зямлю, дзе а сярэдзіне ХІХ стагоддзя мясцовым святаром Платонам Ціхановічам была напісана першая граматыка беларускай мовы. З 2007 года, калі Брэсцкім аблвыканкамам была заснавана літаратурная прэмія імя У.А.Калесніка, уручэнне яе адбываецца на лунінецкай зямлі ў рамках згаданага фестывалю, які набыў абласны статус.

У Лунінскай сярэдняй школе пад зоркай Янкі Купалы, Якуба Коласа ды Уладзіміра Калесніка, юбілеі якіх шырока адзначыла літаратурная грамадскасць, прайшлі паэтычныя чытанні, у якіх бралі ўдзел пісьменнікі і вучні.

Затым адбылася экскурсія па Лунінцы. Госці наведалі лядовую арэну, плавальны басейн “Дэльфін”, раённы краязнаўчы музей. Ля абноўленага помніка Якубу Коласу (пісьменніку выпала жыць і працаваць у Лунінцы на пачатку мінулага стагоддзя) прагучалі яго знакамітыя радкі.

Калеснікавай прэміяй за свае цікавыя творы ўганаравана ўжо 25 берасцейскіх пісьменнікаў. Сёлета “Лунінская восень” назвала новыя адрасы: вёску Валішча Пінскага раёна, дзе працуе Марыя Кобец, горад Баранавічы, адкуль Мікола Бусько, старажытнае Іванава, дзе жывуць празаікі Анатоль Крэйдзіч і Васіль Жушма. Але ж найбольш прыемна, калі гучаць жабінкаўскія адрасы, як сёння, калі з рук кіраўніка вобласці Канстанціна Сумара прэмію атрымоўваў за кнігу “Сказаць хачу” нараджэнец Хмелева Іван Арабейка.

Са сцэны паэт расказаў крыху пра сябе. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, быў сёмым дзіцем. Звычайна пяюць, што сёмы шчаслівы ды вясёлы, а на Іванаву долю выпала шмат цяжкасцей. Рана стаў пастушком. Яшчэ ў школе захапіўся кнігамі і маляваннем. Збіраўся нават паступаць у мастацкае вучылішча, ды старэйшы брат, які скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, прапанаваў працягваць вучобу там жа.

— Словам, паводле дыплома я — фізік, а ў душы — лірык. Усе любяць пах лаўровага ліста, а яшчэ больш — лаўровы вянок! — пажартаваў лаўрэат і прачытаў верш, сугучны канцу восені.

Апрача таго, у вобласці праводзіўся конкурс творчых і літаратурна-даследчых работ для вучняў і моладзі. Тэмай для іх сталі словы Уладзіміра Калесніка: “Жыць — дастойна”. Першае месца аддадзена працы маладой журналісткі з Камянца Настассі Нарэйка. Некалькі пісьменнікаў атрымалі спецыяльныя дыпломы аблвыканкама за прапаганду кнігі і паэтычнага слова.

Запамінальнымі сталі словы старшыні аблвыканкама К.А.Сумара:

— Калі чытаеш па-беларуску кнігі Івана Мележа, Івана Шамякіна, Уладзіміра Караткевіча, адчуваеш, наколькі прыгожая і сакавітая родная мова. Ніякі пераклад на рускую не можа перадаць увесь каларыт твораў айчынных пісьменнікаў. Добра, што сёння ў вобласці праходзіць акцыя “Чытаю па-беларуску”, у якой паўдзельнічаў і я. Раю кожнаму далучацца да багаццяў нашай мовы і літаратуры.

Расціслаў БЕНЗЯРУК.

На здымках: лаўрэат літаратурнай прэміі імя У.А.Калесніка 2012 года Іван Арабейка; з віншаваннямі выступае старшыня аблвыканкама К.А.Сумар.

Фота Анатоля Бензерука.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top