У чацвер у гарадскі Дом культуры лепшыя працаўнікі палёў і ферм, работнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў былі запрошаны на ўрачыстасць, арганізаваную з нагоды іх прафесійнага свята. Сярод ганаровых гасцей старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў.
Гучыць “Прывітальная” ў выкананні народнага хору “Скарбніца”. Песня, напісаная да гэтага дня Васілём Чапялевічам, стала цудоўным зачынам свята.
На ўпрыгожаную сцэну ўзнімаецца старшыня райвыканкама Мікалай Токар. У яго ганаровая місія: прыняць, бы добры дар, каравай сёлетняга жніва і ўручыць узнагароды найлепшым.
Адкрываючы ўрачыстасць, кіраўнік раёна адзначыў, што гэтае свята — даніна павагі нялёгкай сялянскай працы, знак удзячнасці людзям, што забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і наш дабрабыт. З асаблівай павагай згадваюцца імёны першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Рыгора Казлякоўскага і старшыні СВК “Рагазнянскі” Аляксандра Семенюка, якія ў гэты дзень прымалі віншаванні ў Мінску і былі ўганараваны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання за высокія вытворчыя дасягненні, адзін — Ганаровай граматай і другі — лістом Падзякі.
З рук кіраўніка раёна Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі лепшыя працаўнікі, занятыя ў розных сферах сельскагаспадарчай дзейнасці. Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў уручаў С.В.Мартысюк.
— Сёння свята тых, хто корміць краіну, — сказаў у выступленні С.Д.Ашмянцаў. Назаву толькі тры лічбы. Сёлета ўпершыню на Брэстчыне ўбрана без малога 1,5 мільёна тон зерневых культур, накапаны 1 мільён тон салодкіх карэнняў, рэалізавана 1 мільён тон малака. І ў гэтых мільёнах прыкметны ўнёсак аграрыяў Жабінкаўшчыны, якія шмат робяць, каб вобласць была ў краіне перадавою не толькі ў алфавіце, але й у справах. Вы — прыклад для ўсіх у культуры земляробства, а поспех рагазнянцаў, якія надаілі ад кожнай каровы звыш 7000 тон малака, — дазволіў узняцца раёну ў гэтай галіне на дзявяты радок сярод 118 раёнаў Беларусі! Хочацца пажадаць вам далейшых поспехаў і — удачы. Працуйце і надалей з аганьком, а я буду ўзнагароджваць!
Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў атрымалі ветурач СВК “Рагазнянскі” Юрый Папоў і жывёлавод СВК “Хмелева” Святлана Амельянюк. Граматай аблсельгасхарчу ўганараваны намеснік дырэктара ў будаўніцтве ААТ “Ракітніца” Віктар Кляўзер.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ніна Калыбская ўручыла Ганаровую грамату галіновага прафсаюза рэспублікі намесніку дырэктара ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Тамары Чапрасавай, а таксама абласнога — вадзіцелю СВК “Хмелева” Анатолю Кашалюку, жывёлаводу ААТ “Ракітніца” Валянціне Шарай, старшыні прафкама цукровага завода Ірыне Якубук.
Добрай традыцыяй стала прынародна ўслаўляць перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. А яшчэ — прыгожымі спевамі, танцамі, жартамі. Гэты заўсёдны падарунак ад калектываў мастацкай самадзейнасці Жабінкаўшчыны быў надзвычай багатым у той дзень. Разнастайныя музычныя нумары змяняліся, бы ў калейдаскопе, выклікалі захапленне і радасць. Удзельнікі свята не шкадавалі гарачых апладысментаў, калі на фінальнай песні цудоўнага “Каларыту” і “Золака” закружыліся ў танцы непаўторныя “Каруначкі”, і артыстам ад імя старшыні райвыканкама была паднесена карзіна жывых кветак.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: урачыста святкавала Жабінкаўшчына Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу.
Фота Ірыны Жук.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.