Рагазнянцы не спыняцца на дасягнутым

Рагазнянцы не спыняцца на дасягнутым

Малако і мяса — асноўная прадукцыя жывёлагадоўлі. Менавіта ад паспяховага развіцця гэтай галіны залежыць, як запаўняюцца прылаўкі нашых магазінаў прадуктамі харчавання, дый штодзень каса сельгаспрадпрыемстваў у выніку рэалізацыі мяса-малочнай прадукцыі на перапрацоўчыя заводы папаўняюцца “жывымі” грашыма. Адсюль — магчымасць палепшыць умовы працы і дабрабыт працаўнікоў, перайсці на інтэнсіўныя тэхналогіі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці… З-за гэтых прычынаў кіраўніцтва і спецыялісты СВК “Рагазнянскі” ўзялі курс на пашырэнне долі жывёлагадоўлі ў эканоміцы гаспадаркі.

Дзесяць гадоў таму ў “Рагазнянскім” налічвалася 2669 галоў буйной рагатай жывёлы, а цяпер — 4.018. Штогод статак павялічваецца шляхам уводу ў яго маладняку. Да прыкладу, дойных кароў на пачатак лістапада было 1360, што на 85 больш у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам. Як запэўніла галоўны заатэхнік Святлана Міхайлаўна Прудзялюк, яшчэ сёлета тут плануюць павялічыць дойны статак на 60 рагуляў. Пакуль малочная прадукцыя атрымліваецца на трох фермах: на новай Буснёўскай, што была ўведзена ў дзеянне ў гаспадарцы тры гады таму, на першай Буснёўскай і ў Ацячызне. З уводам малочнатаварнай фермы на 1 000 галоў у рагазнянцаў з’явіліся новыя магчымасці для ўкаранення сучасных энерга і рэсурсазберагальных тэхналогій у вытворчасці малочнай прадукцыі, павелічэння яе валавых аб’ёмаў, паляпшэння якасці, для ўмелага і пісьменнага ўзнаўлення статка, яго генетыкі. Змены адбыліся прыкметныя, якія станоўча паўплывалі на развіццё жывёлагадоўлі.

— Амаль паўтара гады мы займаліся фарміраваннем калектыву на новай МТФ, — расказвае галоўны заатэхнік Святлана Прудзялюк. — Скажу, што падабраліся тут людзі, якія з душой адносяцца да працы, а ўзначальвае яго Надзея Анатольеўна Багрова. Раней, праўда, жанчына працавала даяркай, аднак мы заўважылі ў яе характары задаткі кіраўніка, уменне згуртаваць вакол сябе работнікаў, і даверылі ёй брыгадзірства на ферме. Цяпер яна вучыцца ў Пінскім філіяле Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Наогул ферму ў 1 000 галоў абслугоўвае 8 даярак (пяцёра працуюць у даільнай зале і трое ў памяшканнях сухастою і раздою). Забяспечваюць работу, надзейнасць і чысціню малочнага абсталявання слесары Васіль Сцепанюк і Андрэй Анішчук. Штодзённа якасць малака кантралююць лабаранткі Галіна Мухіна і Таццяна Вадзько.

Набыткамі калектыву задаволены ў сельгаскааператыве. З 23 тон малака, якое штодзень адпраўляецца рагазнянцамі на перапрацоўчае прадпрыемства, 17 тон з Буснёўскай малочнатаварнай фермы, усё яно гатунку экстра. Дарэчы, за дзесяць месяцаў ад кожнай фуражнай каровы тут надоена звыш 6 310 кілаграмаў, што амаль на 900 кг больш мінулагодняга. А вось за год, запэўніла галоўны заатэхнік кааператыву, надой складзе 7500 кілаграмаў.

Пацікавілася складнікамі поспеху буснёўскіх жывёлаводаў у Святланы Міхайлаўны. Яна расказала, што тут кожны зацікаўлены ў своечасовым і збалансаваным кармленні статка. Корм раздаецца раздатчыкам тры разы на дзень, рэгулярна падсоўваецца на стале кармлення, у стойлах чыста (двойчы на дзень гной выштурхоўваецца з боксаў, потым рагулі добра падсцілаюцца здробненай саломай), у даільнай зале чысціня, можна сказаць, стэрыльная, малочнае абсталяванне мыецца ідэальна спецыяльнымі растворамі, прыбор “лактан” дапамагае лабарантам вызначыць тлустасць, шчыльнасць малака, наяўнасць бялку і саматычных клетак у ім. Вось адсюль і выдатныя вынікі, уклад у якіх не толькі даярак Валянціны Салей, Святланы Язерскай, Надзеі Лабенскай, Тамары Яшчук, Надзеі Сідарук, Лідзіі Калаевай і іншых, а таксама ўсіх зааветспецыялістаў, “сям’я” якіх згуртавана адзінай мэтай — атрымаць як мага больш прадукцыі і найвышэйшай якасці, нядаўнія студэнты пераймаюць практычны вопыт у старэйшых калегаў. І прыходзіць поспех.

Набыткі, дарэчы, важкія таксама ў жывёлаводаў першай Буснёўскай і Ацячызненскай фермаў, дзе за дзесяць месяцаў ад кожнай фуражнай каровы атрымана звыш 5 200 кілаграмаў малака, паводле падлікаў за год чакаецца звыш 6 000. Усё яно вышэйшага гатунку. Дарэчы. на першых Буснях цяпер праводзіцца рэканструкцыя фермы, першая чарга якой уступіць у дзеянне да 2013 года, з’явіцца даільная зала і жывёла будзе ўтрымлівацца ў перспектыве бяспрывязна.

Многія гады радуюць рагазнянцаў і набыткі жывёлаводаў мяснога цэха, таму што тут перайшлі на інтэнсіўнае вырошчванне маладняку і дасягненне высокіх сярэднесутачных вагавых прыбаўленняў. За дзесяць месяцаў у гаспадарцы ў сярэднім за суткі маладняк папраўляўся амаль на 730 грамаў, а на адкорме — на 830 грамаў. Вядома, гэтыя паказчыкі вышэйшыя чым леташнія.

Маладняк знаходзіцца на фермах “Ацячызна”, “Бусні-ІІ” і “Філіпавічы”, калектывы якіх узначальваюць патрабавальныя, сумленныя і адданыя справе брыгадзіры Кацярына Тур, Вольга Лахаюк, Галіна Папова. “Аператары-даглядчыкі працавітыя, за сваіх гадаванцаў перажываюць, як за малых дзяцей, — адзначыла Святлана Міхайлаўна. — Чалавечы фактар — галоўны складнік поспеху. Рупліва шчыруюць каля маладняку Ніна Кузняцова, Таццяна Арапчук, Алена Краўчук, іншыя. На мясакамбінат жывёла адпраўляецца вагою 450 кілаграмаў. За дзесяць месяцаў рэалізавана дзяржаве звыш 495 тон мяса, што 145% да адпаведнага ўзроўню мінулага года.

Сённяшняе жыццё вымушае не спыняцца на дасягнутым, працаваць на перспектыву, у рагазнянцаў, як бачым, гэта атрымліваецца выдатна.

Людміла КОСЦІНА.

На здымку: старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Васільевіч Семянюк з маладымі спецыялістамі — эканамістам працы Вольгай Чаплінскай, бухгалтарам Таццянай Мароз, заатэхнікам-селекцыянерам Марынай Саўчанка, ветурачом Аляксандрам Кучынскім, аграномам-насенняводам Аляксандрам Галадзюком, бухгалтарам Аленай Мінаевай, інжынерам машынна-трактарнага парка Сяргеем Міхальчуком і ветурачом-гінеколагам Міхаілам Чыруком.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top