Дзе ёсць насілле — няма сям’і

Дзе ёсць насілле — няма сям’і

25 лістапада — Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю насілля ў адносінах да жанчын.

Пацярпелымі ад дамашняга насілля могуць быць жанчыны рознага матэрыяльнага і сацыяльнага становішча. Некаторыя мужчыны лічаць, што насілле гэта лепшы спосаб кантролю і ўлады. Але яны не маюць права зневажаць і прыносіць фізічны боль. Заўважу, што дамашняе насілле — гэта злачынства.

У 2008 годзе Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў пад эгідай прадстаўніцтва ААН у Беларусі прааналізаваў праблему. Вынікі паказалі, што чатыры з пяці жанчын нашай краіны ва ўзросце 18-60 гадоў падвяргаюцца псіхалагічнаму насіллю ў сям’і, кожная чацвёртая — фізічнаму, 22,4% адчуваюць эканамічнае і 13,1% — сексуальнае з боку свайго мужа ці пастаяннага партнёра. Пасля фізічнага і сексуальнага насілля толькі 48,6% жанчын звяртаюцца па дапамогу.

Што ж прымушае здзяйсняць гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да людзей? Найбольш тыповыя прычыны абумоўлены асобаю мужчыны і гісторыяй яго жыцця: бацькоўскі сцэнарый, калі тата біў маці, мужчына быў часта біты бацькам і маці ў дзяцінстве; упэўненасць у тым, што жанчыне трэба быць у ролі ахвяры, і яна не мае рэальных магчымасцяў разарваць з імі; пастаяннае ўжыванне алкаголю; нізкі ўзровень самасвядомасці і самакантролю; няздольнасць прыняць адказнасць за здзейсненыя дзеянні; наяўнасць высокага ўзроўню стрэсу, абумоўленага эканамічнымі і бытавымі праблемамі, інш.

У жанчын прычыны, якія звязаны з неспрыяльнай жыццёвай сітуацыяй у бацькоўскай сям’і, таксама выступаюць як фактары рызыкі. Да іх можна аднесці: высокі ўзровень псіхалагічнай і эканамічнай залежнасці яе ад мужчыны; больш высокі ўзровень адукаванасці яе ў сям’і; наяўнасць фізічных недахопаў (асабліва, калі яны з’явіліся пад час сумеснага жыцця); нізкая самаацэнка, інш.

Найбольш тыповыя прычыны, якія не дазваляюць жанчынам пазбегнуць гвалтоўных дзеянняў: страх уходу (тая жанчына, якая рызыкнула пайсці, падвяргаецца часам смяротнай небяспецы), няведанне ўласных правоў і магчымасцяў, жыллёвая праблема (адсутнасць рэальных заканадаўчых мераў, якія гарантуюць рассяленне ці абмен агульнай з гвалтаўніком кватэры).

Да нерашучасці прыводзяць і шматлікія няправільныя сацыяльныя ўстаноўкі адносна сям’і і шлюбу. Гэта скасаванне яго — прыкмета паражэння жанчыны; насілле прысутнічае ва ўсіх сем’ях (толькі ўсе імкнуцца яго ўтойваць; “без мяне ён прападзе”; неабходна ахвяраваць сабою і ўсё сцярпець дзеля дзяцей, інш.

Памятайце! Насілле прыносіць шкоду вам і вашым дзецям. Падумайце пра свае далейшыя дзеянні: раскажыце пра гэтую з’яву ў вашай сям’і таму, каму давяраеце, знайдзіце надзейнае месца, куды можаце пайсці пад час небяспекі. А яшчэ вы можаце звярнуцца па дапамогу на тэлефон агульнанацыянальнай “гарачай” бясплатнай лініі 88011008801. Кансультацыю псіхолага атрымаеце ў ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН” па адрасу: вул.Калгасная, д.4, тэл. 2-35-64.

Вольга КАСКО, псіхолаг ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top