Партнёры не падводзяць

Партнёры не падводзяць

Больш за 45 гадоў мінула з дня ўтварэння ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. На думку сённяшняга дырэктара У.М.Дземідзюка, прадпрыемства заўсёды займала прыкметнае месца ў эканоміцы раёна. У гэтым пераконваюць і вынікі, якія штогод па старой сялянскай завядзёнцы падводзяцца позняй восенню. Да слова, вынікі станоўчыя.

Поспех — вынік прадуманых дзеянняў. Пытанне, зададзеннае Уладзіміру Мікалаевічу ў час сустрэчы, “Калі не сакрэт, якія заробкі ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”? і адказ на яго “Той, хто жадае зарабіць, можа зарабіць ад чатырох мільёнаў рублёў, а ў сезон, на перавозцы цукровых буракоў вадзіцелі атрымлівалі і шэсць, і сем мільёнаў” пацвярджаюць думку.

Для замацавання кадраў — наступны крок у будучыню: будаўніцтва жылля. Летась здадзены пад ключ пяць дамоў-катэджаў у Курпічах. Шчаслівымі ўладальнікамі тых сапраўды “залатых ключыкаў” сталі сем’і спецыялістаў, патрэбных таварыству. Такіх як кобрынец Уладзімір Дзялец, што вясной увішна ўпраўляецца на пагрузчыку “Амкадор”, а ў гарачую жніўную пару шчыруе да сёмага поту на камбайне.

— “Жыллёвае пытанне” будзем вырашаць і надалей, — запэўнівае Уладзімір Мікалаевіч. — Яшчэ пяць домікаў вырастуць побач праз год.

— Першы вясновы клопат наш — вывазка і ўнясенне на палі арганікі. У гэтай справе найлепшымі сёлета былі трактарысты-машыністы Уладзімір Шаўчук і Іван Жук. За іх плячамі — шмат гадоў працы ў арганізацыі. Вопытныя і надзейныя, — расказвае У.М.Дземідзюк. — Маем самаходны комплекс “Раса”, які добра праходзіць на месцах маладаступных ранняй вясной. На ім выдатна працуе Дзмітрый Яркавец, адзначаны сёлета як лепшы: механізатар унёс мінеральных угнаенняў на 1799 гектарах. Як многім на прадпрыемстве, ягоным рукам падуладны розныя віды тэхнікі, у тым ліку магутны “Ягуар-850”, на якім з вясны да восені нарыхтоўвае кармы.

Палі рунеюць, а значыцца, перад працаўнікамі паўстае новая задача: догляд за пасевамі, што вымагае хімапрацоўкі і ўнясення мінеральных угнаенняў, якія таварыства атрымлівае з айчынных заводаў і дастаўляе непасрэдна ў сельгаскалектывы.

Каб якасна праводзіць хімічную праполку пасеваў, тут прыдбаны комплекс “Мікасан”, на якім апрацавана амаль 11 тысяч га. Надзейная тэхніка знаходзіцца ў працавітых руках Ігара Шаўчука, які пасля службы ў войску, вярнуўся на роднае прадпрыемства.

У ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” два зернеўборачныя камбайны КЗС-10 і КЗС-1218. “За штурваламі караблёў збожжавых палёў” вызначыліся Анатоль Чарняўскі і Уладзімір Дзялец. Яны шчыравалі на жніве ў СВК “Вазнясенскі” і ПУАП “Азяты”. А на ўборцы саломы механізатары райсельгастэхнікі былі задзейнічаны практычна ва ўсіх гаспадарках Жабінкаўшчыны.

— Народ нездарма прыкмеціў: восень — работ восем. Бадай, самая адказная — уборка цукровых буракоў, — працягвае дырэктар. — На адвозцы салодкіх карэнняў было занята 15 аўтамашын, у тым ліку дзесяць вялікагрузных. Нашы вадзіцелі перавезлі ажно 40175 тон, а гэта — 63,1% ад агульнай колькасці ўсіх буракоў, дастаўленых гаспадаркамі раёна на цукровы завод.

Кола работ не спыняецца ні на дзень. Мехатрад у аказанні комплексу паслуг сельскай гаспадарцы пад кіраўніцтвам Сяргея Чарнака аператыўна рэагуе на патрэбы вясковых вытворцаў. Восенню тры звяны ўносілі арганічныя ўгнаенні на палях СВК “Шпіталі”, “Вазнясенскі”, “Маціевічы”, а днямі пачаўся вываз у гаспадаркі торфу, якога паводле рэспубліканскай бюджэтнай праграмы будзе пастаўлена 700 тон.

— Не пакідаем, зразумела, па-за ўвагай і жывёлагадоўчую галіну. Зараз праводзім мантаж абсталявання ў даільных залах на новых комплексах у СВК “Хмелева”, “Арэпічы”, “Шпіталі”, да 1 снежня аналагічныя работы завершым у ААТ “Жабінкаўскі”. З усімі без выключэння гаспадаркамі заключаны дамоўленасці на тэхнічнае абслугоўванне жывёлагадоўчых фермаў. У сваім цэху (ім кіруе Юрый Давыдоўскі) наладзілі выраб стойлавых рам, якімі забяспечваем не толькі фермы Жабінкаўшчыны. Іх ацанілі і набылі некалькі гаспадарак у суседнім Кобрынскім раёне.

— Важнай справай нашы працаўнікі заняты ў гэтыя дні, — сказаў У.М.Дземідзюк, — распачаліся і набіраюць ход рамонтныя работы. Імі кіруе мой намеснік у тэхнічным абслугоўванні і рамонце сельскагаспадарчых машын Ігар Дулевіч. Да новай вясны мы павінны прыйсці “ўзброенымі” на ўсе сто! Такая ў жыцці завядзёнка: вясною думаеш пра восень, а ўвосень — пра вясну…

Анатоль РОСТАЎ.

На здымку: лепшыя трактарысты-машыністы райсельгастэхнікі Анатоль Чарняўскі, Ігар Шаўчук і Уладзімір Дзялец.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top