У Доўгае, да Крашэўскага

У Доўгае, да Крашэўскага

2012 год багаты на юбілейныя даты. На Берасцейшчыне ўшанавалі ўжо Купалу і Коласа, Танка, Калесніка і Дзяконскага. На Пружаншчыне не адбылася вечарына, прысвечаная 200-годдзю класіка польскай і сусветнай літаратуры Юзафа Крашэўскага (1812-1887), у якой давялося ўдзельнічаць.

Падарожжа пачалося з паездкі ў вёску Доўгае, адразу за якой месціўся маёнтак бацькі Крашэўскага. “У гэтым Доўгім мы пражылі спакойна многія гады”, — згадваў пазней пісьменнік.

Зараз ад былой сядзібы не засталося нічога. Са слоў паэта Міколы Папекі, знаходзіліся панскі дом і флігель, на полі падрастала маладая рунь. Праўда, на ім і сёння можна знайсці бітую цэглу ды маленькія асколкі старой керамікі, а там, дзе колісь быў парк, дзве-тры старыя ліпы маглі памятаць юнага Юзафа. Кожны ў гэтую хвіліну думаў: трэба тут паставіць памятны знак.

Затым скіраваліся ў Загор’еўскую базавую школу, дзе аформлены куток памяці Ю.Крашэўскага. Як з’явілася яго ідэя, расказаў настаўнік гісторыі Мікалай Рыгоравіч Сахарук. Адна з вучаніц узялася за творчую работу. Памятаючы, што ў гэтых мясцінах жыў Юзаф Крашэўскі, рашылі болей даведацца пра земляка. Звязаліся з журналісткай Русланай Гусевай, якая многа гадоў займалася вывучэннем спадчыны пісьменніка, з музеем Крашэўскага ў Раманаве (Польшча), сустрэліся з С.Я.Саўчуком і іншымі старажыламі. Удалося ўзнавіць макет сядзібы Крашэўскіх.

Пасля наведалі Шарашова, дзе ля Троіцкага касцёла пахаваны Каятан — брат Юзафа, музей-сядзібу “Пружанскі палацык”, які два пакоі аддаў Крашэўскім.

Затым у раённай бібліятэцы імя М.Засіма пачалася вечарына. Адкрыла яе выкладчыца Пружанскай школы мастацтваў С.М.Гардзей, якая на фартэпіяна выканала творы Крашэўскага. У цэнтры была выстаўлена карціна берасцейскага мастака А.М.Дзенісевіча з выявай колішняй сядзібы.

Цвіком праграмы стаў госць з Мінска — літаратуразнавец і перакладчык Міхась Кенька. У яго перакладах па-беларуску загучалі чатыры гістарычныя аповесці Юзафа Крашэўскага, у тым ліку “Кароль у Нясвіжы. 1784”, дзе вядзецца гаворка пра знакамітага Радзівіла — Пане Каханку і апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Аб ролі перакладчыкаў, якія, беручыся за гэтую важную справу, як бы абавязуюцца данесці твор аўтара такім, каб палюбіўся замежнаму чытачу, гаварылі журналісты Людміла Бунеева і Анатоль Бензярук. Мікола Папека прачытаў урыўкі з паэмы Ю.Крашэўскага “Вёска”, а я — два перакладзеныя вершы: “ Два словы” і “О, час малады…”

Па прапанове Русланы Гусевай пры пружанскай бібліятэцы створаны фонд будучага музея Ю.Крашэўскага ў Доўгім. Госці першымі ўнеслі ў яго свае кнігі.

Расціслаў БЕНЗЯРУК.

На здымку: выступае перакладчык літаратурнай спадчыны Ю.Крашэўскага М.П.Кенька.

Фота Анатоля Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

2 Comments Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top