У штаце суда Жабінкаўскага раёна тры судовыя выканаўцы. Іх праца, адказная і няпростая, часам спалучаецца з рызыкай, бо згодна з прынцыпам “прысуд павінен быць выкананы”, судовым выканаўцам нярэдка даводзіцца прымушаць грамадзян, што ў неладах з законам, прытрымлівацца ягонай літары.
Сваё жыццё Ірына Генадзьеўна Тэадаровіч пачынала з рэкордаў. Ёй было ўсяго восем гадоў, калі здзейсніла горнае падарожжа І-й катэгорыі складанасці па Цэнтральным Каўказе. А яшчэ раней “служыла”… у міліцыі!
— Са злачынцамі знаёма з пялёнак! — гаворыць са смехам Ірына Генадзьеўна. — Мой бацька Генадзь Фядотавіч Турыцын пасля заканчэння Магілёўскай школы міліцыі размеркаваўся ў Пермскі лінейны аддзел міліцыі. Калі не было з кім мяне пакінуць, браў на службу. Суровы паўночны клімат маці — Галіне Іванаўне, не падышоў, вось і выцягнула бацьку ў лагодную Беларусь.
Тое, што бацьку не ўдалося, паспяхова здзейсніла дачка. Пасля заканчэння першай гарадской школы Ірына паступіла на аддзяленне правазнаўства Мінскага тэхнікума савецкага гандлю, а затым і на юрфак БДУ. Спалучала вучобу на завочным аддзяленні з працай у судзе Ленінскага раёна горада над Бугам. З восені 1994 года — у судзе Жабінкаўскага раёна. Была загадчыкам канцылярыі, сакратаром, судовым выканаўцам, а з 2005-га — старшы судовы выканаўца.
Улетку 1996 года Ірына пабралася шлюбам з лейтэнантам Леанідам Тэадаровічам, які за гады даслужыўся да звання падпалкоўніка юстыцыі і цяпер праходзіць службу ва ўпраўленні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці. У сям’і гадуюцца дочкі Ніна і Сафія, вучаніцы СШ №1 горада Жабінка, якія атулены бацькоўскім клопатам, хоць час ад часу і шкадуюць, што маці часта адсутнічае ў доме па службовых справах. А вось 13-гадовая пляменніца Хрысціна Турыцына неяк выказалася:
— Хачу быць, як цёця! У яе надзвычай важная праца.
Кола яе абавязкаў даволі шырокае, бо судовы выканаўца выконвае рашэнні і прыгаворы суда пастановы іншых органаў (напрыклад, адміністрацыйнай камісіі, РАУС, дзяржаўтаінспекцыі і г.д.), клапоціцца пра спагнанне крэдытных пазыкаў, узятых у банках. Важным напрамкам прафесійнай дзейнасці Ірыны Тэадаровіч стала праца з абавязанымі асобамі паводле прэзідэнцкага Дэкрэта №18. Згодна з ім на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, праз суд спаганяюцца грошы з гора-бацькоў.
— Сёлета імі пагашана ў раёне 47,9%, — гаворыць Ірына Генадзьеўна. — Гэта — другі паказчык у вобласці.
Малодшыя калегі Ірыны Генадзьеўны — судовыя выканаўцы Аляксандр Аляксеевіч Крук і Дар’я Ігараўна Сінчанкова пакуль маюць значна меншы стаж у прафесіі (Аляксандр усяго два гады як на пасадзе, Дар’я ўвогуле ўладкавалася ў суд Жабінкаўскага раёна 11 месяцаў таму). Аднак і яны ўжо сутыкнуліся са складанасцямі службы судовых выканаўцаў, якім штомесяц даводзіцца выконваць да 250 выканаўчых вытворчасцяў. Маладыя юрысты зараз працягваюць завочную адукацыю па спецыяльнасці “правазнаўства” ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Паспяхова сумяшчаюць практычную дзейнасць у судзе з тэарэтычнымі ведамі, што набываюць у вышэйшай навучальнай установе. Іх сфера — агульнаіскавыя вытворчасці, спагнанне аліментаў, кожны мае свой участак, на якія падзелены для судовых выканаўцаў горад і населеныя пункты раёна.
Напярэдадні Дня юрыста папрасілі Ірыну Тэадаровіч і Аляксандра Крука павіншаваць калегаў з прафесійным святам, і атрымалі пажаданні не толькі для юрыстаў, але й для кожнага грамадзяніна:
— У функцыях судовых выканаўцаў выконваць толькі рашэнні і прыгаворы суда. Выкананні жыццёвых мар — у руках самога чалавека. Хочацца, каб кожны адчуваў адказнасць перад сабой, сваёй сям’ёй і законам. Поспехаў у ажыццяўленні вашых мар!
Анжаліка ЯСКАВЕЦ, кансультант суда Жабінкаўскага раёна; Анатоль БЕНЗЯРУК, карэспандэнт “Сельскай праўды”.
На здымку: судовыя выканаўцы Ірына Тэадаровіч і Аляксандр Крук.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.