“Другая маладосць” талерак

“Другая маладосць” талерак

Дзіву даешся іншы раз, калі бачыш, якую прыгажосць можа стварыць чалавек. Вытанчаныя лініі, цікавы сюжэт у вальсе з непаўторнай задумай і добрай тэхнікай — здавалася б на гэта здольныя толькі сапраўдныя прафесіяналы.  Аднак і пра Наталлю Дзмітрук з вёскі Сакалова, можна сказаць, самародак…

Дзяўчына не марыла быць майстрам палатна і пэндзля, проста з дзяцінства малявала прыгожыя эцюды для сябе і блізкіх людзей. У 5-6 класе хадзіла ў гурток малявання, аднак клубок яе жыцця завярнуў на іншую дарогу, а выяўленчае мастацтва так і засталося проста хобі з мінулага. Наталля вывучылася на сакратара, паўтара гады працавала па сваёй спецыяльнасці ў Хмелеўскай школе, пазней пайшла вучыцца на курсы швачак, праз паўгода навучання ў яе была практыка ў швейнай фірме ў Брэсце. Гэтая праца спадабалася дзяўчыне, таму што ў яе можна ўкласці ўсё сваё ўяўленне, ствараць рэчы незвычайнай прыгажосці. Да таго ж, з сённяшнімі цэнамі на адзенне, як заўважае яна, гэта вельмі выгадная прафесія.

Аднак зусім нядаўна ў яе з’явілася новае захапленне, без якога зараз Наталля ўжо нават не ўяўляе сябе:

— Дарыць “другое дыханне” старым рэчам — вельмі прыемны занятак. Упэўнена, што ў кожнага чалавека знойдзецца шмат непатрэбных прадметаў, якія могуць ператварыцца ў цудоўныя элементы дэкору, калі ёсць жаданне прыкласці да гэтай справы крышачку старання і фантазіі.

Больш за ўсё Наталлі падабаецца дэкарыраваць талеркі, быццам на халсце, маляваць на іх свае гісторыі, рабіць з іх сапраўдныя творы мастацтва.

Усё пачалося год назад, калі Наталля стала наведваць гурток “Мастацтва пераўтварэння”, які працуе ў рамках дзённага аддзялення для знаходжання інвалідаў пры ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Там ёй паказалі тэхніку дэкупажа талерак, пры якой з дапамогай спецыяльных сурвэтак, клею, звычайнай гуашы і лаку талеркі “апранаюцца” у цудоўныя карціны, становяцца добрым упрыгажэннем вашага пакою.

Наталля адзначае, што складанага ў дэкупажы няма нічога. Толькі вось спецыяльныя сурвэткі для дэкору рэчаў не заўсёды маюць  той  малюнак, які хацелася б бачыць у сваім творы. Тады на дапамогу  Наталлі прыходзіць яе маляўнічы талент. Раней яна проста дамалёўвала дэталі, якіх не даставала на сурвэтцы, а зараз умела малюе на талерках карціны, якія ўзнікаюць у яе ўяўленні.

— Я люблю маляваць мора, нават ад малюнка вады зыходзіць свежасць і свабода. Увогуле ўвасабляць у свой сюжэт прыроду вельмі цікава, ніколі не атрымліваецца два аднолькавыя малюнкі. Таксама часта малюю жывёлін, яны вельмі ажыўляюць інтэр’ер.

Каб зрабіць талерку з сюрпрызам, Наталлі хапае аднаго дня. На пытанне, ці многа іх упрыгожвае пакоі яе дома, дзяўчына ўсміхнулася і прызналася, што не вельмі: часцей яна дорыць іх сябрам і родным, якія падтрымліваюць яе захапленні, некаторыя нават просяць паказаць майстар-клас.

Сёлета шэдэўры Наталлі Дзмітрук выстаўляліся на “Славянскім базары-2012” ў Віцебску, дзе дзяўчына прыняла ўдзел у Міжнародным фестывалі творчасці. Дэманстравалі свае работы тут творчыя людзі з Украіны, Казахстана і Расіі. Работы Наталлі былі высока ацэнены журы конкурсу, за што дзяўчына атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Многія пажадалі купіць прыгожыя талеркі нашай зямлячкі. Такі “тавар” каштуе каля 50 тысяч рублёў. Аднак Наталля адмовілася, бо тыя талеркі цяпер для яе — талісман.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: Наталля Дзмітрук прэзентуе свае талеркі.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top