Дзень аховы працы на Жабінкаўшчыне

Дзень аховы працы на Жабінкаўшчыне

23 лістапада звыш сямідзесяці прадстаўнікоў Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, абласнога ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сітуацый, абкама прафсаюза працаўнікоў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, інжынеры аховы працы, адказныя за пажарную бяспеку сабраліся ў КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” на абласны семінар структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі “Дзень аховы працы”.

Госці наведалі камунальныя аб’екты раёна, дзе не толькі пачарпнулі шмат карыснага з вопыту жабінкаўцаў, але й падзяліліся ўласнымі напрацоўкамі ў пытаннях аховы працы. Часам размова прымала дыскусійны характар, на што ад самага пачатку настройваў калегаў намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне ЖКГ” Генадзь Станіслававіч Геразо, які вёў семінар.

Удзельнікаў віталі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатоль Вітальевіч Шалтанюк і начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Анатоль Аляксандравіч Старыцкі. Яны пазнаёмілі гасцей з эканамічнымі і гістарычнымі адметнасцямі Жабінкаўшчыны. Экскурсію па аб’ектах ЖКГ, размешчаных у райцэнтры, праводзіў галоўны інжынер прадпрыемства М.В.Бобрык. Мікалай Васільевіч засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара на арганізацыйных мерапрыемствах дзеля пажарнай бяспекі на аб’ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Свае каментарыі і тлумачэнні выказаў начальнік раённага аддзела МНС Алег Анатольевіч Бутрым.

У час наведвання каналізацыйна-помпавай станцыі госці ўвачавідкі пераканаліся, як клапоцяцца жабінкаўцы пра ахову працы пры абслугоўванні гэтага аб’екта.

Затым праца семінара прадоўжылася ў аграгарадку Ленінскі, дзе ўдзельнікі наведалі кацельню, якая працуе  на мясцовых відах паліва, і лазню. Іх цікавіла, што робіцца на аб’ектах дзеля аховы працы аператараў кацельні і персаналу лазні. Прынамсі, інжынер аховы працы з Баранавічаў Г.А.Анікін звярнуў увагу прысутных на вельмі важную праблему, што ўзнікае час ад часу: ці дазваляецца чужым людзям заходзіць на аб’екты ЖКГ? Сваё пытанне Генадзь Андрэевіч праілюстраваў рэальнай жыццёвай сітуацыяй:

— Здымачная група АНТ, калі рыхтавала матэрыял пра Баранавіцкі раён, паспрабавала прайсці на тэрыторыю кацельні. Аператар кацельні пацікавіўся, хто з прадстаўнікоў ЖКГ суправаджае групу, і не дазволіў прайсці, калі даведаўся, што прадстаўнік адсутнічае. У выніку ў відэаматэрыяле замест кацельні з’явіліся… рука, якая шчыльна зачыняе дзверы, і сабака, што абгаўкаў тэлевізійнікаў. Неўзабаве прыйшла і грозная папера з Мінска з патрабаваннем пакараць прадстаўніка камунальнай гаспадаркі, які “супрацьдзейнічаў тэлевізійнай групе ў выкананні сваіх абавязкаў”. Аднак “пры выкананні” былі не толькі прадстаўнікі СМІ. Непаразуменне вырашыла інструкцыя, якая адназначна была на баку аператара кацельні.

Апошнім аб’ектам семінара стала месца вучэбнага “прарыву” цеплатрасы. Паблізу яго ўдзельнікі падрабязна разабралі дзеянні аварыйнай брыгады ў розных сітуацыях, што ўзнікаюць у жыцці, у тым ліку пры неспрыяльных умовах надвор’я, на праезджай частцы, ля ліній з высокай электрычнай напругай. Асабліва падкрэслівалася: хуткасць і эфектыўнасць ліквідацыі аварыі залежыць не толькі ад укамплектаванасці брыгады адпаведнымі спецыялістамі, тэхнікай і прыстасаваннямі, але і ад зладжаных, прадуманых сумесных дзеянняў многіх адказных службаў раёна.

Вынікі семінара падведзены на пленарным пасяджэнні, што прайшло ў райвыканкаме.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

На здымках: у час правядзення абласнога семінара структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі «Дзень аховы працы» ў Жабінцы і аграгарадку Ленінскі.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top