Не выпрабоўвайце свайго лёсу

Не выпрабоўвайце свайго лёсу

Прызнайцеся шчыра: ці часта вы парушаеце заканадаўства? Хутчэй за ўсё адказам будзе ваша “не”. Ды ёсць вялікая колькасць сітуацый, якія прыводзяць да адміністрацыйнай адказнасці, а мы пра гэта і не падазраем. Напрыклад, за загрувашчванне люка на балконе вам пагражае штраф да 30 базавых велічыняў. Праўда, нечакана? Парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы цягне за сабой папярэджанне або штраф у такім жа памеры. А калі правілы бяспекі парушаны асобаю, адказнаю за іх выкананне, у выніку чаго ўзнік пажар, штраф павялічваецца ад 30 да 50 базавых велічыняў. Ды зноў жа, ці ўсе гэтыя правілы можна ведаць? Кожнае з іх нескладана знайсці на сайце Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі 112.by.

Скажам, у вашым доме або кватэры ўстаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Але праз год-паўтара ў яго “села” батарэйка.  Паводле пункта 13.6 Правілаў пажарнай бяспекі, наймальнік або ўласнік павінен падтрымліваць АПА спраўным. Парушэнне гэтага патрабавання таксама вядзе да адміністрацыйнай адказнасці (штраф да 30 б.в.). Дык можа, танней своечасова замяніць батарэйку? Апрача таго, апавяшчальнік сапраўды можа выратаваць ваш дом, а галоўнае — ваша жыццё.

Час бязлітасны. Рэчы, якія некалькі гадоў назад былі новымі, зараз прыйшлі ў непрыгоднасць або маюць неахайны выгляд. Што ж, калі вопратка састарэла, мы яе выкідваем ці надаем ёй статус “хатняй”,  “дачнай”. Але ці ўдзяляем належную ўвагу няспраўным разеткам, аўтаматам у электралічыльніках, электрапрыладам? Чаму працягваем выкарыстоўваць трэснутую разетку, што вырываецца са сцяны, старую электрапрыладу з пераматанымі ізаляцыйнай стужкай правадамі? А гэта ж таксама пагражае наступствамі, як мінімум — штрафам да 30 базавых велічыняў, а максімум — пажарам у вашым жыллі.

Або яшчэ такая сітуацыя: уключаеш у вясковай хаце святло, тэлевізар, чайнік, электраплітку — і раптам выбівае “коркі”. Нічога страшнага: замяняем перасцерагальнік і ўключаем яшчэ раз, працягваем займацца гаспадаркай — і зноў цёмна. І так некалькі разоў. У многіх нервы не вытрымліваюць, і яны робяць простую хітрасць — ставяць “жучок”. Цяпер перасцерагальнікі не “вылятаюць”, можна карыстацца неабмежаванай колькасцю электрапрыладаў адначасова. Ды ў доме ж няма перасцерагальніка, які ў выпадку перагрузкі сеткі мог бы адключыць ток і папярэдзіць пажар! Таму, у адпаведнасці з правіламі пажарнай бяспекі, не дапускаецца выкарыстанне якіх-небудзь самаробных прыладаў замест аўтаматычных перасцерагальнікаў і ўставак, што плавяцца.

Варта і такое пытанне задаць: ці будзеце вы траціць грошы нават на добрую рэч, якую можаце зрабіць сваімі рукамі? Наўрад, хоць самаробная будзе значна саступаць якасці заводскага вырабу. Колькі гадоў гарантыі дасце, скажам, на абагравальнік уласнай вытворчасці? Адказы відавочныя, і ўсё-такі стараемся сэканоміць некалькі тысяч рублёў замест таго, каб зрабіць свой дом бяспечным.

Нельга забываць і аб прававым выхаванні дзяцей. Ды што атрымліваецца: у большасці сем’яў бацькі працуюць у дзённую змену і, як правіла, пакідаюць дзяцей на саміх сябе. Яны, зразумела, ходзяць у школу, наведваюць гурткі і спартыўныя секцыі, аднак жа і дома за камп’ютарам сядзяць. Бацькі нават могуць не падазраваць, у якія гульні дзеці гуляюць і на якія сайты заходзяць. А там так шмат цікавага! Напрыклад, як зрабіць самастойна петарды або як прыгожа будзе гарэць вогнішча, калі ў яго падліць якой-небудзь “лёгкай” вадкасці. У выніку бацькі плацяць штраф, з імі праводзяць растлумачальныя гутаркі, а яны, са свайго боку, караюць дзяцей. Ды ўсё можа быць значна горш: падлетак часам падлягае адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці. Але і гэта не ўся бяда: а раптам здарыўся няшчасны, непапраўны выпадак?..

Цяпер вы ведаеце: за такія дробязі, як хлуд на балконе, “жучок” у лічыльніку, разетка, што не трымаецца ў сцяне, трэба заплаціць грошы. А чым заплаціце за жыццё?! Дык не выпрабоўвайце свайго лёсу. Калі ласка!

Любоў ФІЛІМАНЮК, спецыяліст групы прапаганды і навучання райаддзела надзвычайных сітуацый.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top