Гасціннасць у абмен на грошы

Гасціннасць у абмен на грошы

 

Турызм —– паняцце шырокае. Менавіта таму развіццё яго на Жабінкаўшчыне складаецца з некалькіх напрамкаў дзейнасці, якія ў будучым задаволяць запатрабаванні гасцей нашага раёна. Гэта і распрацоўка турыстычных маршрутаў для экскурсій, і будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры турызму, і развіццё новага для нашага рэгіёна напрамку — аграэкатурызму.

Што можам паказаць турыстам менавіта мы? Усяго ў Жабінцы і раёне распрацавана сем турыстычных маршрутаў: “Памяць Вялікай вайны”, “Жабінкаўскі гасцінец”, “Касцюшкаўскі шлях”, “Крупчыцкі бой”, “Шляхам іерусалімскага агню”, “Жабінкаўскі “экватар” і “З вараг у грэкі”. Яны адкрываюць для гасцей раёна і нашы славутыя мясціны, і малавядомыя, але ўласцівыя для нашай гісторыі. Да прыкладу, магілы ахвяраў фашызму ў вёсках Хадасы і Жыцінь. Наведаць вядомыя мясціны Жабінкаўшчыны можна як самастойна, так і з дапамогай турыстычнага агенцтва  “Бадзёрасць” Жабінкаўскай фізкультурна-аздараўленчай установы “Спартыўны комплекс “Бадзёрасць”.

Яшчэ шэсць гадоў назад слова аграэкатурызм было для жыхароў нашай краіны новым і не зусім зразумелым. Сёння ж вяскоўцы з энтузіязмам бяруцца за справу сустракаць у сваіх сядзібах гасцей і зарабляць на гэтым грошы. Аграэкатурызм у Беларусі — гэта сегмент турыстычнага рынку, які працягвае дынамічна развівацца, ствараючы добрую магчымасць атрымаць паўнацэнны адпачынак у экалагічна чыстых умовах. Расце папулярнасць да гэтага віду турыстычнай дзейнасці і на Жабінкаўшчыне. Народныя песні, паданні, культурныя традыцыі, характэрныя для нашага рэгіёна, праз адно-два стагоддзі маглі б назаўсёды знікнуць, адысці ў мінулае. Але ж стварэнне аграсядзібаў, падтрыманне ў тонусе народнасці беларусаў будуць садзейнічаць захаванню і ўзнаўленню традыцый нашага народа.

Зараз у Жабінкаўскім раёне сустракае гасцей восем аграсядзібаў: “Рачная” Генадзя Фядотавіча Турыцына і “Зялёная” Барыса Васільевіча Ільіна, што размясціліся ў вёсцы Здзітава, “Алізараў Стаў” Уладзіміра Пятровіча Мянжынскага і “Сады радасці Ларысы Аляксандраўны Пагоцкай (гэтыя турыстычныя аб’екты знаходзяцца ў вёсцы Жыцінь). У Хадасах гасцей чакае “Лясны хутар” Аляксея Уладзіміравіча Харкіна. У свой “Закуток” запрашае ўсіх жабінкавец Максім Вітальевіч Макарэвіч. У горадзе таксама дзейнічае яшчэ адна аграсядзіба — “Гасцявая” Сяргея Сяргеевіча Ступчыка. А ў “Беларускіх Буснях” з аднайменнай вёскі сустракае турыстаў Віктар Міхайлавіч Валынчук.

Верыцца, што хутка ў Жабінкаўскім раёне ў кожным сельскім Савеце адчыніць свае дзверы яшчэ не адна аграсядзіба. І гэта стане спрыяльнай умовай для далейшага развіцця аграэкатурызму на Жабінкаўшчыне.

Дарэчы, колькасць жадаючых зарабляць на гасціннасці грошы расце з тых пор, як ў 2006 годзе быў прыняты Указ Прэзідэнта “Аб мерах у развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”.

Сёння, каб распачаць аграэкатурыстычны бізнес дастаткова жыць у сельскай мясцовасці ці горадзе з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек (пад гэтую катэгорыю падпадае Жабінка), і мець жаданне займацца гэтай справай. А вось і маленькая інструкцыя, як распачаць свой турыстычны бізнес.

У вас павінен быць жылы дом, што належыць на праве ўласнасці фізічнай асобе — суб’екту аграэкатурызму або члену яго сям’і і адпавядае ўстаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням. Колькасць пакояў для размяшчэння аграэкатурыстаў не павінна перавышаць дзесяці, каб ваша дзейнасць не лічылася прадпрымальніцкай. Далей звяртаецеся ў сельсавет, дзе пішаце заяву аб тым, што збіраецеся адкрыць аграсядзібу. Потым пералічваеце на рахунак сельскага Савета адну “мінімалку” і можаце адпраўляцца ў інспекцыю падаткаў і збораў з просьбай паставіць вас на ўлік, як падаткаплацельшчыка. Між іншым, паводле закону, гаспадары аграсядзіб вызваляюцца ад платы падаткаў за ажыццяўленне аграэкатурыстычнай дзейнасці, таму ў інспекцыю вы будзеце толькі падаваць справаздачу аб тым, колькі чалавек вы прынялі за год ў сваёй аграсядзібе і які заробак атрымалі за гэты час. Калі вам патрэбны грошы на рэканструкцыю памяшканняў, вы можаце звярнуцца па крэдыт (да 2000 базавых велічыняў) пад 5 працэнтаў у ААТ “Белаграпрамбанк”.

Будзе развівацца на Жабінкаўшчыне і гасцінічны бізнес. Ужо зараз вызначаны чатыры зямельныя участкі для будаўніцтва гасцінічных комплексаў з аб’ектамі гандлю і грамадскага харчавання, стаянкамі і пляцоўкамі адпачынку і комплексу аграэкатурызму. Зараз вядзецца пошук унутраных і замежных інвестараў. Рэалізацыя гэтых праектаў адкрые для раёна новыя магчымасці развіцця турызму, стане добрай крыніцай фінансавых паступленняў у раённы бюджэт.

Дадатковую інфармацыю   можна атрымаць у аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама па тэлефоне 2-25-74.

Дар’я КНЯЗЕВА.

На здымку: аграсядзіба «Рачная» Г.Турыцына.

Фота Ірыны ЖУК.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top