У райвыканкаме

У райвыканкаме

29 лістапада пад старшынствам М.В.Токара прайшло пасяджэнне райвыканкама.

Першым было разгледжана пытанне аб арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі раёна. Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама С.М.Янусік, у школах і дзіцячых садках шмат зроблена для ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы, тэхналагічнага пераабсталявання харчовых блокаў. За апошнія гады значна павялічыўся аб’ём сродкаў, што накіроўваюцца з раённага бюджэту на замену абсталявання, кухоннага інвентару, посуду. На летніх канікулах рамантуюцца харчовыя блокі, з 2010 года на гэта патрачана 625 млн. рублёў. Не менш важная задача — якаснае харчаванне дзяцей, прафілактыка групавых захворванняў вострымі кішэчнымі інфекцыямі. У прыватнасці, адкарэктаваны асартыментны пералік і тэхналагічныя карты, праграмы вытворчага кантролю, заключаны дагаворы планавых абследаванняў тэхналагічнага абсталявання, уведзены рэжым асабістай гігіены персаналу. Створаны бракеражныя камісіі і саветы, якія сочаць за харчаваннем дзяцей. Акрамя таго, праводзяцца ведамасныя праверкі інжынерам-тэхнолагам, бухгалтарам рэвізорам, лабараторны кантроль.

Разам з тым, адзначалася, што, каб не было парушэнняў, якія выяўляюцца ў ходзе праверак арганізацыі харчавання, не заўжды патрэбныя значныя матэрыяльныя выдаткі. Неабходныя іншы раз толькі добрасумленныя адносіны работнікамі кухні да сваіх службовых абавязкаў, падтрымка парадку ў памяшканнях, чысціня абсталявання, інвентару, посуду, захаванне правілаў асабістай гігіены. Урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі У.Х.Лапус і галоўны ўрач Жабінкаўскай ЦРБ А.І.Лаўрукевіч дапаўняючы сказанае ўказвалі, што важныя ў дзіцячым харчаванні чалавечы фактар, дзейсны кантроль за яго арганізацыяй, што ўспышкі кішэчных інфекцый у большасці выпадкаў здараюцца ад нізкай санітарнай культуры абслуговага персаналу.

Наступная тэма, што абмяркоўвалася на пасяджэнні выканкама, таксама датычылася адукацыі, толькі дашкольнай: якія створаны ўмовы для павышэння яе даступнасці і якасці, на што патрэбна звярнуць увагу. У раёне назіраецца дынаміка росту выхаванцаў дзіцячых садкоў (з 911 у 2010-ым да 1140 у 2012-ым). Павялічваецца і працэнт дзяцей ва ўзросце ад 2 гадоў да 6, якія наведваюць садзік. Плануецца ў наступным годзе распачаць будаўніцтва ў горадзе яшчэ адной дашкольнай установы.

Клопат дарослых — стварыць камфортныя і бяспечныя ўмовы знаходжання дзяцей у яслях і садках, школах, а таксама выхад іх з гэтых устаноў на вуліцу. Начальнік аддзела ДАІ РАУС А.А.Мядзведзь прывёў факты, што не паўсюдна абуладкаваны пераходы ля іх, не абмежаваны пад’езд машын, тэрыторыя Ракітніцкай школы не абгароджана і інш.

Намеснік начальніка ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама С.У.Дзмітрук праінфармаваў, як выконваліся сёлета мерапрыемствы рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Брэсцкай вобласці, разлічанай на 2011-2015 г.г. Сітуацыя ў раёне характарызуецца праяўленнем негатыўных тэндэнцый, уласцівых для Беларусі ў цэлым: натуральнымі стратамі насельніцтва з-за росту смяротнасці, павелічэннем колькасці пажылых людзей. Выканкам даручыў УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” забяспечыць якасць прафілактычных медыцынскіх аглядаў насельніцтва з мэтай выяўлення фактараў рызыкі развіцця хранічных захворванняў. Аддзел культуры райвыканкама павінен накіроўваць сваю работу на ўмацаванне сямейна-шлюбных адносін, павышэнне прэстыжу сям’і. Упраўленню працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама неабходна аналізаваць (у кожным сельсавеце) асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі, вызначаць канкрэтныя прычыны смяротнасці насельніцтва.

Па ўсіх пытаннях, абмеркаваных на пасяджэнні выканкама, былі прыняты адпаведныя рашэнні, вызначаны адказныя за іх выкананне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top