Як кольца да кольца…

Як кольца да кольца…

У той дзень яго чакала на заводзе начная змена, але Уладзімір Кандрацюк хоць на паўдня, да абеду, скокнуў на сваім легкавіку ў пасёлак Ленінскі. Цяпер тут іхняя дача, а калісьці гэта была сядзіба жончынай роднай цёткі: двор, драўляная хата, хлеў. Цётка Ганна жыла адзінока, хварэла, і сям’я Кандрацюкоў дагледзела яе да канца. Спадчынныя пабудовы Уладзімір Васільевіч падрамантаваў сам, тое-сёе падладзіў і на гэты раз. А парадак у агародзе трымаюць усе: і ён з жонкаю, і дачка, і сын з нявесткаю, і нават малы ўнук Арцём, якому не сядзіцца дома.

Кандрацюк-найстарэйшы любіць зямлю. Яна карміла яго ў маленстве, дапамагла пачаць самастойнае сямейнае жыццё, падняць на ногі дзяцей. Ужо працуючы на Жабінкаўскім цукровым заводзе, садзіўся ў водпуску за штурвал калгаснага камбайна, меў з сям’ёю зямельныя дзялянкі адразу ў трох мясцінах. Ведае цану сялянскай працы, у тым ліку працы буракаводаў. Менавіта на пункце прыёму цукровых буракоў пачынаў сваю рабочую біяграфію, а потым усё больш упэўніваўся, як цукравары даражаць ураджаем земляробаў з тым, каб зберагчы яго, своечасова перапрацаваць, выпусціць высакаякасную прадукцыю.

А яшчэ ён даўно палюбіў тэхніку. Механізатарскія правы атрымаў у школе, пазней, калі пільна трэба было, сваімі рукамі змайстраваў трактар. Пасля службы ў войску вывучыўся на электрыка ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме. Ужо не адзін год працуе электраманцёрам у галоўным корпусе цукровага завода, а тут і мыйка, і дыфузія, і сокаачыстка ды іншыя не менш важныя тэхналагічныя вузлы. Уладзімір Кандрацюк спецыяліст самага высокага, пятага, разраду, і на прадпрыемстве яго неафіцыйна называюць то старшым электрыкам, то брыгадзірам. Яго імя заносілася на Дошку гонару завода і ў Галерэю працоўнай славы раёна. Узнагароджваўся прэміямі і каштоўнымі падарункамі. Мне думалася, што і гонар пачынальніка адной з дынастый цукравараў — за ім.

— Не, — з усмешкай адказаў Уладзімір Васільевіч. — Першай на цукровы завод у Жабінку прыехала з вёскі Вялікі Паўлопаль, што на Маларытчыне, сястра і неўзабаве перавабіла сюды мяне. Зараз яна, Юлія Вяржбіцкая, жыве ў Бярозе і працуе на тамашнім буракапрыёмным пункце лабаранткаю і вартаўніком. Словам, па-ранейшаму завадчанка.

Што ж, як кольца да кольца — ланцужок, як шасцярэнька да шасцярэнькі — гадзіннікавы механізм, так утвараецца і працоўная дынастыя. Сувязным звяном стаў і сам Уладзімір Кандрацюк. Гэта ён настаяў, каб жонка Раіса Мікалаеўна перайшла з газавай гаспадаркі ў райцэнтры да яго на завод. Спраўлялася каля цэнтрыфугі, затым у бухгалтэрыі, цяпер спраўляецца з працаю ў заводскім інтэрнаце. Яна дзяжурная шостага, таксама найвышэйшага, разраду. Хапае клопату, асабліва калі трэба падмяняць тут майстра жыллёва-камунальнага аддзела. Аддала калісьці перавагу прадпрыемству з дзвюх прычын: бліжэй да мужа — раз, па-другое, бачылася перспектыва з жыллём. Атрымалі пакой у гэтым самым інтэрнаце, праз некалькі гадоў — аднапакаёвую і нарэшце трохпакаёвую кватэру, акурат падрасталі дзеці.

Далейшымі звеннямі “ланцужка” сталі яны абое. Мусіць жа, не без іх уплыву адразу пасля школы выбраў прафесію цукравара сын Саша. Папрасіў на прадпрыемстве накіраванне ў Слуцкі каледж харчовай прамысловасці і паспяхова яго закончыў. Вярнуўся, пачаў працаваць і паступіў на завочную вучобу ў Маскоўскі дзяржуніверсітэт тэхналогій і кіравання. З сёлетняга чэрвеня Аляксандр Кандрацюк — майстар службы галоўнага механіка. Аднак і да гэтага спаўна апраўдваў свае дыпломы, нездарма ж у 2007 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

Бацька і сын сустракаюцца не толькі дома або на дачы. Завод — гэта адзін арганізм, адказнасць за яго функцыянаванне агульная для ўсіх службаў. І найцясней яднаюцца іх, Кандрацюкоў, абавязкі ў перыяд міжсезоннага рамонту абсталявання, калі ствараюцца комплексныя брыгады. Уладзімір Васільевіч згадаў сёлетні рамонт: быў ён вельмі напружаны, вёўся паралельна з перапрацоўкай цукру-сырцу. Але справіліся, як і звычайна, хай сабе іншы раз скарыстоўвалі звышурочны час. У гэтым ён зноў і зноў пераконваецца, калі выходзіць у змену. Вось і зараз абышоў разам з іншымі зменшчыкамі электраабсталяванне і застаўся задаволены: збояў не прадбачыцца. Не было іх, па сутнасці, на працягу сезона, што сёлета асабліва важна: створаны вялікі запас цукровых буракоў, і завод працуе інтэнсіўна, штосуткі перакрывае вытворчыя магутнасці.

Кастусь АЛЕСІЧ.

На здымку: Уладзімір Васільевіч, Раіса Мікалаеўна і Аляксандр Кандрацюкі.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top